55 год без Фары Вітаўта: фотавыстава ў Гродна
Некалькі дзесяткаў архіўных здымкаў паказваюць, як выглядаў рыма-каталіцкіі храм, які быў ўзарваны Саветамі 29 лістапада 1961 года.
Фотавыстава, прысвечаная памяці самага велічнага гродзенскага храма, адкрылася 6 снежня 2016 года ў Цэнтры гарадскога жыцця, што знаходзіцца на вуліцы Савецкай ў цэнтры Гродна.
Выстава мае назву “55”, на адкрыццё сабралася вялікая колькасць аматараў гісторыі, краязнаўцаў і журналістаў.
Пра выставу распавядае адзін з яе стваральнікаў гісторык Андрэй Вашкевіч:
— Увогуле здымкаў Фары Вітаўта шмат, іх сотні. Для гэтай выставы мы ўзялі фота, што найбольш яскрава паказваюць Фару Вітаўта ў масштабе горада. Масштабе вуліцаў, шараговай забудовы, тых гарадскіх будынкаў, аб’ектаў, што засталіся на сённяшні момант. Ідэя была ў тым, каб паказаць масштаб Фары Вітаўта. Гэтыя здымкі з розных калекцый: напрыклад, некалькі здымкаў з калекцыі гродзенскага фатографа і збіральніка Яна Лялевіча, з калекцыі Фелікса Варашыльскага, здаецца, нешта ёсць з калекцыі гродзенскага краязнаўцы і журналіста Віктара Саяпіна, многія здымкі з розных польскіх інстытуцый.
Выстава будзе працаваць у Гродна цягам бліжэйшых двух тыдняў — да 19 снежня.
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі