50 тысяч чытачоў — аўдыторыя спартыўных медыя. Журналістам расказалі, як раскачаць аўдыторыю артыкуламі пра спорт
25 студзеня ў Мінску адбыўся трэнінг па спартыўнай журналістыцы. Мерапрыемства арганізавала Маладзечанская філія БАЖ сумесна з прэс-службай ХК «Дынама-Мінск».
Спікерамі выступілі намеснік галоўнага рэдактара pressball.by Юры Доўнар, журналіст onliner.by Мікіта Мелказёраў, начальнік аддзела ўпраўлення маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю «Дынама-Мінск» Раман Стронгін.
Знайсці сваю аўдыторыю
Юры Доўнар распавёў, як спартыўнае медыя працуе з аўдыторыяй і якімі тэкстамі цікавяцца найбольш у Беларусі.
Доўнар акрэсліў, што ў нашай краіне каля 50 тысяч чалавек, якія зацікаўленыя атрымліваць спартыўныя навіны штодзённа. Гэтыя 50 тысяч і складаюць ядро аўдыторыі спартыўных медыя. Для таго, каб зацікавіць яшчэ большае кола, журналісты пішуць каляспартыўныя тэксты.
Адным з самых праглядаемых тэкстаў на партале pressball.by за 2019 год стаў матэрыял пад назвай «Фігурнае катанне і секс непадзельныя. Увядзіце ўжо ўзроставы цэнз!».
Намеснік рэдактара адзначыў, што чытачы праглядаюць матэрыялы перад спартыўнай падзеяй. Напрыклад, анонсы гульняў. А вось справаздачы пасля матчаў выклікаюць меншую цікаўнасць.
Таму асноўныя журналісцкія сілы партала працуюць над анонсамі падзей, матэрыяламі з захапляльнымі фактамі перад гульнямі. Пасляматчавыя справаздачы падаюцца не ў выглядзе тэксту, а як мультымедыя — відэа з нарэзкамі галоў, фотаздымкі і статыстыка з вынікамі.
Што галоўнае ў спартыўным інтэрв’ю
Мікіта Мелказёраў працаваў з інтэрв’ю, таму асноўная тэма выступлення — як зрабіць добрае інтэрв’ю і якіх памылак трэба пазбягаць.
– Падрыхтоўка. Прачытайце як мага больш матэрыялаў і навін пра спартсмена, з якім збіраецеся размаўляць.
– Спытацца пра героя ў калег. Хтосьці з калег можа ведаць важную інфармацыю пра спартсменаў, пра якую нідзе не пісалі, таму варта запытацца і ў іх.
– Праверыць дыктафоны запіс. А яшчэ лепш, калі запіс ідзе не толькі на адной прыладзе. Не заўсёды атрымаецца напісаць тэкст па памяці.
– Спартсмену павінна быць камфортна. Лепш прапанаваць герою выбраць месца, дзе пройдзе інтэрв’ю. У большасці выпадкаў спартсмен будзе адчуваць сябе камфортна ў тым месцы, якое добра ведае.
– Пазбягаць тэлефонных інтэрв’ю. Гэта ў тым выпадку, калі інтэрв’ю, па вашым меркаванні, будзе грунтоўным, а не проста каментар па якой-небудзь падзеі.
– Ці трэба даваць на вычытку? Толькі тады, калі аб гэтым дамовіліся загадзя.
Таксама выступіў начальнік аддзела ўпраўлення маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю «Дынама-Мінск» Раман Стронгін. Стронгін распавёў як працуе прэс-служба хакейнага клуба са сродкамі масавай інфармацыі. Галоўнае — быць адкрытымі. Незалежна ад вынікаў выступлення каманды прэс-служба на сувязі з усімі выданнямі, нават з тымі, хто крытыкуе каманду і клуб.
Таксама ўдзельнікі трэнінгу наведалі матч паміж «Дынама-Мінск» і «Северсталлю».
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае падзяку прэс-службе ХК «Дынама-Мінск» і персанальна Антону Рогачу за дапамогу ў арганізацыі трэнінга.
Фота Юліі Катаржынскай