«4 перон». Як беларусы наладзілі валанцёрскую дапамогу на кракаўскім вакзале
Беларуская праваабаронца і сябра БАЖ Алена Лапцёнак зараз жыве ў польскім Кракаве. Літаральна адразу пасля прыезду, напачатку сакавіка, яна пайшла на кракаўскі чыгуначны вакзал валанцёрыць, бо проста сядзець і чытаць навіны было немагчыма,
Кругласутачны пункт часовага адпачынку пад умоўнай назвай «4 перон» узнік на кракаўскім чыгуначным вакзале больш за 50 дзён таму. Яго паспяховая праца сведчыць, наколькі важнай для ўцекачоў аказалася аператыўная дапамога шматлікіх добраахвотнікаў. У значнай ступені наладжванне працы адбылося дзякуючы высілкамі беларусаў, якія раней таксама вымушана пакінулі сваю радзіму. І хоць цяпер схлынула першапачатковая хваля ўцекачоў, калі людзі спалі на падлозе па ўсім вакзальным будынку, на лесвіцах, «4 перон» застаецца, бо дапамога па-ранейшаму запатрабаваная.
Валанцёры ж за гэты час набылі добры вопыт і ўжо шмат якія пытанні здольныя вырашаць самастойна, ведаюць, куды трэба звяртацца ў розных выпадках. Напрыклад, за вечар здолелі знайсці 1000 долараў на набыццё жыццёва неабходнага апарату для дзіцяці. Маюць шчыльныя кантакты з валанцёрамі ў іншых еўрапейскіх краінах, займаюцца лагістыкай, трансферам, адсочваннем умоваў пражывання ў месцах. І нават закупкай і адпраўкай неабходных рэчаў ва Украіну, зону баявых дзеянняў.
Некаторыя ўцекачы трапляюць на кракаўскі вакзал з іншых польскіх гарадоў. Яны распавядалі, што не сустракалі там валанцёраў і таму не ведалі, куды ісці, што рабіць. Днямі прыехалі дзве жанчыны з чатырма дашкольнікамі. Яны ўжо чацвёртыя суткі трымаюць шлях да Капенгагена — там іх гатовыя прыняць знаёмыя. З Пшэмысля жанчын прывезлі ў Хелм, дзе яны чакалі бясплатны аўтобус. Запісаліся на яго праз інтэрнэт, але па факту іх не ўзялі, не хапіла на ўсіх месца. Прыехалі ў Кракаў, бо нібыта адсюль на раніцу адпраўляўся таксама бясплатны аўтобус, і вельмі баяліся не трапіць і на яго. Валанцёры знайшлі інфармацыю, стэлефанаваліся, размясцілі жанчын з дзецьмі на ноч. Таму радасна было чуць, які кракаўскі пункт дапамогі асаблівы. Не ведаю, як у іншых гарадах, але адназначна магу запэўніць, што тут склаўся вельмі прыязны інтэрнацыянальны асяродак, самаадданы, чуллівы, і гэта аказалася добрым пачаткам жыцця ў новым для мяне горадзе.
Вярнулася адчуванне вясны з малой і вялікай літары.
Я сама прыехала ў Кракаў у апоші дзень лютага. Апоўначы па выхадзе з вагону мяне сустрэлі два хлопца з бэйджыкамі, падхапілі торбы, палічыўшы, відаць, украінскай уцякачкай, дапамаглі зарыентавацца і выклікаць таксоўку. Хлопцы — студэнты Ягелонскага ўніверсітэта, беларус і ўкраінец. Было нечакана і прыемна.
Праз дзень ужо я пайшла на кракаўскі вакзал валанцёрыць, бо проста сядзець і чытаць навіны было немагчыма, ратавалі толькі канкрэтныя дзеянні. Прыйшла і засталася.
У тую маю першую ноч дзяжурства ўкраінскія трэнеры-псіхолагі правялі для нашай валанцёрскай групы кароткі інструктаж: якую эмацыйную рэакцыю можна чакаць ад уцекачоў і як сябе паводзіць. І што 3–4 гадзіны валанцёрства ў надзвычайных умовах максімум, каб не выгараць і аднаўляць рэсурсы арганізма. Толькі па факце большасць валанцёрыла па 8–10 гадзінаў, некаторыя «завісаюць» на 14–15, хтосьці ўжо проста «жыве» на вакзале. Безумоўна, ніхто нікога не трымае, кожны разлічвае свае сілы сам.
Размешчаны ў двухстах кіламетрах ад украінскай мяжы, Кракаў з пачатку расійскай агрэсіі прыняў значную колькасць уцекачоў, і вакзал аказаўся ў эпіцэнтры падзеяў. 27 лютага з памежнага Пшэмысля сюды прыбыў набіты бітком змучанымі людзьмі цягнік. Разлічаны на 300 пасадачных месцаў, у ім стоячы змясцілася каля 600. На той час на выезд з Украіны былі моцныя заторы, шмат хто выбіраўся некалькі сутак, ішоў пешшу. У пошуках прытулку ад вайны хтосьці планаваў ехаць далей, хтосьці не ведаў, куды рухацца. Напачатку варта было даць магчымасць ім крыху адпачыць, прыйсці ў сябе. Тады ж на кракаўскі вакзал прывезлі і паставілі раскладанкі ад ваяводы. На пасяленне, у касы, прыбіральню ўтвараліся вялізарныя чэргі. Дзеці, цяжарныя, людзі сталага ўзросту, з хатнімі гадаванцамі — уцекачы прыязджалі ў такім стане, што на іх цяжка глядзець было, некаторыя проста падалі ад стомленасці. Колькасць тых, каму патрабавалася дапамога, штодня павялічвалася, прыбывалі новыя цягнікі.
Спачатку пачакальня для ўцекачоў знаходзілася толькі на 4 пероне, вядома ж, не на самім пероне, а ў будынку вакзалу ў памяшканні 300–400 кв.м. паміж выхадамі на перон. Людзей хутка рассялялі ва ўніверсітэцкія інтэрнаты, потым размяшчалі па сем’ям, прыватным кватэрам. Пасля таго, як стаў вядомы факт згвалтавання ў Вроцлаве, ужонд перастаў сяліць да прыватных асоб, заставаліся толькі хостэлы і санаторыі. Рассяленне зацягвалася, людзі гадзінамі вымушаныя былі заставацца на вакзале. Тады з’явіліся дадатковыя пункты часовага прытулку ў чаканні ад’езду.
Акрамя таго, першыя тыдні менавіта рускамоўныя валанцёры спрыялі камунікацыі, бо паразумецца з палякамі большасці ўцекачоў праблематычна. Той, хто размаўляе па-польску, дзяжурыць на касах, перакладае. Акрамя самаарганізаванага валанцёрскага пункта «4 перон» на вакзале аказваюць дапамогу польскія арганізацыі Карытас, Чырвоны крыж, Саюз польскіх харцэраў (польская нацыянальная скауцкая арганізацыя) і іншыя. Але ж моўнае пытанне застаецца перашкодай.
Калі мяне 3 сакавіка дадалі ў валанцёрскі чат, у ім было каля 60 чалавек, сёння больш за 400. Праўда, стала дзяжураць, пэўна, не больш за 100. Напачатку кожнаму новаму тлумачылі, што і як рабіць, потым распрацавалі памяткі, інструкцыі, з’явіліся графікі дзяжурстваў, каардынатары змен і г.д. — праца структурызавалася фактычна на маіх вачах.
Вялікая роля ў наладжванні дзейнасці вакзальнага валанцёрскага пункту «4 перон» належыць энергічнай, з выдатнымі арганізатарскімі і чалавечымі якасцямі беларусцы, якая сама прыехала ў Кракаў толькі летась. «Хто першы халат надзеў, той і доктар, — смяецца Вера. Бярэшся — рабі». Што яна беларуска, я даведалася толькі праз пэўны час.
Упершыню я пабачыла Веру, калі толькі прыйшла ўначы валанцёрыць на вакзал. Няўлоўная дзяўчына з пачырванелымі вачыма ад бяссоння: яна тут — і ўжо праз хвіліну дзесьці знікла, ізноў тут. Невысокая, хударлявая, чарнявая, з азіяцкімі рысамі твару. Спачатку Вера ўзялася каардынаваць толькі начныя змены з 22 да 7 раніцы, за дзённых валанцёраў адказваў нехта іншы. Але хутка стала зразумела, што патрэбна агульная каардынацыя, бо калі на сёмую раніцы змены няма ці прыходзіць мала валанцёраў, ты застаешся да ўпору. Так Вера пачала каардынаваць усе змены, з’яўлялася ў любы вольны час пры магчымасці, хоць акрамя валанцёрства мае працу і сям’ю. Па дамоўленасці з мужам, нягледзячы на наяўнасць цяжкой фізічнай працы, ён з 24 лютага цалкам узяў на сябе ўсю хатнюю гаспадарку.
«Мы прыйшлі сюды ў выходныя, а да гэтага два дні чыталі навіны. Я ўвогуле не магла спаць, толькі са снатворнымі. Трэба было нешта рабіць, каб не звар’яцець. Я загугліла, дзе знаходзіцца бліжэйшы валанцёрскі цэнтр, хоць ніколі ў жыцці не валанцёрыла. Даведалася, што дапамога патрэбная на вакзале, і прыйшла», — згадвае Вера з чаго ўсё пачыналася. Нагрузка ў першыя дні была вялікая: і фізічная, і псіхалагічная. Кажа, калі вярталася дадому — плакала, маральна цяжка было вытрымліваць. А цягнікі ехалі і ехалі… Неяк пасля ночы стаяла каля пад’езду і не магла ўзгадаць код ад дамафону.
Тата Веры чыстакроўны карэец, яе дзед выхадзец з Паўночнай Карэі, а бабуля – з Паўднёвай, жылі ў Ахоцку, Хабараўску. Бацькі Веры пазнаёміліся ў Магадане, куды брэсчанка паехала працаваць пасля заканчэння наргасу. Там маладыя спецыялісты пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка, адзіная ўнучка ў шматдзетнай карэйскай бацькавай сям’і. Сярод маціных продкаў таксама былі палякі, татары. Узаемаадносіны і традыцыі — асобная цікавая гісторыя Верынай біяграфіі. Пасля развалу СССР яе бацькі прыехалі ў Беларусь на радзіму маці.
Вера адчувае сябе выключна беларускай. Кажа, што вырасла на песнях «Крыві», «Троіцы», у той час як яе аднакласнікі слухалі «Сектар Газа». І хоць любоў да беларускай мовы, фальклору, культуры ў яе яшчэ ад школьных настаўнікаў, якіх згадвае з вялікай цеплынёй, толькі ў 20‑м годзе ўсвядоміла сваю нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве і студэнцтве з‑за сваёй карэйскай знешнасці сутыкалася і з булінгам, і з дыскрымінацыяй.
Вера цікаўны чалавек, з дзяцінства хадзіла паўсюль: ад спартовых спаборніцтваў да драмгуртка і этнаграфічнага хора, выступала ў беларускім народным строі. Выдатніца, яна хацела пасля атрымання атэстату ісці на рэжысуру, але Мінск падаўся дарагім і недасяжным горадам. Таму Вера скончыла філфак у брэсцкай ВНУ, хоць яе мама, галоўны бухгалтар, заўсёды раіла сваю прафесію, здольную пракарміць ва ўсе часы. Пасля замужжа і нараджэння дзіцяці Вера крыху засумавала і, пакуль была ў дэкрэце, скончыла бухгалтарскія курсы пры БНТУ. «Я люблю вучыцца, гэта маё самае галоўнае хобі, мне сумна рабіць нешта аднастайнае», — прызнаецца Вера. Потым яна атрымала другую вышэйшую адукацыю, працавала эканамістам, пазней галоўным бухгалтарам ў Цэнтры іміджа. Засвоіла мастацтва макіяж, скончыла цырульніцкія курсы, трэнерскія, стала сама выкладаць, пачала пісаць падручнік для сваіх навучэнцаў.
Нягледзячы на тое, што апошнія 10 год Вера будавала сваю кар’еру як цырульніца, яна кажа, што лёгка мяняе прафесію: «Калі я буду бачыць перспектыву, што мы патрэбны, што я магу займацца грамадскай справай, я гатовая сысці з салону і перайсці ў грамадскую сферу. У планах ёсць жаданне працягнуць працу па пэўных кірунках, толькі гэта ўжо мусціь быць не простым валанцёрствам на добраахвотных пачатках з тымі намаганнямі, якія мы прыкладаем цяпер, ахвяруючы цалкам асабістым жыццём. Хацелася б, каб гэта стала паўнавартаснай працай».
Беларуска Марына каардынуе інфармацыйны пункт валанцёраў на аўтавакзале. У Мінску яна працавала кіраўніцай аддзелу, вельмі актыўная, добразычлівая, вытрыманая і ўважлівая. Пасля пачатку вайны хадзіла па розных лакацыях у Кракаве і шукала, дзе можа быць карыснай, бо ў сацсетках яе няма, іншых крыніц інфармацыі не мае, толькі праз знаёмых. Сама ад шоку не адразу дадумалася пайсці на вакзал. Калі ж сюды прыйшла, яе дадалі ў два розных чата, а яна не разабралася, што гэта розныя пункты, і атрымалася блытаніна.
Марына каардынуе інфармацыйны пункт валанцёраў на аўтавакзале.
«Я маю два вольных дня на тыдзень, калі магу прыходзіць, таму запісалася загадзя на дзяжурства, аказалася, што я прыйшла не туды, дзе мяне чакаюць. Зразумела, ніхто не быў гатовы да таго, што адбываецца, мы спрабуем арганізоўвацца, але не ўсё адразу ўдаецца, вырашыла наводзіць парадак».
Так Марына ўзялася каардынаваць аказанне дапамогі ў другім валанцёрскім пункце. Па самых частых пытаннях яна падрыхтавала метадычку: дзе і як купіць квіткі, расклад адпраўленняў з платформаў, а таксама куды ісці, дзе легалізавацца, атрымаць песэль і іншыя.
Вызваленая пачакальня перад дэзінфекцыяй
Таццяна жыве з сям’ёй у Кракаве з верасня ў звязку з рэлакацыяй мужа па працы. Калі пачалася вайна, убачыла ў чаце беларусаў паведамленне, што вельмі патрэбныя валанцёры, не хапае рускамоўных людзей. Жанчына мела вольны час, таму прыйшла ўвечары.
«Мне сказалі, што лепш прыйсці ўначы, тады найбольш запатрабаваныя валанцёры. Так вось і хажу дзяжурыць з 1 сакавіка праз ноч, каб хоць адну нармальна дома паспаць. Неяк я дзяжурыла на невялікім спальным пункце, пакой маці і дзіцяці, як мы яго называем «яслі». Там была жанчына з дзвюма дзяўчынкамі, адной каля 10 год, другой каля шасці. Яны выбіраліся з Украіны праз Румынію. Гэта было 6–7 сакавіка, выехалі яны з дому 1‑га, і ўвесь гэты час знаходзіліся ў дарозе. Жанчыне трэба было ў Варшаву. Выязджала яна першапачаткова на аўтобусе маршрутам Львоў-Варшава, але паехалі чамусьці праз Румынію. За 5 дзён яна ні разу не клалася спаць, толькі так, седзячы дзе-нідзе. Яна распавядала надзвычайную гісторыю, як іх шмат гадзінаў пратрымалі на мяжы, потым аўтобус паехаў у нейкі шпіталь. Там сказалі, што ў каго няма замежных пашпартоў, будуць афармляць дакументы, а ў яе якраз тыя пашпарты былі. Яна некалькі гадзін чакала, каб ёй іх вярнулі, потым ішла 5 км з дзецьмі і рэчамі да электрычкі, каб трапіць у нейкі горад, адкуль змагла дабрацца да Будапешта. У дарозе не было што есці, бо грошы мела толькі грыўны, за якія купіць нічога нельга, прасіла розных людзей купіць дзецям хоць штосьці.
Толькі праз пяцёра сутак з апошніх сіл яны здолелі трапіць у Кракаў. То столькі шчасця было, што можна проста легчы і адаспацца перад тым, як далей паехаць на Варшаву».
Беларускія валанцёры пазначаюць сябе. З адмоўнай рэакцыяй з боку ўкраінскіх уцекачоў сустракацца не даводзілася
Каардынуюць змены на «4 пероне» мае суайчыннікі Андрэй, Аляксей, Дэвід, Яна. Іншыя бяруць менш на сябе абавязкаў. Унёсак беларусаў, якія ўвайшлі ў гэтую вакзальную валанцёрскую групу па аказанню дапамогі ўкраінскім уцякачам, значны, хоць не кожнага ўбачыш на старонцы створанай фб-суполкі. Валанцёры ўкраінцы спачатку здзіўляліся, чаму ў беларусаў закрытыя профілі ў сацсетках, няма фотак на аватарках, не разабраць, хто ёсць хто. Цяпер ведаюць, адкуль такая асцярожнасць. А беларусы добра ведаюць кошт супраціву таталітарнай уладзе, застаюцца вернымі сваім перакананням, далучаюцца да мясцовых супрацьваенных акцый, працягваюць ладзіць свае. Бо прагнуць свабоды для роднай краіны, якую не ўдалося атрымаць у 2020‑м. Перамога Украіны ў вайне дае надзею на лепшую будучыню і Беларусі таксама.
Дзіцячыя малюнкі
Увесь цывілізаваны свет захапляецца мужнасцю і гераізмам украінскага войска, вымушанага прыняць увесь шквал расійскай агрэсіі на сябе. Захапляецца моцным духам украінскага народу, які прадэманстраваў неверагодную нязломнасць гэтай нацыі. Першы шок прайшоў, цяпер жа штодня мы бачым факты жудасных злачынстваў расійскіх захопнікаў, абвясціўшых так званую «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю» Украіны з мэтай «абароны рускамоўнага насельніцтва». Але менавіта яны здзяйсняюць сапраўдны генацыд і катуюць мірных жыхароў, ды яшчэ займаюцца марадзёрствам. Вайна — гэта заўсёды ахвяры, знішчэнне, калецтва, голад і пакуты, боль, страх і смерць. І з гэтым немагчыма ні змірыцца, ні прызвычаіцца, ніколі!