• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    34 хвіліны ў прайм-тайм: як Лукашэнка (не) карыстаецца ТБ-эфірам для агітацыі

    28 ліпеня альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі другі (і апошні) раз выступілі са сваімі зваротамі па дзяржаўным тэлебачанні. У кожнага быў ліміт выступу ў паўгадзіны, аднак ніхто не скарыстаўся гэтым часам напоўницу. Даўжэй за ўсё на экране бліскала і піла вадзічку Ганна Канапацкая — 24 хвіліны 30 секунд, а самым хуткім аказаўся Сяргей Чэрачань —16 хвілін 30 секунд. Святлана Ціханоўская і Андрэй Дзмітрыеў справіліся за 22 і 24 хвіліны адпаведна.

    Выбарчы кодэкс прадпісвае СМІ даваць аднолькавы эфірны час усім кандыдатам у прэзідэнты. Але ў тэлевізійным парадзе кандыдатаў ні першы, ні другі раз не ўдзельнічаў Аляксандр Лукашэнка — ён ад агітацыйных эфіраў адмовіўся. Здавалася б, альтэрнатыўныя кандыдаты атрымалі перавагу… Але ці так гэта? Колькі хвілін яны правялі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, вы ўжо ведаеце. А колькі хвілін было прысвечана кіраўніку Беларусі?

    Не толькі “Беларусь 1”

    Лукашэнку нішто не перашкаджае з’яўляцца на экране і без афіцыйнай агітацыі. Апошнім часам без яго абыходзіцца рэдкі навінавы выпуск на «Беларусь 1», АНТ і СТВ. Вывучым прайм-тайм беларускіх каналаў.

    Выніковы выпуск праграмы «Нашы навіны» на канале АНТ выйшаў у 20:30. Першы ж сюжэт прысвечаны візіту Аляксандра Лукашэнкі ў частку 3214 унутраных войскаў МУС, дзе акрамя іншага прагучала ягоная заява аб тым, што ён бессімптомна перахварэў на каранавірус.

    Працягласць — 10 хвілін 28 секунд.

    Праграма «Панарама», якая выходзіць на «Беларусь 1» у 21:00, таксама пачынаецца з сюжэту пра тое, як кіраўнік дзяржавы наведвае сілавікоў. Працягласць — 12 хвілін 15 секунд.

    На дапамогу тым, хто прапусціў папярэднія выпускі, у 22:30 прыходзіць тэлеканал СТВ. У 20-хвіліннай праграме «Навіны «24 гадзіны» Лукашэнку, вайсковай частцы 3214 і бессімптомнаму каранавірусу аддадзеныя 11 хвілін 21 секунда.

    Разам — 34 хвіліны і 2 секунды. І гэта толькі ў вечаровы час! З’яўленне Лукашэнкі ў кароткіх дзённых выпусках навін на ўсіх трох ТБ-каналах мы не ўлічвалі.

    На Youtube — без альтэрнатыўных кандыдатаў

    Усе навінавыя выпускі мы паглядзелі на афіцыйных YouTube-каналах «Агульнанацыянальнага тэлебачання», «Агенцтва тэлевізійных навін» і «Сталічнага тэлебачання». А вось выступы альтэрнатыўных кандытатаў на канале АНТ, дзе публікуюцца выпускі навін «Беларусь 1», заліць чамусьці забыліся.

    30 ліпеня кандыдаты ў прэзідэнты зноў трапяць на экраны дзяржаўнага тэлебачання. Увечары гэтага дня пройдуць іх тэледэбаты. Ад удзелу ў іх адмовіўся не толькі Аляксандр Лукашэнка, але і Ганна Канапацкая. Першы, як мы памятаем, агітацыяй не карыстаецца. А экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у дэбатах без «адзінага моцнага саперніка».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці