Мінінфармацыі ўнесла ў «экстрэмісцкі спіс» Telegram-бот і старонку «ВКонтакте» праекта «Народный Репортер»
Апошнія абнаўленні ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма былі апублікаваныя 19 жніўня.
Паводле рашэння суда Пінскага раёна і г. Пінска ад 15 жніўня, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў сёння дададзеныя Telegram-бот пад назвай «Народный Репортер бот» (ідэнтыфікатар @narodny_reporter_bot) і старонка «Народный репортер» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/club10308525).
Раней, 19 чэрвеня, суд Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці пастанавіў лічыць экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй змест групы «Народный Репортер» у сацсетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар m.ok.ru/narodnyreporter). За чатыры дні да гэтага суд Пінскага раёна і г. Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў экстрэмісцкай старонку NARODNYREPORTER у сацсетцы TikTok. 4 червеня ў экстрэмісцкі спіс Мінінфарма быў уключаны Telegram-канал «Народный репортер».
«Народный репортер» — гэта медыяпраект, які заснавалі брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Абодва — былыя палітычныя вязні. Яны распавядаюць пра асноўныя сацыяльна-палітычныя падзеі ў Беларусі, выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, мэсэнджары і іншыя інтэрнэт- рэсурсы.
8 траўня 2024 года Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прызнала «Народный репортер» экстрэмісцкім фарміраваннем. У рашэнні былі названыя прозвішчы аўтараў праекта Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна як удзельнікаў фарміравання. Быў згаданы таксама цэлы шэраг сацыяльных сетак і іншых рэсурсаў, праз якія, паводле МУС, блогеры займаліся «арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыяй і абразамі службовых асобаў».
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя і два лагатыпы: «ў выглядзе рупара чырвонага колеру са змешчанай унутры гарызантальнай рунай молніі чырвонага колеру» і «ў выглядзе бясформеннай плямы чырвонага колеру з размешчаным зверху сімвалам кнопкі «Play» чырвона-белага колеру».