300 кіламетраў у падтрымку палітвязняў: Пілігрымка Аляксандры Мамаевай
Замежнікі не разумеюць, чаму фотаздымак на фоне бел-чырвона-белага сцяга можа надоўга закрыць ім шлях у Беларусь.
Ці можна сумясціць прыемнае з карысным? Аказваецца, можна, нават у нашы смутныя часы.
Так зрабіла Аляксандра Мамаева, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, кіраўніца Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады, якая выправілася ў пілігрымку Шляхам святога Якава. А заадно паспрабавала прыцягнуць ўвагу да праблемы беларускіх палітвязняў і сабраць для іх дапамогу.
БАЖ пагутарыў з Аляксандрай Мамаевай, якая зараз знаходзіцца на шляху ў іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла.
— Вы праводзіце эстафету ў падтрымку палітвязняў ў рамках кампаніі «Галасы праз межы». Што гэта за кампанія?
— Эстафета – гэта ідэя Народных амбасадаў разам са Службай хуткай гуманітарнай дапамогі, куды ўваходзяць чатыры арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням. Гэтая эстафета мае дзве задачы. Па-першае, зламаць асацыятыўны ў замежнікаў брэнд «Беларусь – роўна Лукашэнка», паказаць ім, як сапраўды выглядае наша краіна — гэта цудоўныя людзі, гісторыя, культура, музыка, кухня і гэтак далей, і таксама распавесці пра той жах, што зараз адбываецца ў Беларусі. А па-другое, гэта, канешне ж, падтрымка беларускіх палітзняволеных і збор ім на дапамогу.
Эстафета пачалася ў кастрычніку і завершыцца вялікім мерапрыемствам 18 снежня. Далучыцца да эстафеты можа асоба, суполка, дыяспара, арганізацыя, як публічна, так і не. Галоўная ідэя палягае ў тым, што дыяспары могуць удзельнічаць у эстафеце ў тым фармаце, які ім больш пасуе.
Гэта цэлая серыя мерапрыемстваў: выставы, паказы фільмаў, прэзентацыі кніжак, тэатральныя пастановы і іншае. Напрыклад, плануем зрабіць Дзень дранікаў у Славеніі. Але мы праводзім эстафету не столькі для беларусаў, колькі для замежнікаў у нашых краінах. Мы расказваем пра Беларусь і просім іх падтрымаць палітзняволеных.
«Я іду адна, але кожны дзень размаўляю з пілігрымамі»
— У якія трушчобы вы забраліся цяпер, што нават інтэрнэт не цягне?
— Славенія — маленькая краіна, мне заўсёды цяжка там рабіць вялікія праекты: дыяспара нешматлікая, не заўсёды ўдаецца прыцягнуць увагу славенцаў. Таму я вырашыла прайсці шлях El Camino de Santiago (Шлях святога Якава) – гэта 300 кіламетраў пешшу ў падтрымку Беларусі і беларускіх палітзняволеных. Гэта стары – больш за тысячу год – пілігрымскі маршрут, які вядзе ў іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла амаль з усіх краінаў Еўропы.
А я зараз на «Французскім каралеўскім шляху» – мабыць, самым папулярным, па якім ідзе ці не большасць пілігрымаў. Шляхам El Camino de Santiago штогод праходзіць больш за паўмільёна чалавек, — гэта выдатная магчымасць размаўляць з людзьмі і распавядаць ім пра Беларусь.
— Вы самастойна ідзяце свае 300 кіламетраў ці ў кампаніі?
— Я іду адна з Ліёна да Санцьяга-дэ-Кампастэла, стартавала адна. Але трэба сказаць, што на гэтым шляху цяжка быць адной: мы ідзем разам з іншымі пілігрымамі. Нехта прайшоў ужо 600 кіламетраў з Сен-Жан‑П’е‑дэ-Пора (гэта на мяжы Францыі і Іспаніі), нехта далучаецца толькі на апошнія 100 кіламетраў.
Я іду адна, але кожны дзень маю гутаркі з пілігрымамі. У мяне на заплечніку вісіць невялікі плакат з QR-кодам, па якім можна прайсці і паглядзець інфармацыю пра эстафету і пра збор.
Звычайны дзень у дарозе
— Апішыце, калі ласка, як праходзіць звычайны светлавы дзень беларускага пілігрыма ў Славеніі?
— Гэта маё пятае El Camino de Santiago: я хадзіла гэтым маршрутам і 12 гадоў таму. Таксама мы з мужам выбралі партугальскі шлях, хадзілі па такім шляху у Славеніі пяць год таму – пачынала ад мяжы з Францыяй.
Увесь шлях займае каля шасці тыдняў: у мяне ніколі не было столькі вольнага часу, звычайна выдаецца вольных два—тры тыдні, таму я гэты шлях адольваю па кавачалках.
Я звычайна прачынаюся недзе а шостай — а палове на сёмую, хуценька снедаю (ці снедаю ўжо па дарозе). Мне падабаецца рухацца як мага раней, яшчэ да світанку. Сустракаеш у дарозе ўсход, назіраеш, як прачынаецца прырода, птушкі пачынаюць спяваць.
Звычайна да сняданку я праходжу 5—10 кіламетраў, потым раблю невялікі перапынак – перадыхнуць, выпіць кавы, можа, з некім паразмаўляць – і потым зноў 10—15 кіламетраў хады. У сярэднім недзе атрымліваецца 20—25 кіламетраў на дзень, часам 30, але такую дыстанцыю я адольвала толькі двойчы.
Першыя дзесяць кіламетраў праходзяць лягчэй. Затым я стараюся кожныя 5 кіламетраў рабіць невялікія перапынкі: магу і ў кавярні спыніцца, магу паабедаць, а можна зладзіць невялікі пікнік прама на ўзбочыне, як у Стругацкіх.
Ёсць шмат месцаў для пілігрымаў, дзе можна пасядзець, ёсць сажалкі, спецыяльныя фантанчыкі, каб набраць вады. Ёсць вельмі прыемная штука, калі робяць невялікія ванны, каб пілігрымы маглі памыць ногі, астудзіць. 20—30 хвілін адпачынку – і можна ісці наступныя пяць кіламетраў.
Гарадок Вілафранка дэль Б’ерса з цудоўным альбергем, велічнай царквой і замкам на гары. Фота: з асабістага архіва гераіні
На месца я прыходжу а другой ці а чацвёртай – залежыць ад колькасці пройдзеных кіламетраў. Жывуць пілігрымы звычайна ў альберге (аlbergue) – гэта адмысловыя хостэлы, куды могуць трапіць толькі пілігрымы. Існуе адмысловы пашпарт пілігрыма – сredencial, у ім ставяць спецыяльную пазнаку.
Гэта звычайны хостэл з двухпавярховымі ложкамі: засяляешся, прымаеш душ, крыху адпачываеш. Але недзе заўсёды знаходзяцца сілы, каб пайсці яшчэ пагуляць па гораду, пафатаграфаваць – так незаўважна праходзіш яшчэ 2—3 кіламетры. І, канешне, вячэра: часта ў горадзе сустракаеш пілігрымаў, з якімі ішлі разам па маршруце, — пасядзець з імі, пагутарыць, выпіць віна. І спаць досыць рана – звычайна каля 9‑й. Вось такі звычайны дзень пілігрыма.
Пагружэнне ў беларускую рэальнасць
— З кім вы размаўляеце пра Беларусь, пра палітвязняў?
— Гэта пілігрымы, бо ў іх ёсць час. А мой плакат зроблены і на англійскай, і на іспанскай мовах. Звычайна пілігрымы чытаюць надпіс, падыходзяць, пытаюць, часам я сама пачынаю размову.
Тут вельмі многа людзей з Паўднёвай Карэі, з Кітая, з Японіі, з Іспаніі, Італіі, з Амерыкі, з Бразіліі – атрымліваецца такі міжнародны праект. Я маю невялікія ўлёткі з QR—кодам, якія магу раздаваць і прасіць людзей падтрымаць палітвязняў. І прашу людзей сфагаграфавацца ў падтрымку Беларусі: здымкі публікуюцца ў маіх сацыяльных сетках і на сайце праекта.
Я заўсёды папярэджваю спадарожнікаў: зараз вы сфатаграфаваліся з экстрэмісцкім сцягам – цяпер вам нельга ў Беларусь. Для замежнікаў гэта становіцца шокам. Калі проста распавядаеш пра палітзняволеных, пра рэпрэсіі – гэта адно, а калі сцяг становіцца пагрозай, людзі сапраўды не разумеюць.
І пытаюцца: дык што, нам цяпер нельга ў Беларусь? Можна, адказваю, але фотаздымак трэба выдаліць ці ўвогуле не публікаваць. Адбываецца пагружэнне ў беларускую рэальнасць.
— Дык пераважная большасць спадарожнікаў нават не чула пра існаванне Беларусі?
— Частка можа і не чула, але калі кажаш, што Беларусь знаходзіцца на мяжы Польшчы і Украіны (я адмыслова стараюся не згадваць Расію, падкрэсліваю, што гэта Еўропа – мяжа Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі), то многія разумеюць, дзе гэта. Нехта чуў пра дыктатарскі рэжым у Беларусі, але амаль ніхто, акрамя палякаў, не разумее, якая насамрэч сітуацыя ў краіне і што там адбываецца.
— Пілігрымы данацяць беларускім палітвязням?
— Многія спадарожнікі скануюць QR—код, пераходзяць на Байсол, на платформе якога адбываецца збор, абяцаюць падтрымаць. Але пра канкрэтныя сумы данатаў трэба пытацца ў арганізатараў збору.
— Ці даюць размовы пра беларускіх палітвязняў і акцыі салідарнасці плён? Што падказвае вам досвед?
— Пытанне ў тым, а якога плёну мы чакаем? Сустрэча з палітыкамі, якія могуць нешта зрабіць, проста застаецца размовай. Але трэба нават распавядаць пра саму сітуацыю, а ці будуць данаты ці не – цяжка сказаць.
Для мяне гэта падарожжа само па сабе цікавае, бо стала сямейнай традыцыяй. Проста сёлета я вырашыла сумясціць падарожжа і прыцягнуць увагу да Беларусі.
Усю інфармацыя пра мерапрыемствы Міжкантынентальнай эстафеты ў падтрымку Беларусі можна знайсці на сайце і ў сацсетках: Instagram і Facebook.