23 лістапада – Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў (+ ТЭКСТ ЗАЯВЫ БАЖ і ПЕРАДГІСТОРЫЯ ДАТЫ)
БАЖ* патрабуе аднавіць расследаванне крымінальных спраў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай і правесці дадатковае празрыстае расследаване абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.
З нагоды гэтай даты, абвешчанай Міжнароднай асацыяцыяй у абарону свабоды слова (IFEХ), Праўленне ГА «БАЖ» прыняло адмысловую заяву, копіі якой былі накіраваныя генеральнаму пракурору РБ і міністру ўнутраных спраў.
Акрамя заявы, генеральнаму пракурору накіраваныя таксама вытрымкі з дакладу міжнародных арганізацый «Article19» і «International Media Support» — «Адсутнасць правасуддзя для журналістаў ва Украіне, у Беларусі і Расіі» (верасень 2011).
Заява ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
з нагоды
Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю
Па ініцыятыве Міжнароднай асацыяцыі ў абарону свабоды слова (IFEХ) 23 лістапада абвешчаны Міжнародным днём барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў.
Паводле падлікаў арганізацыі, за апошнія 10 гадоў у свеце было забіта больш за 500 журналістаў. У 9‑і з 10‑і выпадкаў забойцы застаюцца на волі.
На жаль, прыклад Беларусі цалкам пацвярджае гэтую сумную статыстыку. За апошнія 10 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, так і справы, у якіх нібыта пастаўлена кропка, але якія пакідаюць шмат пытанняў без адказаў.
Справа Завадскага
7 ліпеня 2000 года знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ, грамадзянін Беларусі Дзмітрый Завадскі. Цела Завадскага так і не знайшлі, і праз тры гады пасля знікнення ён быў афіцыйна абвешчаны памерлым. За забойства, аднак, ніхто так і не быў прыцягнуты да адказнасці — толькі за выкраданне. (У 2002 годзе супрацоўнікі спецпадраздзялення «Алмаз» Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) Валерый Ігнатовіч і Максім Малік былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз — на 25 гадоў пазбаўлення волі, а тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін — на 12 гадоў пазбаўлення волі.) Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў. У 2004 годзе Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю, якая грунтавалася на даследаванні спецдакладчыка ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдэса аб зніклых у Беларусі людзях. Паводле дакумента, «на самым высокім дзяржаўным узроўні былі прынятыя захады дзеля хавання сапраўдных абставін знікнення» Завадскага, і «можна падазраваць вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы ў спрычыненасці да гэтых знікненняў». ПАСЕ патрабавала правесці незалежнае расследаванне магчымай ролі ў злачынстве тагачаснага генеральнага пракурора Віктара Шэймана, тагачаснага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Юрыя Сівакова і былога камандзіра міліцэйскага палка спецыяльнага прызначэння Дзмітрыя Паўлічэнкі. Аднак гэтага так і не было зроблена.
Справа Чаркасавай
20 кастрычніка 2004 года ў асабістай кватэры была забітая карэспандэнтка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытываліся крымінальным вышукам ў сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай. Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, праведзенага калегамі В. Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Следства па гэтай крымінальнай справе ў чарговы раз прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
Справа Гроднікава
У кастрычніку 2005 года ў сваім доме ў Заслаўі быў знойдзены мёртвым пазаштатны журналіст недзяржаўнай газеты «Народная воля» Васіль Гроднікаў. На галаве ў забітага была кроў, крывавыя плямы былі таксама на сценах і зламаным зэдліку. Судмедэкспертыза Мінской абласной клінічнай лякарні паказала, што журналіст памёр ад чэрапна-мазгавой траўмы ў выніку «кантакту з тупым прадметам». Тым не менш, Мінская раённая пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце яго смерці, заявіўшы, што яна была негвалтоўнай. Сваякі і калегі Гроднікава версію следства ставяць пад сумнеў. Яны не выключаюць, што смерць была звязана са зборам матэрыялу для публікацыі з серыі «Кідалы», дзе не ў лепшым святле фігуравалі такія ведамствы, як КДБ і МУС. Журналісты, якія пабывалі ў доме Гроднікава пасля забойства, звярталі ўвагу на шматлікія сляды крыві ў розных пакоях памяшкання. На іх думку, гэта стварала ўражанне прысутнасці пабочных асобаў і вымагала ўзбуджэння крымінальнай справы.
Справа Бябеніна
У верасні 2010 года пры падазроных абставінах загінуў заснавальнік і галоўны рэдактар сайта Charter97.org Алег Бябенін. Яго цела знайшлі павешаным ў загарадным доме непадалёк ад Мінска. Праверку абставін смерці журналіста праводзіла пракуратура Мінскай вобласці. Следчыя заявілі, што на целе журналіста не было знойдзена ніякіх слядоў гвалту. Перадсмяротнай запіскі выяўлена не было. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці адмовіліся, спыніўшыся на версіі самагубства. Запрошаныя эксперты АБСЕ пагадзіліся з афіцыйнай версіяй, аднак падкрэслілі, што не мелі паўнамоцтваў праводзіць уласнага расследавання, а толькі пераглядалі матэрыялы расследавання беларускіх уладаў. Эксгумацыі цела Алега Бябеніна не праводзілася. Многія калегі і сябры Бябеніна з версіяй самагубства катэгарычна не згодныя. Тыя з іх, хто быў на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Журналісты падкрэсліваюць, што Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 снежня — лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Некалькі журналістаў, якія публічна выказвалі сумневы ў афіцыйнай версіі, атрымалі пагрозы.
Як бачым, грамадскасць і калегі небеспадстаўна працягваюць задавацца шэрагам пытанняў:
— Чаму паводле дзіўнага збегу абставін усе загінулыя былі прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ?
— Хто замовіў і выканаў гэтыя злачынствы, ці — калі браць пад увагу версіі самазабойства Бябеніна і Гроднікава — хто падштурхнуў журналістаў да звядзення рахункаў з жыццём?
— Чаму ні грамадскасць, ні сваякоў загінулых не інфармуюць пра ход следства па незавершаных крымінальных справах?
Беспакаранасць знікненняў, забойстваў і замахаў на журналістаў непазбежна спараджае атмасферу страху сярод прадстаўнікоў беларускіх СМІ і дае магчымасць злачынцам адчуваць уседазволенасць.
Акрамя таго, гэта парушае міжнародна-прававыя абавязальніцтвы Беларусі па міжнародным і еўрапейскім заканадаўстве ў галіне правоў чалавека — у прыватнасці, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе права на жыццё, права не падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню, а таксама свабоду выказвання меркавання.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртаецца да Генеральнай пракуратуры РБ і Міністрства ўнутраных спраў РБ з патрабаваннямі:
— Аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай. Даць сваякам, калегам і грамадству адказы на пытанні — хто забіў журналістаў і хто з’яўляецца заказчыкамі гэтых злачынстваў;
— Правесці дадатковае празрыстае расследванне абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.
Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»
22.11.2011
Сёння ж а
Са свайго боку, ГА «БАЖ» таксама накіравала петыцыю ў амбасаду Украіны ў Мінску з патрабаваннямі знайсці і пакараць заказчыкаў забойства журналістаў Георгія Гангадзэ і Васіля Кліменц’ева; выканаўцаў нападаў і замахаў на журналістаў Аляксандра Тэчынскага, Максіма Трэбухова, Аляксея Мацукі, Васіля Дзям’янява; адшукаць падпальшчыкаў маёмасці Ліліі Буджуравай, а таксама расследаваць іншыя справы, звязаныя са злачынствамі ў дачыненні да украінскіх калег.
Перадгісторыя 23 лістапада як Міжнароднага дня за спыненне беспакаранасці (паводле daytoendimpunity.org)
У гэты дзень два гады таму адбылося жорсткае масавае забойства журналістаў напярэдадні выбараў ў Філіпінах.
23 лістапада 2009 года Эсмаэл Мангудадату планаваў зарэгістраваць сваю кандыдатуру на пасаду губернатара Магінданао ў Філіпінах. Яго супернікі з клана Ампатуан, якія кантралявалі Магінданао з 2001 года пры падтрымцы ўраду Філіпін, пакляліся блакаваць яго намаганні. Мангудадату адправіў на рэгістрацыю групу журналістаў і некаторых сваячак, мяркуючы, што яны будуць у бяспецы. Праз гадзіну 200 ўзброеных людзей напалі на групу з засады. У выніку было забіта 58 чалавек, у тым ліку 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
Ужо два гады дзясяткі падазраваных застаюцца на волі, у тым ліку члены сям’і Ампатуан. Суды ідуць марудна, працягваюцца спробы падарваць судовы працэс — хабарамі, пагрозамі і запалохваньнем сем’яў і сведак. Ампатуаны былі звязаныя як мінімум з
Усведамленне беспакаранасці злачынстваў абцяжарвае страты. Супольнасць журналістаў і неабыякавых людзей адзначаюць гэтую дату як дзень памяці загінулых журналістаў і аб’ядноўваюць свае намаганні, каб прымусіць следства і суды выканаць свой абавязак — прыцягнуць злачынцаў да адказнасці.
Глядзіце відэа, прысвечанае гэтаму Дню (пераклад БАЖ)
Сусветны дзень за спыненне беспакаранасці заклікае да дзеяння, каб запатрабаваць правасуддзя для тых, хто быў забіты за рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання, а таксама пралівае святло на праблему беспакаранасці.