• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    22.9 КаАП – новая зброя супраць незалежных журналістаў і распаўсюднікаў

    У беларускіх праваахоўных органаў з’явіўся новы “любімы артыкул”. Апошнім часам за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” караюць і журналістаў, і распаўсюднікаў.

    На журналістах артыкул 22.9. КаАП упершыню быў “апрабаваны” летась у Віцебску. Летам 2013 года Кастрычніцкі РАУС Віцебска завёў у дачыненні да незалежнай журналісткі Алены Сцяпанавай адміністратыўную справу за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Міліцыянты сцвярджалі, што журналістка на працягу доўгага перыяду “ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”. Справа дайшла да суда, але суддзя накіравала прапакол на дапрацоўку, заўважыўшы неадпаведнасць паміж адміністратыўным артыкулам і фактычным абвінавачаннем. Больш да разгляду суд не вяртаўся.  

    Але ў красавіку 2014 г. Віцебская абласная пракуратура вынесла папярэджанне яшчэ адной мясцовай журналістцы, Святлане Сцяпанавай – таксама за нібыта парушэнне 22.9 КаАП. У пракуратуры палічылі, што яна супрацоўнічае без акрэдытацыі з беларускай службай “Польскага радыё для замежжа”.

    Таксама ў красавіку Ленінскі раённы суд Гродна абвінаваціў Алеся Дзянісава ў парушэнні вышэйзгаданага арт. 22.9 ч.2 КаАП і пастанавіў спагнаць з яго 4, 5 млн рублёў (30 базавых велічынь) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

    Такую ж суму па тым жа артыкуле пастанавіў спагнаць у маі Карэліцкі раённы суд з Алеся Залеўскага, штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з’яўляецца тэлеканал «Белсат».

    Апошні ў гэтым шэрагу – выпадак Андрэя Мялешкі, якому 16 чэрвеня прысудзілі штраф (тыя ж 30 базавых) за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.

    Юрысты ГА “БАЖ” неаднаразова падкрэслівалі, што прымяненне гэтага артыкула да асобных журналістаў юрыдычна непісьменна. “Праваахоўнікі і суды фактычна прыроўніваюць журналістаў да рэдакцый СМІ, хаця “прадукцыю СМІ” журналісты не вырабляюць. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі якраз і вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнутая да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст”, – кажа намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. Аднак пакуль гэтыя довады паўздзейнічалі толькі на мінулагодні суд па справе Алены Сцяпанавай.

    Між тым, да распаўсюднікаў СМІ згаданы артыкул 22.9 КаАП таксама прымяняецца. І таксама неапраўдана, лічаць юрысты.    

    У красавіку Смаргонскі раённы суд аштрафаваў на 3 мільёны рублёў мясцовага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага за распаўсюд маланакладнага бюлетэня «Смаргонскі грак». На думку суда, Шульжыцкі павінен быў папярэдне заключыць з юрыдычнай асобай рэдакцыі бюлетэня дамову на яго распаўсюд.

    У тым жа месяцы Георгія Станкевіча з Бешанковічаў аштрафавалі на 7 мільёнаў рублёў за распаўсюд самвыдатаўскай газеты “Крывінка”.

    Юрысты ГА “БАЖ” падкрэсліваюць, што да распаўсюднікаў маланакладных СМІ патрабаванне заключаць дамову з рэдакцыяй абсурдна, бо Закон аб СМІ не патрабуе ад такіх СМІ ўтварэння юрыдычнай асобы – адпаведна, заключаць дамову проста няма з кім. (Разгорнуты юрыдычны каментар на гэтую тэму можна знайсці ў рубрыцы «Права і СМІ»).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці