21 сакавіка пачнуць судзіць экс-кіраўніка “прэзідэнцкага пула” журналістаў
Працэс над палітзняволеным журналістам Дзмітрыем Семчанкам пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе. Такое паведамленне размешчана на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.
Як вынікае з анонсу судовай інстанцыі, аднаму з колішніх “твараў” тэлеканала АНТ інкрымінуюць крымінальны артыкул 130 (ч.1) — “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы”.
Максімальная санкцыя прадугледжвае да 5 гадоў зняволення.
Ад канца 2022 года Дзмітрыя Семчанку ўтрымліваюць у следчай турме № 8 Жодзіна. Раней Генеральная пракуратура афіцыйна патлумачыла, за што санкцыянавалі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да яго.
“Выяўлена, што падазраваны цягам 2020–2022 гадоў у розных тэлеграм-каналах і чатах размясціў публікацыі, скіраваныя на фармаванне ў грамадскасці варожасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады. З улікам акалічнасцяў учыненага і асобы падазраванага ў дачыненні да яго абраная мера ўтрымання пад вартай”, — заявілі ў ведамстве.
На працэс прызначаны суддзя Яўген Пісарэвіч, які даўно спецыялізуецца на “палітычных” справах. Удакладняецца, што першае пасяджэнне 21 сакавіка пачнецца а 10‑й гадзіне, пры гэтым няма пазнакі пра фармат, выглядае, што пакуль гаворка пра адкрыты рэжым слуханняў.
Першапачаткова Дзмітрыя Семчанку і ягоную жонку Юлію затрымалі 15 верасня 2022 года нібыта за “рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў”. Паколькі сям’я выхоўвае непаўнагадовага сына, маці абышлася адміністрацыйным штрафам, а бацьку арыштавалі на 15 сутак — праўда, ужо з новай фармулёўкай “за хуліганства”. Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк.
У вызначаны тэрмін Дзмітрыя Семчанку на свабоду не выпусцілі — 30 верасня ў Фрунзенскім РУУС склалі новы пратакол. Чарговы суд прызначыў фігуранту пакаранне тэрмінам 13 сутак адміністрацыйнага арышту за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Аднак 13 кастрычніка, калі мінаў чарговы тэрмін, дома яго зноў не дачакаліся.
Агулам па адміністрацыйных артыкулах ён правёў за кратамі амаль паўтара месяца, а пасля гэтага стала вядома, што супраць журналіста пачалі крымінальную справу на падставе ч. 1 арт. 130 КК.
Цягам 2009–2020 гадоў у якасці спецыяльнага карэспандэнта, а пасля палітычнага аглядальніка Дзмітрый Семчанка працаваў на тэлеканале АНТ. Ён пераможца конкурсу для праўладных СМІ “Тэлевяршыня”, лаўрэат шматлікіх прафесійных прэмій. За сукупнасць заслуг атрымаў давер ад калег-прапагандыстаў узначаліць “прэзідэнцкі пул” з найбліжэйшага медыйнага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак у жніўні 2020-га публічна асудзіў беспрэцэдэнтную жорсткасць сілавых структур і на знак пратэсту звольніўся з тэлеканала. Ужо 10 верасня таго ж года па яго прыйшла “група захопу”, дома зладзілі ператрус. Следам суддзя Юлія Блізнюк пакарала былога тэлевядоўцу 15 суткамі арышту паводле “народнага” артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Нейкі час Дзмітрый Семчанка заставаўся беспрацоўным, а ў лістападзе 2020 года яго запрасілі на пасаду піяр-менеджара ў кампанію “Белагра”, якая займаецца продажам беларускай сельгастэхнікі і запчастак.
Летась 29 верасня ў “Белагра” прыйшлі сілавікі, арыштавалі два дзясяткі спецыялістаў з ліку кіраўніцтва ды супрацоўнікаў. Як вынік — крымінальныя і адміністрацыйныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту і падпіскі на “дэструктыўныя” інтэрнэт-рэсурсы. Адной з прычын надзвычайнага інтарэсу праваахоўнікаў да камерсантаў называлася менавіта тое, што ўзялі на працу “здрадніка і перабежчыка”.
Чытайце яшчэ:
Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «эктрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя
Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг
Репортёры без границ: 73 женщины-журналистки проведут 8 марта за решеткой. Беларусь на 3‑м месте