20 снежня ў Гродне затрымалі журналістак
У самым цэнтры Гродна 20 снежня была затрыманыя: журналістка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Марына Харэвіч і журналістка газеты «Наша cлова» і выдання Hrodna.Life Алена Кавальчук.
Байцы гродзенскага АМАП / Фота: tut.by
У памяшканне на вуліцы Савецкай, дзе яны працавалі над журналісцкімі матэрыяламі, спрабавалі патрапіць супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Міліцыянты пагражалі, што ўзламаюць дзверы.
Да гэтых супрацоўнікаў праз некаторы час далучыліся байцы АМАПа УУС Гродзенскага аблвыканкама на чале з камандзірам атрада Віктарам Краўцэвічам.
Як паведаміла Марына Харэвіч карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ», міліцыянтам у выніку ўдалося ўвайсці ў памяшканне. Пасля гутаркі і высвятлення пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем журналісцкай дзейнасці, Харэвіч і Кавальчук вывелі на вуліцу.
Спачатку супрацоўнікі міліцыі збіраліся пасадзіць іх у службовы аўтатранпарт і адвезці у РАУС, але пасля праверкі дакументаў і пацвярджэння статусу журналістак адпусцілі.
У гэты дзень па ўсёй Беларусі праводзіліся анансаваныя раней акцыі пратэсту. Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна» станам на вечар 20 снежня ў Гродне сілавікі затрымалі не менш за 11 чалавек.