• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    14 арганізацый заклікалі дзяржавы-члены Савета Еўропы стаць на абарону беларускіх журналістаў

    У 2020 годзе былі нанесеныя надзвычайныя страты свабоднай і незалежнай журналістыцы ў Еўропе, да такой высновы прыходзяць аўтары штогадовага даклада. Гэты дакумент быў падрыхтаваны 14 арганізацыямі-партнёрамі з Платформы Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў.

    Беларусь не знаходзіцца ў юрысдыкцыі Платформы, аднак арганізацыі-партнёры адзначаюць маштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў Беларусі і заклікаюць звярнуць увагу на нашу краіну.

    Аўтары даклада адзначаюць, што сітуацыя з Covid-19 моцна паўплывала на дзейнасць медыя: быў уведзены шэраг абмежаванняў, журналісты сутыкнуліся з сістэматычнай адмовай у доступе да агульнай інфармацыі пра пандэмію, у тым ліку ў доступе да медыцынскіх работнікаў і ўстаноў.

    Агулам Платформа зафіксавала 201 папярэджанне наконт сітуацыі са свабодай СМІ ў 2020 г. Гэта амаль на 40 % больш, чым у 2019 г. Рэкордная колькасць папярэджанняў датычылася фізічных нападаў (52 зарэгістраваныя выпадкі) і пераследу альбо запалохвання (70 выпадкаў). Пра здарэнні з журналістамі падчас мітынгаў і дэманстрацый паведамлялася ў Францыі, Грэцыі, Італіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Іспаніі, Турцыі і Вялікабрытаніі.

    Уласнік албанскіх СМІ Кастрыёт Рэчы быў застрэлены, галоўны рэдактар ​​партала навін Koza.Press з Расійскай Федэрацыі Ірына Славіна загінула ад самаспалення пасля зваротаў аб абароне ад працяглага афіцыйнага пераследу. За апошні год культура беспакаранасці ўмацавалася ў Еўропе, гаворыцца ў дакладзе. Прайшло тры гады, а ўлады Мальты не прыцягнулі да адказнасці вінаватых у забойстве журналісткі Дафніі Каруаны Галіцыя ў кастрычніку 2017 года. У Славакіі трое мужчын былі асуджаныя да турмы за ўдзел у забойстве ў 2018 годзе журналіста-расследавальніка Яна Куцыяка і яго нявесты Марціны Кушніравай. Але замоўцы застаюцца на свабодзе, бо, на думку суда, не хапае доказаў, каб прыцягнуць іх да адказнасці.

    Рыкарда Гут’ерэс, генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, падкрэсліў у сваім выступе, што асаблівую заклапочанасць выклікаюць шматлікія факты фізічнай агрэсіі ў дачыненні да журналістаў, у параўнанні з мінулым перыядам іх колькасць павялічылася ўдвая. У 2020 годзе было зафіксавана 52 выпадкі нападаў, фізічнага гвалту. Вельмі хутка расце колькасць анлайн харасменту, асабліва ў дачыненні да жанчын-журналістак.

    Гут’ерэс значную частку сваёй прамовы прысвяціў драматычнай сітуацыі ў Беларусі, якая не з’яўляецца членам Савета Еўропы і не падпадае пад механізмы гэтай структуры. Аднак журналісты ў мінулым годзе ў Беларусі сутыкнуліся з вялікай хваляй пераследу, якая толькі нарастае.

    Прадстаўнік ЕФЖ падкрэсліў, што ў Беларусі ў 2020 годзе было зафіксавана як мінімум 62 факты фізічнага гвалту ў дачыненні да журналістаў — гэта больш, чым агулам у краінах, якія ўваходзяць у Савет Еўропы.

    Беларусь застаецца па-за сістэмай Платформы. Аднак, улічваючы эскалацыю рэпрэсій супраць свабоды СМІ ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і масавых пратэстаў, партнёрскія арганізацыі Платформы вырашылі ўключыць Беларусь у гадавы даклад, і заклікаюць да актыўных дзеянняў міжнародную супольнасць, каб спыніць рэпрэсіі журналістаў з боку беларускіх уладаў.

    На момант напісання даклада ў Беларусі за кратамі знаходзіліся 12 журналістаў.

    Кацярына Барысевіч (tut.by), Кацярына Андрэева ​​(тэлеканал «Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Юлія Слуцкая (заснавальніца «Прэс-клуба Беларусь»), Сяргей Альшэўскі (дырэктар «Прэс-клуба»), Ала Шарко (праграмны дырэктар «Прэс-клуба»), Пётр Слуцкі (супрацоўнік «Прэс-клуба»), Ксенія Луцкіна (былая супрацоўніца дзяржтэлеканала «Беларусь 2») , Андрэй Аляксандраў (журналіст і медыяменеджар), Дзяніс Івашын (журналіст газеты «Новы Час»), Язэп Палубятка (карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах, вызвалілі пасля суда. — Рэд.), Сяргей Гардзіевіч (карэспандэнт інтэрнэт-выдання «Першы Рэгіён», знаходзіцца пад хатнім арыштам).

    У дакладзе пералічваюцца шматлікія парушэнні правоў журналістаў у Беларусі.

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2020 годзе

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2020 годзе (табліца, спіс арыштаваных)

    “Усе гэтыя дзеянні падкрэсліваюць маштаб рэпрэсій у Беларусі. Іх ні пры якіх абставінах нельга разглядаць як адказ на парушэнне грамадскага парадку, — адзначаецца ў дакладзе. — Партнёры Платформы заклікаюць усе дзяржавы-члены Савета Еўропы пакінуць у баку геапалітычныя меркаванні і заняць адназначную пазіцыю адносна гэтай беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Партнёры Платформы таксама заклікаюць Камітэт Міністраў Савета Еўропы ўключыць Беларусь у кампетэнцыю Платформы”.

    Платформа па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспекі журналістаў была створаная Саветам Еўропы ў 2015 годзе ў супрацоўніцтве з вядомымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі свабоды выказвання меркаванняў, і з асацыяцыямі журналістаў у мэтах прадастаўлення інфармацыі, якая можа служыць асновай для дыялогу з дзяржавамі-членамі.

    Спіс арганізацый-партнёраў, якія ўваходзяць у Платформу Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў:

    Euro­pean Fed­er­a­tion of Jour­nal­ists
    Inter­na­tion­al Fed­er­a­tion of Jour­nal­ists
    Asso­ci­a­tion of Euro­pean Jour­nal­ists
    ARTICLE 19
    Reporters With­out Bor­ders
    The Com­mit­tee to Pro­tect Jour­nal­ists
    Index on Cen­sor­ship
    Inter­na­tion­al Press Insti­tute
    Inter­na­tion­al News Safe­ty Insti­tute
    The Rory Peck Trust
    The Euro­pean Broad­cast­ing Union
    Pen Inter­na­tion­al
    Euro­pean Cen­tre for Press & Media Free­dom
    Free Press Unlim­it­ed

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці