• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы”: статыстыка моўнай дэградацыі СМІ ў Беларусі

    Юрыст Ігар Случак, вядомы яшчэ як нефармальны “моўны інспектар”, напісаў кнігу, у аснову якой лягла ягоная шматгадовая практыка па абароне моўных правоў беларусаў, афіцыйная перапіска, што налічвае дзясяткі тысяч лістоў, нарэшце, дыпломная і магістарская працы, якія вызначылі месца роднай мовы ў Беларусі і стан дзяржаўнай палітыкі ў гэтым пытанні. Асобны раздзел тычыцца сітуацыі, якая склалася ў сродках масавай інфармацыі.

    Ігар Случак навучаўся праву на юрыдычных факультэтах Гомельскага і  Тартускага ўніверсітэтаў, з’яўляецца магістрам юрыдычных навук. Час, праведзены ў аўдыторыях і бібліятэках, дазволіў атрымаць больш шырокае ўяўленне аб правазнаўстве агулам, так і ў дачыненні асобна ўзятых моўных правоў. Што і дапамагло зразумець, чаму ў Беларусі здарылася, без перабольшання, катастрафічная моўная сітуацыя і як яе змяняць у будучыні.

    “Ідэя кнігі нарадзілася даўно, але была рэалізаваная толькі ў 2022 годзе, – адзначае аўтар. – Вялікую частку складаюць цікавыя факты, атрыманыя ў перапісках з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі, чыноўнікамі, дэпутатамі, а таксама статыстыка, якой нельга атрымаць анідзе, акрамя як тут. Хоць аб’ектыўная рэальнасць і з’яўляецца іншай, на падставе даследаванняў магу прызнаць за юрыдычны факт: юрыдычную сілу і сёння мае толькі Канстытуцыя 1994 года без змяненняў і дапаўненняў. Іншымі словамі, у Беларусі дэ-юрэ дзяржаўнай з’яўляецца толькі беларуская мова, а дэ-факта – толькі руская, пры дэклараванні афіцыйнага дзвюхмоўя”.

    У галоўнай частцы кнігі расказваецца пра часы дзяржаўнасці і заняпаду беларускай мовы, пачынаючы ад Х стагоддзя і да сёння. Асаблівая ўвага надаецца перыяду ад 1996 года, калі родная мова зноў патрапіла ў неспрыяльныя ўмовы. Напрыклад, калі ў 1646 годзе нават расійскія паслы адмаўляліся весці дыпламатычную перапіску з Польшчай па-польску, бо павялося, што яна адбываецца па-беларуску, то ў 2021‑м толькі 1,4% прававых актаў у краіне былі на беларускай мове.

    Значная ўвага ў выданні надаецца рэальным прыкладам дэградацыі галінаў, дзе пры дэклараваным “двуязычыі” ад мовы тытульнай нацыі практычна нічога не засталося. Гэта тычыцца і медыясферы.

    З абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь моўная сітуацыя пачала імкліва наладжвацца, родная мова вярталася паўсюдна.

    Як канстатуе Ігар Случак, цягам 1990–1995 гадоў беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі.

    Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і пачатку фактычнай дыскрымінацыі беларускай мовы пачаўся чарговы адкат. Ужо на пачатку 2000‑х пераважная большасць асноўных СМІ выходзіць і вяшчае па-руску.

    Не існуе ніводнага выключна беларускамоўнага тэлеканала. Згодна статыстыкі, у сярэднім за год беларускае тэлебачанне выдае 626 гадзін перадач па-беларуску (4% эфіру) і амаль 15 тысяч гадзін па-руску (96%).

    У друкаваных СМІ, пасля хвалі закрыцця незалежных газет, пачынаючы ад другой паловы 1990‑х, да 2010 года засталося крыху больш за 700 выданняў, з іх на беларускай мове – 185 (25% ад агульнай колькасці). Пры гэтым усе дзяржаўныя нацыянальныя газеты, за выключэннем “Звязды”, выдаюцца па-руску.  

    З улікам часопісаў, брашур ды іншай інфармацыйнай прадукцыі, да 2015 года супольны наклад папяровых выданняў дасягнуў амаль паўмільярда асобнікаў, аднак беларускамоўная доля складала толькі пятую частку.

    А пасля пачатку кампаніі татальнай “зачысткі” нелаяльных рэжыму медый, якая цягнецца ад драматычнага 2020-га і не спыняецца дагэтуль, беларускамоўны сегмент незалежнай прэсы выціснуты ў эміграцыю або загнаны ў падполле. Многія медыі, якія паслядоўна карысталіся беларускай мовай, абвешчаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, а іх кантэнт – “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У сваю чаргу, мовай афіцыйнай прапаганды цалкам стала руская.

    “У дзяржаўных СМІ дамінуе руская мова, займаючы звыш 90% эфіру і аб’ёму друкаванай прадукцыі, што вядзе да наўпроставага парушэння артыкулаў 17 і 34 Канстытуцыі, бо беларускамоўная частка грамадства не атрымлівае поўную інфармацыю пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё па-беларуску. Калі мы дапускаем, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, то з мэтай адпаведнасці Канстытуцыі неабходна частку 1 артыкула 27 “Закона аб мовах” выкласці ў наступнай рэдакцыі: “…Мовамі сродкаў масавай інфармацыі з’яўляюцца беларуская і руская, а таксама мовы іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у краіне”, – падсумоўвае Ігар Случак.

    Сучасныя варвары, захапіўшы і знішчыўшы горад, тэрыторыю або краіну, у першую чаргу замяняюць вулічныя шыльды, дзе замест мовы захопленага народа з’яўляецца мова агрэсара. Бо мова на шыльдах – гэта самы відавочны знак таго, што на гэтай зямлі ўжо іншая ўлада, іншая дзяржава і іншы народ, перакананы аўтар даследвання “10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы”. 

    А таму згаданая кніга, як і дыпломная ды магістарская работы, навукова даказвае, што сёння ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, у першую чаргу праз недасканалае моўнае заканадаўства, створаны ўмовы для дыскрымінацыі беларускамоўных беларусаў па моўнай прыкмеце.

    “Мова – гэта сістэма знакаў і сімвалаў. Мова – гэта адзінае, што безумоўна адрознівае адзін народ ад іншага. Мова стварае і ўмацоўвае дзяржаўнасць. Мова гуртуе і ўмацоўвае народ. Таму варта памятаць, што пакуль жыве беларуская мова – будзе і Беларусь”, – падсумоўвае Ігар Случак.

    Чытайце яшчэ:

    Затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сын-падлетак у сацыяльным прытулку

    “Сохранение исторической памяти”: анализ белорусского законодательства и международных стандартов

    Сілавікі заявілі, што больш не будуць публікаваць зневажальныя відэа з затрыманымі за палітыку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці