• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гаротнае становішча паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну ў прэсе 100 гадоў таму

    Падзея, якая сёння пераканаўча і часцей за ўсё апісваецца як гераічнае супрацьстаяньне беларусаў камуністычнай акупацыі ў 1920 годзе, стагоддзе таму таксама займала сваё месца на старонках друку. «Новы Час» пачытаў прэсу тых гадоў.

    Беларускае выданьне «Наша Думка»

    Наша Думка

    Выданьне ў пачатку 1921 года дала слова слуцкім паўстанцам:

    «Ліст ад беларускіх паўстанцаў Першае Слуцкае Брыгады стральцоў войск Беларускае Народнае Рэспублікі з Беластоцкага канцэнтрацыйнага лягера.

    Ужо тры з лішнім месяцы мы, Слуцкія паўстанцы, сядзім за дротам у чужацкай няволі, голыя, босыя, абадраныя і паўгалодныя. Да гэтага часу мы няведаем, дзе знаходзіцца «Глава нашага паўстаньня» — Рада Случчыны і што робіць яна дзеля нашага вызваленьня?

    Вельмі цікава ведаць, дзе і што робіць Старшыня Рады Ў. Пракулевіч і палітычны камісар П. Жаўрыд? Можа яны будуць ласкавы, пачуўшы наш голас праз «Нашу Думку», даведаюцца пра нас і тым падтрымаюць наш дух, бо ўсё-такі яны правадыры нашае ідэі.

    Паўстанцы».

    «У горадзе вялікае безпрацоўе, бо бальшавікі аграбілі горад да шчэнту». Пра што пісала выданне «Звон» у 1919 годзе

    Лягер інтэрнаваных

    У адным з наступных нумароў той жа газэты знаходзім ліст, падпісаны «Ванагас»:

    Каля станцыі Дарагуск, Холмскае губ., у бараках, аплеценых калючым дротам у колькі радоў і абстаўленых польскімі жаўнерамі па ўсіх кутох, знаходзяцца нашы беларусы, — інтэрнаваная Першая Слуцкая Брыгада стральцоў БНР.

    І вось, ня гледзячы на тыя цяжкія варункі, у якіх знаходзяцца інтэрнаваная: бяз вопраткі, без бялізны, босыя, ня маючы ў кішэні ні аднаго рубля, ні аднае польскае маркі, працуючы з раніцы да вечара, як якія катаржнікі, ня ведаючы ні сьвята, ні будня, — усё такі не забываюцца на сваю Бацькаўшчыну і яшчэ пашыраюць беларускасьць, стараюцца паказаць гэтым тутэйшым людзям, што беларусы – народ і што гэты народ павінен жыць, як яму хочацца.

    Інтэрнаваныя вельмі хораша паказалі сябе на йгрышчы, якое ставілі ў нядзелю 17 красавіка ў салі барака абозу інтэрнаваных, з дазваленьня камандзера абозу інтэрнаваных у Дарагуску.

    Дзякуючы прыезду з аддзела асьветы артыста БКВ пана Русака і вельмі прыхільным адносінам усіх афіцэраў і жаўнераў інтэрнаваных, праз колькі дзён падгатавалі і разыгралі на сцэне 2 камэдыі — «Міхалка» і «Па рэвізіі». Ня маючы ніякіх крыніц, адкуль можна дастаць усё патрэбнае дзеля сцэны, усё-такі зрабілі больш, чым можна было зрабіць, і паставілі спэктакль у хораша дэкарыраванай ельнікамі і хвоямі салі, на скора зробленай сцэне, пры поўнай салі людзей, якія, апрача запрошаных ганаровых гасьцей, прышлі пацікавіцца на беларускі вечар, яшчэ ў першы раз тут пастаўлены.

    Хор пад кіраўніцтвам спрактыкаванага рэгента паручніка Сямашкі споўніў некалькі нацыянальных беларускіх песень, сьпеўшы напачатку нашу марсэльезу, а пасьля былі прадэклямаваныя панам Русаком і некаторымі інтэрнаванымі афіцэрамі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы і Алеся Гаруна.

    Гэты вечар ад пачатку да канца насіў адпячатак шчырага каханьня ўсяго свайго роднага і паказаў, што мы людзі, што над намі ня можна сьмяяцца, што мы сыны цэлага народу, што гэты народ мае сваё прошлае, сваю мову, сваіх паэтаў, літаратуру, што гэты народ бязьмерна шчыра кахае сваю Бацькаўшчыну».

    Пратакол Канфэрэнцыі

    На Першай Усебеларускай канфэрэнцыі, што адбылася ў 1921 у Празе, у тэксце пратакола знаходзім:

    «На галасаваньне ставіцца рэзалюцыя аб Слуцкім паўстаньні. Рэзалюцыя зазначае, што найяскраўшым момантам у чатырохгадовым змаганьні беларускага народу за сваю вольнасьць зьяўляецца, Слуцкае паўстаньне, гдзе паўстаўшыя за сваю незалежнасьць беларусы зь лёзунгам: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў, былі пераможаны пераважаючымі сіламі абодвух бакоў. Нарада перасьцерагае беларускі народ ад непатрэбнага праліцьця крыві i заклікае яго каваць зброю к моманту агульнарэвалюцыйнага змаганьня кожнага народу каб быць гаспадаром у сваім краі».

    «Калі б арыштоўвалі за беларускія газэты і кнігі, дык трэба было б арыштаваць усіх беларусаў». За што змагалася «Змаганьне» ў 1923 годзе?

    На гэта адзін з дэлегатаў, доктар Паўлюкевіч, прадстаўнік Рады Случчыны, як удзельнік Слуцкага паўстаньня, пратэстуе супраць прыведзенага ў рэзалюцыі лёзунгу. Ён адзначыў, што «паўстанцы ўвесь час атрымовывалі аружную дапамогу палякоў, просіць выкінуць словы: «ні паноў».

    Але Старшыня Канфэрэнцыі зазначае, што гэткая форма рэзалюцыі прынята палітычнай сэкцыяй. Рэзалюцыя прыймаецца большасьцю 30 галасоў, пры 2 устрымаўшыхся.

    Тэкст рэзалюцыі

    Рэзалюцыя аб Слуцкім паўстаньні:

    Сялянская Беларусь, прачнуўшаяся ад летаргічнага сну векавой няволі, распачала змаганьне за сваё вольнае i роўнае жыцьцё сярод іншых вольных народаў.

    Чацьверты ўжо год змагаецца Беларусь з насільствам розных акупантаў. У гэтым змаганьні беларускі народ добра сябе ўсьвядоміў, што справа вызваленьня i адраджэньня яго бацькаўшчыны ёсьць справа яго ўласных рук. Беларускі народ пераканаўся, што ні ад Масквы, ні ад Варшавы яму няма чаго чакаць для палепшаньня сваёй долі.

    Цэлым радам паўстаньняў, у працягу гэтых чатырох гадоў, беларускі народ ясна паказаў, куды ён імкнецца i на каго пакладае ўсе свае надзеі.

    Найяскраўшым момантам у гэтым гераічным змаганьні, апрача паўстаньняў у Віленшчыне, Вітэбшчыне, Ашмяншчыне i г.д, зьяўляецца паўстаньне ў Случчыне, калі сам сярмяжны народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасьць i непадзельнасьць сваёй бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў.

    Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада канстатуе, што гэтае паўстаньне было задушана пераважаючымі сіламі абодвух бакоў.

    Слава паўшым змаганьнікам!

    Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада перасьцерагае беларускі народ, каб не было непатрэбнага праліцьця крыві, устрымацца ад неарганізаваных выступленьняў, але моцна аб’яднаць свае сілы к таму моманту, калі праб’е час агульнанароднага рэвалюцыйнага змаганьня кожнага народу быць гаспадаром у сваім краі.

    Прага-Чэская, 28 верасьня 1921 г.

    «Воля Народу»: газета, якая праіснавала пяць дзён

    Браты-беларусы! Зьвярніце на нас увагу

    Праблемы сёньняшніх беларускіх дабраахвотнікаў у складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага знаходзяць паралелі зь іх субратамі па змаганьні сто гадоў таму. У выданьні «Наша Думка» 4 слуцкія паўстанцы зьвяртаюцца да нас, беларусаў:

    «Мы, слуцкія паўстаны, не захацеўшыя ісьці ў канцэнтрацыйны лягер, раскідаліся па вёсках у прыфрантавым поясе.

    Зіму мы сяк-так пракідаліся і цяпер жывем тут, працуючы ў сялян за кавалак хлеба. Але далей нам жыць няма ніякае магчымасьці. Мясцовая польская ўлада зьвярнула на нас увагу, як на непатрэбны элемэнт. Ужо з нашых случчан польская ўлада аддала бальшавікам шэсьць асобаў: Бугарэвіча, Пракаповіча, Сярогу, Бандарыка, Васілевіча і Дамановіча.

    Мы гэтым зьявішчам вельмі ўстрывожаныя і зьвяртаемся да беларускіх дзеячоў з просьбаю паклапаціцца аб нас перад польскаю ўладаю, каб мы маглі далей пратрымацца тут спакойна.

    Браты-беларусы! Зьвярніце на нас увагу. Мы ня толькі падняліся проці бальшавіцкіх камісараў, каб захаваць сваю скуру, а мы паказалі прыклад усім беларусам, што толькі ўзяўшыся за стрэльбу, можна збавіцца ад гвалту маскоўска-камісарскага рэжыму.

    Мы ня пойдзем ні на якія ўступкі, хто‑б нам што не дэкляроўваў. Мы самі добра ведаем, што толькі агульнымі сіламі сваіх братоў можна здабыць сабе збаўленьне ад чужацкага гнёту.

    Хоць мы цяпер і з парожнымі рукамі, але глыбока верым, што ў хуткім часе прыйдзе такая гадзіна, што мы, як і раней, выступім стройнымі радамі вызваляць сваіх братоў і бацькоў, не зьвяртаючы ўвагі, што можа будзе ў нас на 100 чалавек 2 карабіны.

    З павагай, Іван Басалыга, Л. Семяновіч, М. Кухта, Д. Шыловіч».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці