Як рыхтуюць прапагандыстаў: у Гродне стварылі першы інфармацыйны студатрад
Студэнтам гродзенскіх ВНУ, якія атрымліваюць любую спецыяльнасць, улады прапанавалі паспрабаваць сябе ў новай журналістыцы. Эксперыментальная група з’явілася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс».
Праўладныя медыі паведамляюць, што студэнцкі сэрвісны атрад «МедиаВектор» накіравалі збіраць успаміны ветэранаў вайны. Якой менавіта вайны ў рэпартажы не паведамляецца.
— Менавіта Гарадзеншчына адгукнулася на наш заклік ў пачатку гэтага года на калегіі Міністэрства інфармацыі паспрабаваць гэты напрамак, бо ёсць запыт моладзевай аўдыторыі, — кажа першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Куратарам «новага інфармацыйнага кірунку» стаў дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродно Плюс» Сяргей Мазайла.
У сакавіку плануецца стварыць другі інфармацыйны студатрад. А па выніках працы першага атрада рыхтуюць дакументальны фільм з успамінамі ветэранаў. Праўда, нават куратар не ведае, колькі серыяў удасца выдаць на гара.
Улады ліхаманкава шукаюць прапагандыстаў
Нядаўна мы пісалі, што Міністэрства адукацыі зацвердзіла факультатыў «Уводзіны ў прафесію журналіста» для 8–9 класаў. Праграма разлічаная на 69 гадзін: 35 гадзін на год у 8 класе, 34 гадзіны – у 9 класе. Факультатыў уведзены ў сярэдніх школах з беларускай і рускай мовамі навучання.
Літаральна з верасня ў Гомельскім універсітэце вярнуліся да выкладання журналістыкі.
Цяпер у Беларусі журналістаў рыхтуюць тры ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і ГДУ імя Францыска Скарыны ў Гомелі.
Сёлета ў БДУ конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка» склаў 1,07 чалавека на месца (79 заявак на 74 месцы + 6 «мэтавікаў» па-за конкурсам), на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс яшчэ ніжэйшы — 1,05 чалавекі на месца (44 заяўкі на 42 месцы).
Платнае аддзяленне на факультэце журналістыкі ліквідавана, бо платнікаў немагчыма прымусіць працаваць у дзяржаўных СМІ.
Нядаўна БАЖ задаваўся пытаннем, ці ўвогуле варта ісці на журфак БДУ (галоўнага ВНУ Беларусі) з перспектывай стаць прапагандыстам, і якія альтэрнатывы існуюць увогуле.
Ірына Сідорская, якая працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю журфака БДУ да 2021 года, мяркуе, што новаўвядзенні беларускіх уладаў прадыктаваныя нежаданнем выпускнікоў «паступаць на журфак, а таксама існуе кадравы голад у рэдакцыях».
Прапагандысцкая ліхаманка пакуль не дабралася да дзіцячых садкоў.