Міжнародны інстытут прэсы запусціў платформу для адсочвання фэйкаў пра журналістаў
Абсерваторыя дэзінфармацыйных наратываў супраць СМІ мае на мэце выкрываць факты дыскрэдытацыі незалежных журналістаў і медыяў.
Міжнародн інстытут прэсы (IPI) сумесна з харвацкім фактчэкінгавым рэсурсам Faktograf і нямецкім выданнем taz стварыў платформу для дакументавання дэзінфармацыі супраць журналістаў, паведамляе IPI.
«Рост кампаній па дэзінфармацыі, накіраваных на дыскрэдытацыю журналістаў і СМІ, дасягнуў трывожнага ўзроўню ў Еўропе, як і ў іншых частках свету. З дапамогай такіх тактык, як пераслед у інтэрнэце, паклёпніцкія кампаніі і юрыдычнае запалохванне, злачынцы імкнуцца падарваць давер да якасных СМІ», — адзначаюць распрацоўшчыкі.
Новы рэсурс адсочвае ключавыя дэзінфармацыйныя наратывы, накіраваныя на журналістаў і фактчэкераў у Еўропе. Стваральнікі платформы імкнуцца выкрыць, як нядобрасумленныя карыстальнікі дыскрэдытуюць працу журналістаў, абслугоўваючы свае ўласныя мэты.
Ініцыятыва грунтуецца на васьмі падрабязных даследаваннях. Яны праводзіліся ў еўрапейскіх краінах з верасня 2022 года. Эксперты вылучылі асноўныя наратывы, якія выкарыстоўваюцца для дыскрэдытацыі журналістаў: абвінавачванні ў «здрадзе», «цэнзуры», распаўсюджванне «фэйкаў», ярлыкі «замежных агентаў» і г.д.
На сёння даследавана 6 краінаў: Харватыя, Германія, Венгрыя, Румынія, Славакія і Іспанія. Далейшыя тэматычныя даследаванні будуць дададзены ў ходзе праекта.
Карыстальнікі платформы маюць магчымасць праз партнерскі сервіс паведаміць пра выпадкі пераследу, пагроз ці кампаній па дэзінфармацыі супраць журналістаў і медыяў, а таксама атрымаць дапамогу.