«Я падтрымаў ня той бок, няправільна сябе паводзіў»
У Польшчу ў верасьні 2022 году Дзьмітры Нікановіч прыехаў ненадоўга, у справах, адразу пасьля звальненьня з журфаку БДУ, дзе прапрацаваў 7 гадоў. Прыехаў адзін, безь сям’і. Там жа атрымаў паведамленьне ад сваёй былой студэнткі:
«Дзьмітры Алегавіч, я спадзяюся, што Вы не ў Беларусі. Не вяртайцеся».
Яна ж яму расказала, што па БТ паказалі сюжэт, дзе загадчыца катэдры тэлебачаньня Алеся Кузьмінава разам зь вядоўцай Вікторыяй Паповай згадвалі Нікановіча. Расказвалі, што ён падтрымаў ня той бок, няправільна сябе паводзіў і ўвогуле вырашыў стаць на бок рэвалюцыі.
«Я тады толькі напісаў у фэйсбуку, што звольніўся „па ўласным жаданьні“. Кузьмінава пайшла далей: маўляў, „Дзіма — ён артыст, ён заўсёды быў эмацыйны, летуценны, ня ведаю, навошта гэта яму было…“ Я разумеў, што калі такая ўвага прыцягнутая на БТ, то ня варта вяртацца», — успамінае былы выкладчык журфаку.
Да 2020-га быў чалавекам апалітычным
Нікановіч кажа, што калі быў асьпірантам, атрымліваў «прэзыдэнцкую» стыпендыю, ягоны партрэт вісеў на дошцы гонару. У 26 гадоў абараніў дысэртацыю. Прызнаецца, што да 2020-га быў чалавекам апалітычным.
«У мяне ўсё атрымлівалася. І таму для некаторых мая рэакцыя ў 2020 годзе была нечаканай. Маўляў, «А ты чаго? У цябе ж усё добра, ты „абласканы“. А я проста наіўны быў і шмат чаго ня ведаў. Жыў толькі сваімі інтарэсамі, „на хутары“ сваім. У БРСМ ніколі ня быў, за Лукашэнку ніколі не галасаваў. Але і не змагаўся ніколі, не пратэставаў да 2020-га», — прызнаецца Дзьмітры.
Нікановіч падтрымаў пратэсты, актыўна пісаў у сацсетках, абмяркоўваў са студэнтамі, што адбываецца ў краіне. Яго папярэдзіў калега, перадаў сыгнал «зьверху», што ім цікавяцца,
«Маўляў, людзі з антыдзяржаўнай пазыцыяй ня могуць выкладаць на журфаку, я студэнтаў схіляю не на той бок (а на той момант мне ўжо забаранілі працаваць са студэнтамі-беларусамі 1–2 курсаў). У мяне былі толькі студэнты-кітайцы, я быў пакараны, каб не ўплываць на „дзяцей“, каб не расказваць няправільна, што такое журналістыка. А я вёў „Асновы журналістыкі“, усе спэцпрадметы. Я пытаюся: „Гэта пагроза?“ Ён кажа: „Не, гэта папярэджаньне“».
«Будзеце ГУБАЗіКу тлумачыць»
Нікановіч расказвае, што пайшоў на размову да Вольгі Самусевіч, якая тады была дэканам, а раней — кіраўніцай яго кандыдацкай дысэртацыі на тэму «Газэтны кантэнт ва ўмовах трансфармацыі нацыянальнай мэдыясфэры: адаптацыя і мадэляваньне» (пра мэнэджмэнт мультымэдыйнай рэдакцыі).
«Дэкан журфаку Самусевіч кажа: «Гэта ня я, але тваёй пэрсонай цікавяцца наверсе». Маўляў, гэта не ад яе гэта зыходзіць — я па наіўнасьці хачу думаць пра людзей лепш, чым яны ёсьць.
Другі калега заяўляе: «Пішыце заяву з 30 чэрвеня». Я быў у моцным стрэсе і набраўся нахабства: напішу заяву апошнім днём адпачынку — 26 жніўня. Мне калега кажа: «Глядзіце самі, каб раней да вас не прыйшлі, будзеце ГУБАЗіКу тлумачыць, чаму ў вас такая антыдзяржаўная пазыцыя».
Я адказваю, што ў мяне «абсалютна дзяржаўная пазыцыя, проста мы з вамі па-рознаму разумеем, што такое дзяржава. Для вас дзяржава — гэта Лукашэнка, для мяне дзяржава — гэта людзі», — расказвае цяпер ужо былы дацэнт журфаку.
Звольніўся з БДУ Нікановіч 26 жніўня 2022 году «пры згодзе бакоў». Напісаў пост у сацсетках пра разьвітаньне са студэнтамі.
Вывучае «Вобраз Польшчы і палякаў у беларускай прапагандзе»
У Беларусь Дзьмітры не вярнуўся, застаўся ў Быгдашчы. Да яго пераехалі жонка з дачкой. Расказвае, што спачатку было вельмі цяжка з працай, у першыя месяцы сям’я жыла на ашчаджэньні.
«Я працаваў капірайтэрам, пра што толькі ні пісаў, нават тэксты пра нацяжныя столі па-беларуску, па-расейску. Былі сьмешныя ганарары кшталту „за 1 тысячу знакаў 4 даляры“, атрымлівалася 300–400 даляраў у месяц. Пісаў для нейкіх экспэртаў, „здымаў“ стужку (набіраў тэксты з дыктафонных запісаў. — Рэд.), чаго толькі не рабіў» — успамінае першыя месяцы эміграцыі Дзьмітры.
Цяпер ён працуе ў прэс-службе адной арганізацыі спэцыялістам па сувязі і камунікацыях. У яго сталы заробак, нарэшце прайшоў стрэс і зьнікла пытаньне, за што здымаць кватэру.
Па праграме Кастуся Каліноўскага Нікановіч праходзіць стаж у Варшаўскім унівэрсытэце, атрымлівае стыпендыю. Мае магчымасьць зрабіць зручны для сябе расклад заняткаў — ён прыяжджае ў Варшаву на панядзелак і аўторак, астатнія дні працуе ў Быгдашчы. Піша навуковую працу на тэму «Вобраз Польшчы і палякаў у беларускай прапагандзе».
«Калі я адчуў нейкую глебу пад нагамі, у мяне ўключылася дасьледніцкая цікаўнасьць, як у праграме „У сьвеце жывёлаў“ зь Мікалаем Драздовым. Зараз прыкладна з такой жа інтанацыяй я чытаю пра ўсе „жахі“, што піша беларуская прапаганда пра Польшчу. Гэта такія выдумкі, фантастычна вар’яцкія тэксты! Але я да гэтага стаўлюся абсалютна безэмацыйна, як доктар-псыхіятар.
Можа быць, з гэтага нешта атрымаецца. Бо я чалавек унівэрсытэцкі, 7 гадоў я выкладаў на журфаку, скончыў магістратуру, асьпірантуру. Я не магу сказаць, што ў нас было дрэннае асяродзьдзе, выключна маргінальныя калегі (калі б так было, я б там не заставаўся). Проста пра журфак зараз столькі дрэннага гавораць… Я адчуваў, што гэта ўнівэрсытэт, там заставаліся высокія стандарты. Мне б хацелася вярнуцца ў БДУ. А пакуль мне падабаецца вучыцца у Варшаўскім унівэрсытэце», — прызнаецца Дзьмітры.
«Не ведаю, колькі я яшчэ вытрымаю пісаць пра намалоты і механізатараў». Як цяпер вучацца на журфаку БДУ
«Калі на журфак прыходзіць са спэцпраектам Рыгор Азаронак — гэта жах»
На думку Дзьмітрыя Нікановіча, пасьля 2020 году журфак БДУ моцна пацярпеў. Многім выкладчыкам не падоўжылі кантракты (імёны ён не называе, бо людзі застаюцца ў Беларусі), звольнілі без усялякіх спачуваньняў і жалю кандыдатаў і дактароў навук. Шмат студэнтаў адлічылі, яшчэ больш самі пакінулі ўстанову.
«Калі на журфаку працуе Ігар Тур, прыходзіць са спэцпраектам Рыгор Азаронак — гэта жах. Калі агульна разважаць, па-філязофску, то мне здаецца, у людзей няправільна выбудавана сыстэма каштоўнасьцяў, калі гаварыць пра паліталягічную пісьменнасьць. Яны не падзяляюць уладу і дзяржаву. У іх галаве быць нязгодным з уладай азначае быць здраднікам дзяржавы, радзімы.
Другое — гэта адсутнасьць эмпатыі, няма спачуваньня да людзей зь іншымі поглядамі. Няма культуры гэтага, няма ў Беларусі публічных дэбатаў, разьвітай палітыкі, дзе можна было б выказвацца, не баючыся асуджэньня і цкаваньня», — разважае Дзьмітры.
Яшчэ адна прычына — гэта страх, працягвае ён. Людзі баяцца, што па іх, іхных блізкіх прыйдуць, што яны штосьці страцяць. У іх страх за тое, што нічога іншага ня ўмеюць рабіць.
«Я ведаю псыхалёгію многіх выкладчыкаў вышэйшай школы, маўляў, калі ты абараніў кандыдацкую, доктарскую, ты можаш ужо „спачываць на ляўрах“, не хвалявацца. У гэтай сытуацыі вельмі хочацца захаваць „статус кво“ і не высоўвацца, не зрабіць чагосьці такога, каб цябе прапусьцілі праз мясарубку. Гэта мой адказ, чаму многія маўчалі, некаторыя нават падміргівалі, казалі: „Мы ж за вас, вы ж усё разумееце, усё ня так адназначна“. Гэта проста мэмы, якімі яны размаўляюць! І ўсё гэта настолькі цынічна, што ў мяне не знаходзіцца слоў…» — уздыхае былы выкладчык журфаку.