Дэбютны фільм Мары Тамковіч перамог на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»
21 лістапада міжнароднае журы назвала пераможцу беларускага конкурса дзесятага кінафестываля «Паўночнае ззянне». Пераможцам аб’яўленая стужка беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч пад назвай «Пад шэрым небам». Спецыяльнае ўзгадванне атрымалі яшчэ дзве стужкі: «Непажаданае сваяцтва» і «Працэсы» (апошні для телеканала «Белсат» зняў рэжысёр Андрей Кашперскі).
У склад журы ўваходзілі прадзюсарка Марыяне Острат, дырэктарка кінафестываля goEast Хелен Геррытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.
Сёлета ў праграме беларускага конкурса кінафестываля «Паўночнае ззянне» ўдзельнічалі 14 стужак асноўнага конкурсу і 1 стужка ў секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва». З 4 па 21 лістапада гледачы маглі паглядзець іх анлайн, а таксама на афлайн-сеансах у Таліне, Вільні і Варшаве. Асаблівасць сёлетняй конкурснай праграмы — малабюджэтныя, але эмацыйна насычаныя праекты з беларускім кодам і на важныя для кожнага беларуса тэмы.
Фільм «Пад шэрым небам» — дэбют Мары Тамковіч у мастацкім кіно. І першая мастацкая стужка пра беларускую рэвалюцыю 2020 года, знятая беларуска-польскай кінакамандай. Фільм здымаўся у Польшчы, дзе з 2006 года жыве беларуская кінарэжысёрка. Бюджэт склаў 1 мільён злотых (гэта каля 250 тысяч долараў), пры тым, што звычайны бюджэт дэбютнага фільма складае як мінімум 4,5 мільёна злотых.
Стужка заснаваная цалкам на рэальных падзеях 2020 года. У Мінску каля ўласнага дома да смерці збіваюць Рамана Бандарэнку, які не даваў сілавікам зрываць бел-чырвона-белыя стужкі. Журналісты робяць стрым з «Плошчы Перамен», журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай арыштоўваюць.
Па выніку атрымаўся фільм пра кранальнае каханне Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша — абое цяпер знаходзяцца за кратамі. Вядома, персанажы фільма маюць іншыя імёны, але сюжэт відавочна прасочваецца. У галоўнай ролі Лены, натхнёнай Кацяй Андрэевай, здымаецца Аляксандра Вайцяховіч. Яна выехала з Беларусі ў 2020 годзе, цяпер жыве і працуе ва Уроцлаве. Мужа Лены іграе Валянцін Навапольскі, які працуе ў віленскім Старым тэатры Літвы (былым Рускім драмтэатры).
— Для мяне «Пад шэрым небам» — гэта не фільм пра пратэсты. Гэта фільм перадусім пра людзей, пра каханне, пра адносіны, пра павагу, пра надзею, пра прыняцце пэўных рэчаў, пра ўсведамленне коштаў пэўных рэчаў. Менавіта чалавек у кантэксце вялікай палітычнай падзеі быў для мяне найбольш цікавы, — расказвала Мара Тамковіч.
Мара Тамковіч нарадзілася ў 1988 годзе ў Мінску. З 2006-га жыве ў Варшаве. Вывучала журналістыку ў Варшаўскім універсітэце, рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і школе Вайды. Аўтарка фільмаў «Ураўненне», «Дачка», «Fucking Story», «За дзвярыма», «Трымайся, братка!», «37», «У жывым эфіры», а таксама яна была другім рэжысёрам у праекце «Белсата» «Працэсы».
Стужка «Дачка» (дыпломная праца ў Варшаўскай кінашколе) у 2018 годзе стала найлепшым ігравым фільмам XXV Мінскага міжнароднага фестываля «Лістапад».
Фільм «У жывым эфіры» перамог на 26‑м міжнародным кінафэстывалі ZOOM-ZBLIŻENIA ў Зялёнай Гуры, атрымаў адмысловую ўзнагароду на 47‑м фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні, стужку паказвалі на кінафестывалі ў Чыкага, нью-ёркскім кінафестывалі Tribeca.