• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дыктатары-супергероі. Як прапаганда ў TikTok змяняе вобраз аўтарытарных палітыкаў

    З дапамогай фармату нарэзак крыважэрныя дыктатары змяняюць ролевыя мадэлі, каб уздзейнічаць на маладых карыстальнікаў Tik­Tok.

    Калаж: Цэнтр новых ідэй

    «Tik­Tok» – галоўная ў Беларусі сацыяльная сетка, якой пераважна карыстаецца моладзь.

    У сваім медыяспажыванні маладыя людзі паступова адыходзяць ад традыцыйных мемаў-карцінак і аддаюць перавагу новаму фармату — мемным гукам і «трэндам» у Tik­Tok.  Адзін з самых папулярных трэндаў у сацсетцы — стварэнне фан-нарэзак з відэа. Аднак з часам гэты бяскрыўдны фармат атрымаў нечаканы паварот: карыстальнікі пачалі рабіць падобныя нарэзкі з відэа, у якіх адлюстраваныя недэмакратычныя лідары. 

    Альтэрнатыўная рэчаіснасць за 15 секунд

    «Edits» — гэта нарэзкі відэакавалкаў з музыкай, якія перадаюць пэўны наратыў пра асобу, месца, рэч ці тэму. Гэты фармат узнік з фанацкіх нарэзак фільмаў ці шоу: фанаты выразаюць яскравыя моманты і фразы любімых герояў, каб узмацніць пасыл іх гісторыі ці змяніць яе. Асаблівасць нарэзак у тым, што яны ўплываюць на тое, як гледачы ўспрымаюць і запамінаюць інфармацыю, якую яны бачаць. Музыка і хуткая змена кадраў могуць выключыць лагічнае мысленне і наўпрост уздзейнічаць на частку мозгу, якая адказвае за эмоцыі. 

    Апошнім часам у такіх нарэзках усё часцей з’яўляюцца палітыкі. Гэта прывяло да новага вымярэння ў фармаце, які раней быў сканцэнтраваны пераважна на выдуманых героях.

    Таксама большасць відэанарэзак зробленыя з фрагментамі не ад першай, а ад трэцяй асобы. Гэта таксама можа ўплываць на давер да інфармацыі. Гледачу можа паказацца, што ён бачыць нешта аб’ектыўнае і незалежнае, а не тое, што гаворыць сам палітык. 

    Клапатлівы патрыярх з добрым стаўленнем да жывёл

    Відэанарэзкі кадраў з аўтарытарнымі лідарамі трансфармуюць успрыманне іх як дыктатараў, якія парушаюць правы чалавека ці распачынаюць войны. Кароткі фармат, у адрозненне ад іншых медыйных відаў, не здольны перадаць усю складанасць палітычнай рэчаіснасці. Замест гэтага ён дыстанцуе гледача ад складанага кантэксту і стварае альтэрнатыўную рэчаіснасць, у якой аўтакраты выглядаюць героямі фільмаў. 

    Напрыклад, у нарэзках Лукашэнка прадстаўлены не як палітык з досведам палітычных рэпрэсій і дыктатуры, а як чалавек у штодзённых жыццёвых сітуацыях: п’е каву з Уладзімірам Пуціным, па-бацькоўску ганарыцца дасягненнямі Мікалая ці гладзіць сабаку Умку.

    Кадры з сынам ці з хатняй жывёлай робяць яго больш звычайным і чалавечным. Нядзіўна, што такія відэа набіраюць больш за ўсё праглядаў.

    @axlster немного отвлечёмся от Коли. Вы только посмотрите на Умку, это очень мило 😭 #николайлукашенко #александрлукашенко #аг #лукашенко #умка #беларусь #минск #lukashenko #fyp #сынпрезидента #xyzc­ba #love #cute #fory­oupage #rec­om­men­da­tions #рекомендации #эдит #edit #niko­lay­lukashenko #фанаккаунт #фанат #любовь #милота #врек #втоп #тренды @𝐒𝐡𝐞𝐩𝐟𝐚’𝐬 𝐰𝐢𝐟𝐞 🎭 ♬ оригинальный звук — 🇷🇺[ 𝐚𝐱𝐞𝐥 ]🇧🇾

    Фанаты дыктатараў

    Амаль у кожнага аўтакрата ёсць уласная фанацкая база ў «Tik­Tok». Сярод іх найбольш папулярным з’яўляецца Пуцін: відэа з яго ўдзелам набіраюць сотні тысяч праглядаў, а колькасць допісаў пад хэштэгам «Putin Edits» перавышае 359 мільёнаў. 

    Фанацкія нарэзкі фармуюць вобраз аўтакратаў як моцных лідараў, герояў ці нават ідэалаў сапраўднай мужнасці. Напрыклад, прэзідэнт Расіі, кіраўнікі Азербайджана і Паўночнай Карэі ў гэтых відэа прадстаўленыя праз кадры, якія падкрэсліваюць іх фізічную моц, дамінаванне над суразмоўцамі і ўпэўненасць у сваіх дзеяннях. Гэтыя вобразы знаходзяць водгук пераважна ў мужчынскай аўдыторыі і ствараюць нерэальную і часта вельмі сімвалічную карцінку лідараў. 

    Напрыклад, у відэа, якое набрала 27 мільёнаў праглядаў і 2 мільёны лайкаў, “слабы” лідар Макрон не звярнуў увагу на салдата, якому стала дрэнна. У той час як  “моцны” лідар Пуцін падняў шапку салдата, тым самым паказаў сваю чалавечнасць і лідарства.   

    У іншым відэа амаль на 14 мільёнаў праглядаў заходнія лідары не спраўляюцца з парасонамі, а Пуцін усклаў кветкі пад праліўным дажджом без парасона. Гэта дзеянне “сапраўднага нязломнага лідара”.

    У роліку амаль на 800 тысяч праглядаў з прэзідэнта Азербайджана стварылі героя супергеройскага фільма The Boys. 

    Малодшае пакаленне ўсё менш чытае «традыцыйныя» навіны, а ўсё часцей карыстаецца «Tik­Tok» як галоўнай крыніцай інфармацыі. Кінематаграфічнасць і драматычнасць нарэзак з палітыкамі робяць гэткія відэа больш лёгкімі для ўспрыняцця. Людзі часта несвядома могуць трапіць на такія відэа. Іх лёгкі фармат можа хутка змяніць калі не палітычную пазіцыю, то, прынамсі, адмоўны імідж аўтарытарных палітыкаў у замежных медыя.  Гэта асабліва небяспечна для падлеткаў: некаторых прыцягваюць кантраверсійныя палітыкі, паказаныя з дапамогай інтэнсіўнай і адначасова лёгкай падачы матэрыялу. 

    Хоць пакуль што складана ацаніць рэальны ўплыў такога кантэнту на выбарцаў, у будучыні гэта можна прывесці да нармалізацыі вобразу дыктатараў і замацавання медыйнага брэнда «крутых лідараў». На фоне «нудных» палітыкаў з традыцыйнай медыянарэзкі ў «Tik­Tok» падобныя відэа ствараюць вобраз харызматычных і непахісных аўтарытарных фігур. 

    Акрамя гэтага, такія відэа могуць стаць часткай soft pow­er, якую выкарыстаюць аўтакраты, нават калі гэткія відэа не будуць стварацца на іх замову. Відэа з цікавай драматургіяй могуць трансфармаваць шэрую і складаную палітычную рэчаіснасць у кіно з моцнымі фігурамі «хвацкіх» дыктатараў-супергерояў. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці