Не толькі «Новая Зямля». Беларуская літаратура, напісаная ў зняволенні
Турма зрабіла вялікі адбітак на нашай літаратуры. Што казаць, самы знакаміты твор беларускай літаратуры — «Новая Зямля» Якуба Коласа — ствараўся за кратамі, а ў ХХІ стагоддзі існуе цэлая літаратурная прэмія за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
Сапраўды, эпічная «Новая Зямля», якая ўвайшла у каноны класікі беларускай літаратуры пачыналася Якубам Коласам у камеры Пішчалаўскага замку, больш вядомага сёння як СІЗА на Валадарскага… Сёлета, дарэчы, паэма адзначала 100-годдзе з дня выхаду, аб чым «Новы Час» пісаў. І сапраўды, у беларускім літаратурным жыцці ёсць прэмія імя Францішка Аляхновіча. Гэта прэмія ўручаецца за найлепшы твор на беларускай і рускай мовах любога жанру, напісаны ў зняволенні.
Гэта шмат пра што сведчыць. Найперш аб тым, што за краты трапляюць людзі, здольныя пісаць, здольныя выліваць на паперу думкі нават у самых неспрыяльных для гэтага ўмовах: у зняволенні. У ролі пісьменніка за кратамі творца адчувае свабоду, бо не абмежаваны мурамі, калючым дротам, турэмным рэжымам… Да гэтага сродку «вырвацца з клеткі» ў нас прыбягалі не толькі ў ХХІ стагоддзі, калі турэмная літаратура займела прэмію і аформілася ў жанр. Не, у зняволенні пісалі ва ўсе часы. А вось што пісалі — расказвае «Новы Час».
«Прамяністыя» на высылцы
Першым гучным палітычным працэсам на землях Вялікага Княства Літоўскага, пасля яго захопу Расійскай імперыяй, стаў так званы «працэс філаматаў». Лепшыя выкладчыкі і студэнты Віленскага ўніверсітэта трапілі пад следства і былі пакараныя высылкай. Адны атрымалі жорсткі прысуд: зняволенне ў крэпасці і высылка ў Сібір, другія — выгнанне з радзімы з правам ўладкавацца пры іншых універсітэтах. Але ці ж надламаў філамацкі дух несправядлівы вырак імперыі? Некалькі красамоўных прыкладаў.
Самы сталы сябар таварыства філаматаў Юзэф Яжоўскі быў у распараджэнні Маскоўскага ўніверсітэта. Не сібірская катарга, але ж і не родная Вільня… У маскоўскай высылцы Яжоўскі не спыняў актыўных заняткаў навукай. Гэта была яго стыхія! І справа спорылася. Хоць ён і быў у статусе зняволенага і быў пад пажыццёвым падазрэннем, ён здолеў напісаць і выдаць у Маскве кнігі «Шэсць песняў „Адысеі“ Гамера» з каментарыямі і навуковую працу «Аб развіцці філалагічных даследаванняў пісьмаў Платона», а таксама творы Авідзія. Кнігі сталі навуковымі бестселерамі свайго часу.
Іншы прыклад — Ян Чачот. Ён быў адным з тых, хто атрымаў суровы вырак: высылку ў Сібір. Але гэта не паўплывала на яго творчы імпэт. Замест лішніх слоў, лепш даць слова самаму Чачоту. Пра свае ўмовы жыцця ён пісаў у лісце да сябра:
«Наш дом — маленькая хатка: зробленая яшчэ пры жыцці пустэльніка магіла. Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай, чым Сібір, абвахце, заўсёды з салдатам перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы — у кажуху, паліто, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў».
І вось у такіх варунках ён яшчэ і перакладаў творы замежных мысляроў: Ірвінга, Гердэра, Стэварта, Стааль-Гальштэйна. Аб гэтым таксама ёсць у яго лістах.
Усё вельмі красамоўна, бо трэба разумець: філаматы — лепшыя людзі свайго часу, а лепшыя будуць плённа ствараць і даваць плён у любых умовах. На тое яны і лепшыя.
Турэмная лірыка Каліноўскага
«Лісты з‑пад шыбеніцы» — не менш вядомы прыклад турэмнай літаратуры, чым «Новая Зямля». Іх аўтар — сам правадыр вызвольнага паўстання Канстанцін Каліноўскі.
Каліноўскі пісаў лісты ў турэмнай камеры. Паўстанец ведаў, што гэта — яго апошняе слова, таму быў у лістах шчыры. Лісты сталі не толькі палітычным маніфестам іх аўтара, але і адметным творам літаратуры на беларускай мове. Калі хто запамятаваў, то знакаміты верш «Mapыcькa чаpнабpовa…» таксама з цыклу напісаных Каліноўскім за кратамі радкоў. Больш за тое, верш быў створаны ім y чаканні нeпaзбeжнaгa cмяpoтнaгa пaкapaння.
Гэтыя твopы можна смела paзглядaць як yзopы выcoкaй paмaнтычнaй пaэзii. 3вяpтaючыcя дa лipычнaгa aдpacaтy вepшa – Mapыі Ямaнт, паўстанец знaxoдзiць нaдзвычaй пpaнiкнёныя cлoвы. Bocь тaк гyчaць paдкi вepшa:
…He нapaкaй, Mapыcя, нa cвaю бяздoлю,
Ho пpымi цяжкyю кapy
Пpaдвeчнaгa вoлю,
A кaлi мянe ўcпoмнiш, шчыpa пaмaлicя,
To я з тaгo cвeтy тaбe aдзaвycя.
Наша турэмная лірыка менавіта такая. Без гераізацыі злачынцаў і наракання на несправядлівы свет, але з пяшчотай і глыбінным болем. Пад шыбеніцай іншым быць цяжка.
Пераклад Святога Пісання
У гісторыі беларускага нацыянальнага руху ёсць прыклады і святароў, якія за палітычную пазіцыю траплялі ў зняволенне. Яскравы выпадак — ксёндз-палітык з БХД Вінцэнт Гадлеўскі, які ў 1927 годзе быў зняволены Варшаўскім судом на два гады ў катаржную турму Макотаў.
У зняволенні святар бярэцца за пяро і пачынае рабіць пераклад галоўнай хрысціянскай кнігі — Евангелля. І гэта было актуальнай справай, бо для таго, каб беларусізаваць Каталіцкі Касцёл, патрэбныя былі царкоўныя тэксты на беларускай мове. Найперш — тэксты Новага Запавету. Да таго ж, сярод перакладчыкаў была канфесійная канкурэнцыя.
У сувязі з выхадам пратэстанцкага перакладу Новага Запавету група каталіцкіх святароў звярнулася да папы рымскага Пія XI з мемарандумам пра тое, што «народ можа стаць ахвяраю „сэктанцкіх“ уплываў, калі каталіцкія сьвятары ў Беларусі і далей ня мецьмуць магчымасьці карыстацца роднай мовай». Гэта падштурхнула Гадлеўскага дзейнічаць. Хоць умовы турэмныя былі жорсткім, часу на пераклад было багата. Пераклад быў зроблены з лацінскага тэксту Вульгаты, а таксама з нямецкіх, польскіх, французскіх і грэцкіх тэкстаў. «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» былі падрыхтаваныя ў 1938 годзе і выдадзеныя лацінкай у 1939‑м. Гэты пераклад высока цэніцца спецыялістамі.
Тая справа, якую рабіў ксёндз Гадлеўскі, была вельмі сімвалічнай: перакладаць Святое Слова за кратамі. У чым сімвалізм учынку? Усё проста. Апостал Павел, аўтар адных з самых значных сакральных тэкстаў, вядомых пад назваю лісты, значную з іх частку таксама пісаў у зняволенні…
Злодзей, які ледзь не атрымаў літаратурнага Нобеля
Быў выпадак, калі літаратурны твор, напісаны за кратамі, займеў шанцы атрымаць літаратурнага Нобеля… Гаворка пра раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — найбольш вядомы твор пісьменніка Сяргея Пясецкага. Кніга распавядае аб прыгодах кантрабандыстаў, якія ў 1920‑я гады рабілі рэйды праз савецка-польскую мяжу з мястэчка Ракаў у Мінск і назад.
Як жа Пясецкі, які нарадзіўся ў беларускіх Ляхавічах, трапіў за краты і стаў зоркай польскай літаратуры?
Усё ў тыя ж 1920‑я разам з сябрам Пясецкі здзейсніў напад на пасажырскі цягнік. Акцыя прайшла паспяхова, але паліцыя ўсё ж затрымала злачынцаў. Былога разведчыка асудзілі на расстрэл, які, улічыўшы ранейшыя заслугі, замянілі на 15 гадоў зняволення. Пакаранне ён адбываў у турме «Святы Крыж» — турма з самымі жорсткімі ўмовамі ўтрымання: кожны пяты вязень паміраў у яе мурах.
Менавіта тут Сяргей пачаў пісаць. Яму ў рукі выпадкова трапіў абрывак газеты з аб’явай пра літаратурны конкурс. I арыштант вырашыў удзельнічаць. Толькі была адна акалічнасць: Пясецкі не валодаў польскай літаратурнай мовай. Але не бяды, вязень паспеў вывучыць яе па кнігах турэмнай бібліятэкі. Пясецкаму нават выдалі чысты сшытак. Лепш няхай піша… І Пясецкі стаў пісаць!
Менш чым за месяц з’явілася аўтабіяграфічная аповесць «Пяты этап», героямі якой сталі кантрабандысты і разведчыкі. Але турэмная цэнзура адмовілася даслаць яе на конкурс. Не выйшла на волю і другая аповесць «Дарога да сцяны», дзе цэнзура ўгледзела парушэнне маральных правіл. I толькі трэці твор — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — трапіў да чытачоў.
Гэтая кніга змяніла лёс аўтара. Выдадзеная ў 1937 годзе, яна хутка стала бестселерам, вытрымала некалькі выданняў у Польшчы, была перакладзеная на замежныя мовы. Натуральна, публіка жадала бачыць аўтара і была надзвычай здзіўлена, калі даведалася, што ён адбывае тэрмін за разбой. Грамадская кампанія за вызваленне пісьменніка дала свой вынік. Восенню 1937-га Сяргей Пясецкі апынуўся на волі. Перад вайной яго раман нават вылучаўся на Нобелеўскую прэмію. Але з гэтым не атрымалася.
Зняволены «Пан Тадэвуш»
Іншая паэма нашай літаратуры, якая мае тытул эпічнай, таксама знітавана з турмамі. Гаворка пра «Пана Тадэвуша». Але ж прычым тут зняволенне, калі вядома, што Міцкевіч пісаў легендарны твор «на парыжскім бруку»?
Усё слушна, твор быў напісаны ў Парыжы, але перакладаўся на беларускую мову за кратамі. Прычым двума рознымі перакладчыкамі.
Першым вязнем-перакладчыкам «Пана Тадэвуша» быў Браніслаў Тарашкевіч, які ў лістападзе 1932-га чарговы раз быў асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы. Менавіта падчас гэтага зняволення Тарашкевіч узяўся за пераклад Адама Міцкевіча на беларускую. Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова не высветлены. Але былі знойдзеныя копіі і на іх падставе ў пачатку 1984-га ў Польшчы выйшла з друку выданне тарашкевічаўскага перакладу паэмы. У гэтай версіі беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў. 13-складовыя радкі Міцкевіча Тарашкевіч ператварыў у 15-складовыя. Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэнняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ». А гэта — каштоўна!
Другі вязень-перакладчык — Пятро Бітэль, які працаваў над перакладам у 1953–1955, падчас зняволення і адбывання 10-гадовага тэрміну ў ГУЛагу. Уражвае, што рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» быў зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з‑пад цэменту… Пераклад Бітэля лічыцца адным з найлепшых, хоць вынік працы быў пасмяротна апублікаваны толькі ў 1998‑м.
У высылцы бэсціць Сталіна
Дарэчы, пра ГУЛаг. Канешне, гэтая ўстанова была рэкардсменам па колькасці напісаных там шэдэўраў літаратуры. Крыважэрны сталінізм гэтаму спрыяў і стабільна пастаўляў туды творчыя кадры… Тысячы людзей выключнага таленту прайшлі праз савецкія лагеры. Многія не падалі духам і пісалі нават там. Што казаць, Францішак Аляхновіч, у гонар якога названая згаданая ўжо сучасная літаратурная прэмія, сам прайшоў праз «салаўкі». Але тут ёсць нюанс: напісана ў ГУЛагу было шмат, але да чытачоў дайшлі адзінкі. Усё ж не ўсім пашчасціла вырвацца жывымі з гэтай душагубкі.
Адметным творцам з плеяды рэпрэсіраваных беларускіх паэтаў, які не зачахляў пяра на высылцы, быў Язэп Пушча. Арыштаваны ДПУ БССР у 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі», Язэп Пушча быў прыгавораны пазасудовым органам НКУС як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. Свой тэрмін паэт адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Пасля вызвалення жыў углыбі Расіі. Высылка і прысуд не пахіснулі Язэпа Пушчу.
У зняволенні, на высылцы ён пісаў антысталінскія вершы. Рызыкоўна? Безумоўна! Арыштаваныя ў 1930‑х былі першымі кандыдатамі на знішчэння ў часы вялікага тэрору. Людзі імкнуліся перасядзець ціхенька, схавацца, а тут… Слова аўтару:
У вершы «Авідзій» чытаем:
«…Маё жыццё паволі гасне,
Не ўбачыць мне сямʼі.
Я высах, як таран.
Праклён табе, тыран!»
У дзень смерці Сталіна Пушча піша:
«Нязвыклы дзень: тыран сканаў…
Вартуй жа, смерць, ўсю ноч і рань,
Каб больш не ўстала яго здань».
Песні з‑за кратаў аб Беларусі
Выпадак паэта Сяргея Новіка-Пяюна — фенаменальны і сімвалічны ў справе повязі турмы і беларускай літаратуры. Гэтаму творцу быў адмераны доўгі век, і за жыццё ён паспеў прайсці тры турмы трох розных рэжымаў: польскую, нацысцкую, сталінскую. І ва ўсіх турмах паэт пісаў, і пісаў пра Беларусь.
Новік-Пяюн быў арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939-га і зняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасля прыходу Чырвонай Арміі. У 1943‑м арыштаваны СД і адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва. Падчас расстрэлу групы вязняў паэт быў паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала. Але ў 1944‑м зноў арыштаваны органамі НКВД і ваенным трыбуналам прыгавораны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены ў ГУЛаг на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны ў 1958‑м.
Зборнік яго вершаў, напісаных у турмах, мае сімвалічную назву «Песні з‑за кратаў». Там — пра Беларусь у сэрцы вязня.
***
Мінае час, а турэмных твораў, на жаль, не становіцца ў нас менш. Але голас волі з‑за кратаў — чутны. А вось гэта важна. Дух творцаў катам не зламаць.