• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спаліўся праз скрыншот. Як журналісты выкрывалі асобы адміністратараў праўладных Telegram-каналаў дзякуючы іх памылкам

    Чалавеку ўласціва памыляцца, нават калі ён сілавік, які ўпэўнены, што вядзе ананімны тэлеграм-канал у поўнай таямніцы.

    Прапаганда таксама робіць памылкі / @rubanau_collage

    Такая кур’ёзная гісторыя надоечы адбылася з адміністратарам канала віцебскага ГУБАЗіКа “Паўночная сталіца”. Мужчына выпадкова запісаў відэакружок з уласным здзіўленым тварам. Імклівае выдаленне паведамлення не дапамагло — журналісты незалежных СМІ адразу апазналі ў здзіўленым мужчыне віцебскага міліцыянера Андрэя Прыстаўку. 

    Еўрарадыё ўзгадвае выпадкі, калі беларускія прапагандысты сядалі ў лужыну, спрабуючы захаваць уласную ананімнасць.

    Апублікавалі дакумент з іменем адміністратара

    Адміністратары міліцэйскага тэлеграм-канала «Зваротны бок» у лютым 2023 года выпадкова выклалі дакумент, які раскрыў іх асобы і структуру, якая курыруе канал. Як аказалася, за яго адказвае Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, а адным з адказных за канал аказаўся падпалкоўнік Сяргей Басько, раней супрацоўнік УУС Мінскай вобласці. 

    хто вядзе тэлеграм-каналы беларускіх сілавікоў

    Сяргей Басько / Скрыншот відэа МУС

    Падчас пратэстаў 2020 года ён удзельнічаў у аперацыях, маскіруючыся пад пратэстоўцаў і журналістаў незалежных СМІ для таемнай здымкі ўдзельнікаў акцый. Верагодным начальнікам падраздзялення названы 38-гадовы Аляксандр Марчанка, супрацоўнік МУС з вопытам працы ў прэс-службах.

    Таксама высветлілася, што супрацоўнікі канала штодня манітораць публікацыі незалежных медыя і іншых тэлеграм-каналаў. 

    «Зваротны бок» быў створаны ў кастрычніку 2020 года пад назвай propolice_by і ў лютым 2022 года змяніў назву. На ім рэгулярна публікуюцца відэа з затрыманымі, якія суправаджаюцца абразлівай лексікай у адрас апазіцыі і нацыянальных сімвалаў. 

    Лічбавыя сляды прапаганды

    Страцілі ананімнасць рэдактары тэлеграм-канала “Berez­i­na”, які актыўна займаўся агрэсіўнай прапагандай у падтрымку прарасійскага рэжыму. Гэты канал, закінуты з сярэдзіны сакавіка, налічваў 3,5 тысячы падпісчыкаў і стаў вядомы тым, што з пачатку вайны распаўсюджваў матэрыялы з абразамі на адрас украінцаў і апазіцыйна настроеных беларусаў, распальваючы нянавісць і варожасць.

    хто вядзе тэлеграм-каналы беларускіх сілавікоў

    Раман Кашырын / фота з «Вконтакте»

    Выданне “Наша Ніва” высветліла асобы двух адміністратараў. Адзін з іх — Раман Кашырын, 31-гадовы ўраджэнец Бабруйска, які раней працаваў у мінскіх барах і гасцініцах і пазней стаў “медыяэкспертам” у праўрадавых колах. Яго дзейнасць звязаная з падтрымкай каналаў і чатаў, накіраваных на дыскрэдытацыю палітычных апанентаў і распальванне нацыянальнай варожасці.

    Другі адміністратар — Антон Сымановіч, былы актывіст БРСМ, вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі і актыўнасцю ў праўладных чатах з прыніжальнымі выказваннямі пра беларускіх і ўкраінскіх актывістаў. 

    Высветліць іх асобы дапамаглі боты, якія захоўваюць інфармацыю пра тэлеграм-акаўнты, а таксама спецялісты з “Кіберпартызанаў”.

    Юрысты з праваабарончага цэнтра «Вясна” падкрэсліваюць, што рыторыка канала “Berez­i­na» трапляе пад прыкметы распальвання нянавісці і наўмыснага скажэння інфармацыі, накіраванага на фармаванне негатыўнага стаўлення да грамадзян з апазіцыйнымі поглядамі. 

    Спаліўся праз скрыншот

    Зімой 2020 года блогер Антон Матолька сцвярджаў, што здолеў дэананімізаваць адміністратара прапагандысцкага тэлеграм-канала “Жоўтыя слівы”, якім, на яго думку, з’яўляецца дзяржаўны журналіст Аляксандр Бянько. Гэты канал вядомы публікацыяй закрытай інфармацыі сілавых структур, якую затым цытуюць дзяржаўныя СМІ для яе легалізацыі. Зараз на “Жоўтыя слівы” падпісаныя 47,5 тысяч карыстальнікаў.

    хто вядзе тэлеграм-каналы беларускіх сілавікоў

    Аляксандр Бянько крайні справа / shakal.today

    Доказамі Матолькі стаў скрыншот з Face­book, апублікаваны ў канале, на якім была відаць аватарка, што належала акаўнту Аляксандра Бянько, супрацоўніка выдання “Беларусь сёння”. Праз некалькі гадзін пасля дэанона кампраментавальны скрыншот выдалілі, але доказ ужо паспеў распаўсюдзіцца.

    Падазрэнні ў сувязі Бянько з гэтым каналам выказваліся і раней. Яго заўважылі на закрытай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, куды запрашалі толькі абраных. Невытлумачальны статус Бянько на гэтай цырымоніі дадаваў вагі здагадкам аб яго магчымым удзеле ў прапагандысцкай дзейнасці.

    Выдаленне скрыншота толькі ўмацавала грамадскае меркаванне аб тым, што Бянько можа быць датычны да «Жоўтых сліваў», аднак афіцыйных пацверджанняў гэтаму пакуль няма.

    “Беларускі сілавік”, якім кіруе правакатар у пагонах

    Тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» узнік у сакавіку 2022 года, падчас расійскага ўварвання ва Украіну. Дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі z‑каналамі і мілітарысцкай рыторыцы, канал хутка прыцягнуў больш за 350 тысяч падпісчыкаў, пераважна з Расіі. Выданне «Наша Ніва» правяло расследаванне і высветліла, што за каналам стаіць Артур Гайко — супрацоўнік ГУБАЗіКа і правакатар, які быў замешаны ў скандале з “Чорнай кнігай Беларусі”.

    хто вядзе тэлеграм-каналы беларускіх сілавікоў

    Артур Гайко / Аляксандр Кушнер, «Беларусь сёння»

    Гісторыя канала пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі ён называўся «Аб’яднаны саюз рэвалюцыі» і служыў пляцоўкай для арганізацыі пратэсных акцый і збору сродкаў. Пазней ГУБАЗіК захапіў канал і перафарматаваў яго ў інструмент прапаганды. 

    Спачатку канал атрымаў назву “Пратэсны электарат”, публікаваў асабістыя звесткі праціўнікаў рэжыму, а затым быў перайменаваны ў “Беларускі сілавік». Пад гэтым іменем ён стаў папулярным рэсурсам для прарасійскай z‑аўдыторыі, прасоўваючы мілітарысцкую прапаганду.

    Кіраўніком канала стаў Гайко, які мае вопыт аператыўнай працы. У сваіх публікацыях ён падкрэсліваў сувязь з Віцебскам, што пацвярджаецца яго біяграфіяй. 

    Акрамя таго, кантактны акаўнт, пазначаны ў канале, аказаўся звязаны з акаўнтам, які раней належаў жанчыне з крымінальным мінулым, што таксама паказвае на тыповую тактыку сілавіка — захоп уліковых запісаў для іх далейшага выкарыстання ў прапагандысцкіх мэтах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці