• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Другі дзень народзінаў у зняволенні сустракае відэаператар Аляксандр Зянкоў

    12 лістапада Аляксандру Зянкову споўнілася 56 гадоў. Свае 55‑я ўгодкі барысаўскі фатограф і відэааператар  сустрэў у мінскім СІЗА, а сёлетні дзень народзінаў — у магілёўскай ПК № 15.

    Аляксандр Зянкоў палітвязень

    Аляксандр Зянкоў. Фота: LinkedIn

    Відэааператара-фрылансера Аляксандра Зянкова прызналі вінаватым ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса). 30 студзеня 2024 года суддзя Мінскага гарадского суда Жанна Брысіна прысудзіла яму тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Зварот у Вярхоўны суд з апеляцыйнай скаргай плёну не прынёс: суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч пакінула вырак суда першай інстанцыі без зменаў.

    Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі там ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага відэааператара адразу павезлі ў Мінск і 10 дзён трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

    Паводле слоў аднаго з ягоных сукамернікаў па ІЧУ, Аляксандр адмовіўся ад паслуг дзяржаўнага адваката і не прызнаваў ні ў чым сваёй віны. Пра крымінальнае абвінавачанне затрыманы журналіст распавядаў, што яно тычыцца ягоных відэаздымкаў, паказаных на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў тэхнічным абсталяванні, якое забралі з дома падчас ператрусу.

    Праз 10 дзён Зянкова перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Там ён знаходзіўся да суда і яшчэ некаторы час пасля — да адпраўкі ў СІЗА пры магілёўскай турме № 4, куды Зянкова перавялі незадоўга да разгляду яго апеляцыйнай скаргі. 23 студзеня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста-фрылансера палітычным вязнем.

    Сёлета ўвесну стала вядома, што яго накіравалі адбываць прысуджаны тэрмін на Магілёўшыну — у папраўчую калонію № 15.  6 траўня імя Аляксандра Зянкова з’явілася ў Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

    Хто такі Аляксандр Зянкоў

    Аляксандр Зянкоў — вядомы ў Барысаве фатограф і ці не першы ў Беларусі фатограф-фрылансер. У 1998 годзе ён зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам і зарабляў грошы, шукаючы сабе самастойнай працы. Ён не быў у штаце мясцовых незалежных выданняў, але рэгулярна з імі супрацоўнічаў.

    Пазней апрача фота ён захапіўся і відэаздымкамі, самастойна авалодаў навыкамі працы з відэакамерай. Здымаў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы адзначыла творчую працу пра аднаўленне царквы ў вёсцы Зэмбін Барысаўскага раёна.

    У 2020‑х Аляксандр Зянкоў шмат займаўся ўласнай творчасцю — падарожнічаў, фатаграфаваў краявіды, прыродныя з’явы, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго адбылася персанальная фотавыстава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці