• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Фатограф з Аўшвіц». Вільгельм Брасэ – чалавек, які дакументаваў нямецкія злачынствы супраць чалавечнасці

    12 гадоў таму памёр Вільгельм Брасэ. Дзякуючы яму бясследна не зніклі доказы нямецкіх зверстваў у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Беларуская служба Польскага радыё расказвае пра фатографа паводле архіўных матэрыялаў рэдакцыі.

    «Фатограф з Аўшвіц»: гісторыя Вільгельма Брасэ

    Вільгельм Брасэ з адным са сваіх здымкаў у 2005 годзе. Крыніца: commons.wikimedia.org/chicagodocfestival.org

    Вільгельм Брасэ, якога называлі «фатографам з Аўшвіц», цягам некалькі гадоў па загадзе СС вёў фотадакументацыю, зрабіўшы 50 тысяч фотаздымкаў. Пасля пачатку эвакуацыі лагера яму ўдалося выратаваць некалькі дзясяткаў тысяч з іх, што паслужыла сведчаннем злачынстваў супраць чалавечнасці.

    Вільгельм Брасэ нарадзіўся ў 1917 годзе ў горадзе Жывец у паўднёвай Польшчы, які тады ўваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай Імперыі. Бацька будучага фатографа быў аўстрыйцам, а маці – полькай. Бацька Вільгельма, нягледзячы на сваю нацыянальнасць, быў польскім патрыётам: ён ваяваў у польскай арміі падчас польска-савецкай вайны, а ў 1939 годзе, калі немцы напалі на Польшчу, уступіў у шэрагі Войска Польскага. Закончыўшы школу, Вільгельм Брасэ пайшоў вучыцца на фатографа. Вось як ён згадваў пачаткі сваёй прафесійнай кар’еры ў эфіры Польскага радыё ў 2010 годзе.

    - Мая мама мяне паслала ў мясцовае фотаатэлье, каб я навучыўся і стаў фатографам. У 1935 годзе я здаў прафесійны экзамен і, будучы маладым фатографам, знайшоў працу ў Катавіцах. Я працаваў у вельмі добрым фотаатэлье ў самым цэнтры горада.

    Калі фатограф добры, то ён ведае, як паставіць чалавека, каб зрабіць яму добрую фатаграфію, як падабраць святло – ці больш вострае, ці больш спакойнае. Адным словам, у фатографа павінна быць добрае вока. Мне здаецца, што я быў добрым фатографам, бо мае здымкі падабаліся кліентам, і я нядрэнна зарабляў як на тыя часы.

    Калі пачалася вайна і немцы акупавалі Польшчу, Вільгельм Брасэ адмовіўся падпісваць фольксліст як сын аўстрыйца. Ён свядома зазначыў у дакументах, што з’яўляецца палякам. У сакавіку 1940 года хлопец з сябрамі вырашыў накіравацца ў Францыю, каб уступіць у польскія ўзброеныя сілы, якія там фармаваліся. Аднак іх злавілі ўкраінскія паліцэйскія і перадалі немцам. 

    «Фатограф з Аўшвіц»: гісторыя Вільгельма Брасэ

    Здымак 14-гадовай польскай дзяўчынкі Чаславы Квокі, забітай немцамі ў Аўшвіц, зроблены Вільгельмам Брасэ. Крыніца: wikimedia.org/pol.dk

    У турме хлопец прасядзеў чатыры месяцы. Аднойчы яго выклікаў да сябе нямецкі афіцэр і сказаў, што калі маладзён падпіша дакументы і ўступіць у Вермахт, то яго вызваляць. Вільгельм адмовіўся і яго ў жніўні 1940 года перавялі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц.

    У лютым 1941 года Вільгельма і некалькіх іншых зняволеных выклікалі ў кабінет каменданта лагера Рудольфа Хёса, дзе праверылі іх навыкі фатаграфавання. Брасэ асобна адзначылі за прафесійную працу ў лабараторыі і ўменне абыходзіцца з камерай, а таксама за веданне нямецкай мовы, пасля чаго загадалі заняцца дакументальнай здымкай.

    Ужо пасля вайны Брасэ згадваў, што адчуваў сорам перад тымі, каго фатаграфаваў, аднак не мог нічым ім дапамагчы, баючыся парушыць загад.

    Праз паўтара года Вільгельм сустрэў Ёзэфа Менгеле – лекара, які праводзіў медыцынскія эксперыменты на зняволеных, якога называлі «анёлам смерці з Аўшвіц». Эсасаўцу спадабаліся здымкі Брасэ і ён загадаў фатографу зрабіць фота некалькіх блізнят, а таксама вязняў з заганамі развіцця, над якімі Менгеле праводзіў доследы. У прыватнасці, маладому фатографу прыйшлося зрабіць здымкі эксперыментаў па забойстве зняволеных газам Цыклон Б.

    У размове з журналісткай Польскага радыё ў 2010 годзе Вільгельм Брасэ згадаў пэўны трагічны момант.

    - Гэта была вясна 1941 года. Да мяне прывялі вязняў, каб зрабіць ім здымкі. І сярод іх я пазнаў сваіх знаёмых яўрэяў з майго роднага горада Жывец. Прывёў іх кат, на жаль, паляк. Звалі яго Вацлаў Рудзкі. Я яго папрасіў, каб ён іх забіў так, каб іх смерць не была пакутлівай. Вы ўяўляеце, што я цяпер вам расказваю? Іншым чынам я ім не мог дапамагчы…

    «Фатограф з Аўшвіц»: гісторыя Вільгельма Брасэ

    Акрамя вязняў, фатаграфавацца да Вільгельма прыходзілі і людзі з адміністрацыі лагера. Дзякуючы такім падпрацоўкам Брасэ атрымліваў цыгарэты і ежу.

    Калі Чырвоная армія набліжалася да канцлагера, начальнік Брасэ загадаў знішчыць негатывы фотаздымкаў. Немцы распалілі агонь і пачалі кідаць у яго стужкі. Аднак яны былі вырабленыя з цэлюлоіду, які не гарыць, а толькі плавіцца. Калі Брасэ застаўся адзін, то ён заліў агонь вадой, выцягнуў стужкі і разам з сябрам схаваў іх у фоталабараторыі.

    Пасля ўваходу савецкіх войскаў у Польшчу Вільгельма і тысячы іншых зняволеных перагналі ў канцэнтрацыйны лагер Эбэнзэ, адкуль іх у пачатку мая 1945 года вызвалілі амерыканскія войскі.

    Вярнуўшыся дадому ў Жывец, Вільгельм паспрабаваў вярнуцца да фатаграфавання, аднак успаміны і карціны ўбачанага працягвалі пераследваць яго падчас працы.

    «Кожны раз, калі я глядзеў у відашукальнік, там з’яўляліся яўрэйскія дзяўчыны».

    У выніку ён кінуў фатаграфаванне і адкрыў невялікі прыватны бізнэс.

    Брасэ не раз вяртаўся ў музей Аўшвіц, каб падзяліцца ўспамінамі з наведвальнікамі, і хоць у яго з сабой была маленькая даваенная фотакамера Kodak, ён ні разу не зрабіў ніводнага здымка.

    У 2005 годзе ў Польшчы выйшаў дакументальны фільм пад назвай Portrecista, прысвечаны лёсу Вільгельма Брасэ.

    Вільгельм быў жанаты і меў дваіх дзяцей ды пецярых унукаў. Ён жыў са сваёй жонкай у Жыўцы да самай смерці ў 94 гады. Памёр Вільгельм Брасэ 23 кастрычніка 2012 года.

    Слухаць аўдыё

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці