Эвакуяваная з Беларусі журналістка «Белсата» просіць пра дапамогу
BYSOL адкрыў збор у падтрымку журналісткі тэлеканала «Белсат». Яна тэрмінова з’ехала з Беларусі разам з двума дзецьмі. Зараз сям’і патрэбныя грошы на арэнду жылля і заняткі з дэфектолагам для малодшага дзіцяці.
«Да 2022 года я рабіла перадачу «Маю права», а з 2022 года — «Ваяры» — пра беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну, — расказвае сваю гісторыю журналістка «Белсата». — Увесь гэты час я працавала з Беларусі — мела зносіны з добраахвотнікамі, складала план здымак, пытанні, пісала мантажны сцэнар. Апроч журналісцкай працы я адпраўляла бандэролі падтрымкі ў СІЗА: прадукты, тэрмабялізну і г.д. для рэпрэсаваных, рабіла грашовыя пераводы.
Калі пачаліся арышты за адпраўку перадач і грашовых сродкаў, я стала падтрымліваць родных палітычных вязняў, з кім была знаёмая: з кімьці сустракалася асабіста, камусьці адпраўляла пасылку. Гэта былі такія невялікія «прыемнасці», каб проста падтрымаць людзей.
З’яжджаць з Беларусі я не планавала, імкнулася стаць нябачнай: выдаліла акаўнты з сацсетак, прыбрала з кватэры ўсё, што магло хоць неяк скампраметаваць мяне. Пра маю дзейнасць і працу не ведалі нават у сям’і».
Аднак у 2024 годзе журналістку пачалі вызываць на допыты, дома правялі ператрус. Увагу сілавікоў прыцягнула тое, што да 2021 году яна атрымлівала заробак на беларускую карту з‑за мяжы. BYSOL дапамог тэрмінова эвакуяваць з Беларусі нашу калегу разам з дзецьмі.
«Уцякалі мы проста з лецішча, з адным заплечнікам. Цяпер даводзіцца пачынаць жыццё з нуля. Майму малодшаму сыну 3 гады, ён асаблівае дзіця. Раз на паўгода яму трэба правяраць сэрца, а таксама яму патрэбныя заняткі з дэфектолагам. У Беларусі ён займаўся 2 разы на тыдзень. Цяпер мы губляем усё, што малы напрацаваў са спецыялістам.
Незапланаваны пераезд даецца вельмі цяжка, і мне банальна не хапае сродкаў, каб закрыць хаця б абавязковае. У Беларусі мне хапала сродкаў не толькі на сям’ю, але і на дапамогу іншым, а тут я сама прашу аб дапамозе, але, самае галоўнае, што я на волі, і мы ў бяспецы. Ваша данаты дапамогуць нам як мага хутчэй адаптавацца да новай рэальнасці», — піша журналістка.
Сума збору — 3000 еўра
- 1500 еўра – арэнда жылля на 3 месяцы;
- 1000 еўра – 25 заняткаў сына з дэфектолагам;
- 500 еўра – самае неабходнае на першы час
Дапамагчы можна па спасылцы