• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі б арыштоўвалі за беларускія газэты і кнігі, дык трэба было б арыштаваць усіх беларусаў». За што змагалася «Змаганьне» ў 1923 годзе?

    28 кастрычніка 101 год таму ў Вільні выйшаў першы нумар новай газеты для нашых суайчыннікаў. Выданнем займаўся адзін з кіраўнікоў беларускіх эсэраў Мікалай Шыла. Чарговы амбіцыйны праект нашага друку пратрымаўся нядоўга – выйшла некалькі дзясяткаў нумароў, і неўзабаве польскія ўлады зачынілі «Змаганьне».

    Першы нумар «Змаганьня»

    Першы нумар газэты доўга не разганяўся, і адразу пачынаўся магутным артыкулам «Да змаганьня!». Хаця калі быць цалкам дакладнымі, першая старонка спачатку знаёміла з рэклямнай інфармацыяй пра магчымасьці абмяняць амэрыканскія даляры ў Вільні.

    «Да змаганьня!»

    Нішто на сьвеце нікому не даецца дарма. З асаблівай яркасьцяй гэта праўда выяўляецца ў гісторыі народаў. Кожны народ, які пышыцца сваёй воляй і сілай, дастаў усё гэта не дарма, не як дар, а здабыў дарогай часта доўгага і цяжкага змаганьня, часта крывавай барацьбой.

    І дарма польскі міністар у Сойме надоечы казаў, што незалежнасьць дасталася Польшчы дарма: няпраўда, яна акуплена крывёй лепшых сыноў Польскага народу, палёгшых на палёх бітваў і злажыўшы свае косьці ў далёкай і халоднай Сыбіры.

    Існуюць дзьве дарогі, па якіх ідуць народы, здабываючы для сябе волю. Там, дзе пануе няволя, дзе закон не бароне народу і яго правоў, дзе ўсё грунтуецца на сіле і гвалце, — там паняволены народ проці сілы ўжывае сілы. Наадварот, у гаспадарствах канстытуцыйных, дзе ўсё аснована на законе, існуюць вельмі чысьленыя і рознародныя спосабы бараніць інтарэсы залежных ад дзяржавы народаў, апіраючыся на канстытуцыю і ня выходзячы з межаў права.

    Дзеля гэтых дзьвюх дарог у беларускай мове існуюць два назовы: для першае – барацьба, для другое – змаганьне. І мы сьвядома выбралі апошні назоў для нашае часопісі: мы хочам змагацца за правы нашага народу ў Польскім гаспадарстве, карыстаючыся ўсімі прадугледжанымі ў канстытуцыі спосабамі.

    Мала таго, што канстытуцыя прызнае нашае права на школу ў роднай мове, на падмогу дзяржаўнага скарбу для культурна-прасьветных установаў меншасьцяў: трэба, каб былі ўведзеныя ў дзяржаўнае жыцьцё адумысныя ўставы і правілы, якія б точна азначылі межы нашых правоў і точна ўстанавілі б абавязкі ўраду адносна да патрэб беларускага і другіх народаў, што знаходзяцца пад уладай Польшчы.

    Рэкляма ў выданьні

    Паміж Нямеччынай і Расеяй

    Далей аўтары выданьня часткова перадрукоўваюць артыкул Kur­jer Pol­s­ki пра зьмест апошняй прамовы Троцкага ў Крамлі з уласнымі разважаньнямі адносна актуальнай палітычнай сітуацыі.

    «Адзначыўшы, што Расея ня хоча вайны з Польшчай, Троцкі з націскам заявіў, што Польшча мае выбар: або стацца мастом паміж Расеяй і Нямеччынай, або апынуцца паміж Расеяй і Нямеччынай, як у абцугох. Калі будзе мастом, Расея шчодра заплаціць ёй за гэта. Расея ня хоча вайны, гатова ад яе ўхіліцца, але не пазволіць аддзяоіць сябе ад Нямеччыны. У канцы Троцкі сказаў, што калі Польшча захоча быць запорай паміж Расеяй і Нямеччынай, дык сама паставіць сябе ў палажэньне, якога баяцца варшаўскія нацыяналісты.

    “Rzecz­pospoli­ta” аднак думае, што пры цяперашнім палажэньні Расея і Нямеччына ня ў сілах паважна пагражаць Польшчы.

    Запраўды трэба разглядаць сучасную Эўропу ўверх нагамі, каб хоць на адну часіну думаць, быццам разьбітая Нямеччына і ня маючыя лішніх дастаткаў Саветы могуць па ёй гарцаваць уволю, ды быццам няма тае сілы, што здолела бы спыніць іх разгон.

    Будучыня пакажа, дзе і як Расея і Нямеччына здолеюць пабудаваць мост, што іх злучыць. З свайго боку можам сказаць толькі адно: што шуканьне магчымасьці пабудаваньня такога маста – гэта наказ самога жыцьця, бо Расея і Нямеччына заўсягды жылі супольнымі гаспадарчымі інтарэсамі і будуць жыць імі далей»

    Як бачым, да 1939 года заставалася ўсяго 16 гадоў.

    Арышт за беларускія кнігі?

    У артыкуле, які мог зьявіцца і ў сучаснай Беларусі, выданьне друкуе весткі з вёскі Груздава, што на Вілейшчыне.

    «З дзявятага на дзясятага кастрычніка паліцыя арыштавала гр. Арсеня Сярэбранікава. У часе вобыску ў яго знайшлі і забралі два нумары Вольнага Сьцягу, адзін нумар Вызваленьня, адзін нумар Віленскай Раніцы, адзін ліст з Амэрыкі і некалькі беларускіх кніжак і падручнікаў. Што за прычына яго арышту мы і дагэтуль ня ведаем. Няўжо толькі за тое, што забралі пры рэвізіі? Дык нам здаецца, што не. Бо каб арыштоўвалі за беларускія газэты і кнігі, дык трэба было б арыштаваць усіх беларусаў у межах Польшчы, а можа нават і некаторых палякаў, бо і яны чытаюць беларускую літаратуру.

    Прычына тут, здаецца, што – выбары ў Сойм, у якіх Сярэбранікаў прыймаў учасьце. Мусіць тыя пратэсты нашых беларускіх паслоў (дэпутатаў у Сойм – заўв. П.Х.) не даюць спакойна спаць крэсавым панам і яны хапаюць наш народ без разбору і садзяць у вастрогі. Але гэтым нас не запужаць. Чым болей сталь гартуюць, тым болей яна становіцца цьвярдзейшай. Чым болей нас ціснуць, тым болей мы ўсьведамляемся, тым болей павялічваюцца кадры працаўнікоў на карысьць нашай многапакутнай Бацькаўшчыны».

    Урывак з выданьня

    Пералом ССРР

    Як вядома, выдавец «Змаганьня» быў левых поглядаў, больш дакладна – ён быў эсэрам, і меў глыбокія сантымэнты да савецкай (радавай) улады на Ўсходзе.

    «Усе весткі, што прыходзяць з ССРР, павінны мець без па«»раўнаньня большае значэньне, чым весткі з якога-небудзь іншага краю, бо ССРР ёсьць ня толькі першай, але наогул адзінай дзяржавай, дзе ўлада знаходзіцца ў руках работнікаў і сялян (цікава, ці сапраўды спадар Шыла ўяўляў кухарку на чале Крамля? – заўв. П.Х.). Таксама можна сказаць, што належнае азнаямленьне з разьвіцьцём тамашніх стасункаў зьяўляецца абавязкам ня толькі кожнага сацыяліста, але і наогул кожнага культурнага чалавека. Ня гледзячы аднак на гэтае, вялізарная большасьць таго, што пісалася і пішацца аб ССРР, мае перш за ўсё характар прапаганды, пазбаўленай глыбокай вартасьці.

    Але ж ясна, першы перыяд рэвалюцыі быў запраўды злучаны нятолькі з нялюдзкімі труднасьцямі, проста нязнанымі ў гісторыі, але і з нялюдзкімі цярпеньнямі. Трэба сабе выразна сказаць, што тая нэндза і нядоля, тое распружэньне ўсёй сацыяльнай гаспадаркі, — гэта была цана зробленага перавароту, гэта была трагічная заплата за права ўзыходу на новыя гістарычныя шляхі.

    Цяпер можна, здаецца, сцьвердзіць, што аздараўленьне гаспадарчых стасункаў у ССРР зьяўляецца ўстаноўленым фактам. У кожнай галіне сацыяльнага жыцьця відаць выразны пералом, усюды кіпіць напружаная праца, гарачковыя шуканьні, карысныя высілкі».

    З падобнымі страшэннымі ілюзіямі шматлікія беларусы з 1925 года і крыху пазьней кідалі ўсё, каб перабрацца ў камуністычны рай. Вынік: фізычнае вынішчэньне і зьнявечаныя лёсы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці