• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гродне бацькам школьнікаў пагражаюць сацыяльна небяспечным становішчам за падпіску на папуляныя гарадскія сайты

    У чатах гродзенскіх школ і гімназій пагражаюць пастаноўкай дзіцяці на сацыяльна небяспечнае становішча, калі бацькоў прыцягнуць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта адбываецца на фоне распаўсюджвання інфармацыі пра прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі папулярных гарадскіх навінавых сайтаў — s13.ru і autogrodno.by, піша Hrodna.life.

    Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

    Па інфармацыі Hrodna.life, у чатах з’явілася паведамленне, у якім кажуць пра прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі папулярных гарадскіх навінавых парталаў s13.ru і autogrodno.by. Бацькам раяць адпісацца ад рэсурсаў і прыбраць лайкі. Таксама паведамляецца, што ў выпадку прыцягнення па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі) школа або гімназія будуць праводзіць сацыяльнае расследаванне, па выніках якога дзіця могуць прызнаць змешчаным у сацыяльна небяспечным становішчы.

    Гродзенскі сайт s13.ru і яго сацсеткі перасталі абнаўляцца з серады 23 кастрычніка, заўважыў Telegram-канал «Право имеют». Інфармацыя пра прызнанне яго экстрэмісцкім з’явілася 25 кастрычніка у гарадскіх чатах. Працадаўцы, участковыя, прадстаўнікі ўладаў раілі адпісацца ад сацсетак партала. Да вечара дзяржСМІ паведамілі, што па заяве пракурора горада Гродна матэрыялы інтэрнэт-рэсурсу s13 сапраўды прызнаныя судом экстрэмісцкімі. 

    Таксама стала вядома пра адміністрацыйны працэс над уладальнікам сайта s13.ru Сяргеем Чабоцькам. Справу па артыкуле 19.11 ч. 2 КаАП разгледзелі 25 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Вынік пакуль невядомы.

    Сайт s13.ru — адзін з самых буйных на гродзенскім медыярынку, працуе амаль 20 гадоў. У рубрыцы «Папулярнае» тэксты збіралі па 20−100 тыс.праглядаў. У Insta­gram у іх было 82 тысячы падпісчыкаў, у Telegram — 14 тысяч. Пасля выбараў 2020 года s13 перастаў перадрукоўваць медыя, прызнаныя экстрэмісцкімі, і часам бяскрытычна рэпосціў праўладныя і дзяржаўныя тэксты. За двое сутак пасля прызнання экстрэмісцкімі матэрыяламі страціў дзясяткі тысяч падпісчыкаў у сацсетках.

    Партал пра аўтанавіны Гродна — Autogrodno.by ніяк не каментуе чуткі пра прызнанне яго экстрэмісцкім, рэгулярна абнаўляецца і не прысутнічае ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Праўда, s13.ru там таксама пакуль няма. Магчыма, спіс абновіцца ў панядзелак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці