• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тэатральная майстэрня «Тэма»: новыя месцы для самавыяўлення ў Познані

    Чатыры прафесійныя беларускія актрысы і рэжысёры арганізавалі ў Познані тэатральную майстэрню «Тэма». На камерцыйнай аснове дзейнічаюць чатыры групы для дзяцей і дарослых.

    Тэатральная майстэрня «Тэма» у Познані

    Ілюстрацыя Беларуская служба Польскага радыё для замежжа

    Мы хочам паказаць вучням, як працуе тэатр

    Прафесійная актрыса спадарыня Алена з усмешкай распавядае, што аднойчы прафесійныя акцёры і рэжысёры сабраліся разам і самі перад сабой паставілі пытанне: «А чаму мы нічога не робім?» Ім вельмі хацелася застацца ў прафесіі, а не працаваць на складах.

    — Мы назваліся тэатральнай майстэрняй, бо хочам наогул абагульніць і паказаць тое, як працуе тэатр. Гэта не толькі акторскае майстэрства, але і рэжысура, сцэнаграфія, драматургія. Мы імкнёмся стварыць прастору, дзе людзі змогуць эксперыментаваць і зразумець, што такое тэатр. А тэатр — гэта і рэжысура, і сцэнаграфія, і драматургія, і магчымасць самім пабыць акторамі, рэжысёрамі, драматургамі, удзельнічаць у стварэнні дэкарацый. Гэта наша асноўная мэта. У нас чатыры групы і чатыры куратары. Самая малодшая група — ад шасці да васьмі гадоў, другая — ад дзевяці да адзінаццаці, наступная — ад дванаццаці да шаснаццаці, і дарослыя — васемнаццаць плюс.

    Робім усё, каб кожны адчуў сябе творцам

    Спадарыня Алена распавядае, што яны не адзіныя ў Познані, хто праводзіць тэатральныя заняткі для эмігрантаў — існуе яшчэ тэатральная школа, якая з’яўляецца іх канкурэнтам. Таму, маўляў, даводзіцца працаваць актыўна і прапаноўваць сваім вучням новыя цікавыя метады навучання.

    — Мы не прыходзім на заняткі з гатовай ідэяй і не кажам, што сёння робім гэта і наступнае. Мы проста ствараем умовы, задаём тэму, таму і называемся “Тэма”. Паказваем практыкаванні і інструменты, з дапамогай якіх можа стварацца тэатр. Усё гэта дзеля таго, каб кожны адчуў сябе творцам, каб развіць творчыя здольнасці кожнага і каб кожны адчуў, як гэта цудоўна, калі ты нешта прыдумляеш, а потым гэта ўвасабляецца, і ты бачыш гэта на сцэне. Вось такая наша мэта.

    «Цалкам зразумела, калі чалавек адпрацаваў 8 гадзін у краме і на будоўлі, а потым ідзе на рэпетыцыю, які будзе плён»

    У тэатра шмат формаў, і гэта цікава

    Першая тэма, якую аб’явілі ў падгрупе спадарыні Алены, — “Я”. На яе думку, падлеткам вельмі важна разабрацца ў сабе, зразумець як мага больш пра сябе, навучыцца будаваць стасункі з іншымі, адчуць свае здольнасці і моцныя бакі.

    — І ўсё гэта праз тэатр. Я планую, каб у першым семестры яны стварылі гісторыю пра сябе, і кожны паказаў спектакль пра сябе, а ўсе астатнія таксама ўдзельнічалі ў гэтым спектаклі. Тэатр шматбаковы: гэта і тэатр прадмета, і тэатр ценяў, і слова, і пластыка. І я хачу праз гэты спектр паказаць, які розны бывае сучасны тэатр, бо ў яго шмат формаў, і гэта цікава.

    Стараемся не занудзіцца

    Што датычыцца саміх заняткаў, спадарыня Алена кажа, што яны імкнуцца рабіць іх так, каб адначасова стваралася камфортная атмасфера, каб было цікава і карысна.

    — Заняткі складаюцца адначасова з пэўных акцёрскіх трэнінгаў для цела, развіцця мовы, дыкцыі і, канешне, гульняў і практыкаванняў. Мы стараемся не занудзіцца, а ствараць пэўны баланс паміж вельмі карыснымі практыкаваннямі і вясёлымі.

    «Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Што адбываецца з мiжнародным фестывалем тэатраў лялек у Гродне?

    Гэта падарожжа для нас усіх

    Дарэчы, у падлеткавай групе, дзе праводзіць заняткі спадарыня Алена, дзеці з Беларусі і Украіны. А ў дарослай групе — выключна беларусы. Што датычыцца вынікаў, да якіх імкнецца “Тэма”, гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым.

    — У нас няма дакладных планаў, што мы прыдумалі і да іх ідзём. Хутчэй мы адштурхоўваемся ад групы, глядзім, куды нас павядуць нашы вучні, бо хочацца слухаць, на што яны адклікаюцца, і куды ім цікава ісці. Канешне, мы імкнемся да развіцця, хочам дайсці да цікавага выніку, які пакажам гледачам, але пакуль мы не ведаем, што гэта будзе. Гэта падарожжа для нас усіх, і ў што выльецца нашая тэатральная майстэрня — гэта эксперымент і адкрыты шлях для нас.

    Тэатр для падлеткаў — ідэальнае месца

    Спадарыня Алена таксама лічыць, што сучасныя падлеткі не абавязкова звязаны толькі з гаджэтамі. Паводле яе слоў, ім вельмі важныя стасункі паміж сабой, самавыяўленне ў сваім калектыве, разуменне сябе, сваіх здольнасцей і магчымасцей.

    — І паколькі тэатр — гэта сінтэз мастацтва, музыкі, танца, драматургіі, выяўленчага мастацтва, мне здаецца, што тэатр для самавыяўлення падлеткаў — ідэальнае месца. Яны потым могуць і не стаць акторамі, гэта неабавязкова, але для іх гэта месца, дзе яны могуць вырвацца з віртуальнага свету, пабыць разам і стварыць нешта ў рэальнай прасторы.

    Паслухаць аўдыё можна тут

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці