• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мае сілы скончыліся»: Валярына Кустава расказала, чаму збірае на дапамогу сваёй сям’і

    Тэлевядучай і паэтцы давялося ў эміграцыі не толькі самой гадаваць дачку, але і ўзяць пад апеку бацькоў. Тата Валярыны ў Польшчы змагаецца з анкалогіяй.

    Валярына Кустава. Фота: з асабістага архіву гераіні, Дар’я Каледа

    З лета 2021 года Валярына Кустава жыве ў Польшчы. Яна з’ехала з Беларусі, калі па яе прыехаў знаёмы многім беларусам чорны бусік. Яе абвінавачвалі ў супрацы з «Белсатам», а таксама ў дапамозе рэпрэсаваным.

    Восем сілавікоў у цывільным прыйшлі ў кватэру, дзе Валярына жыла разам з маленькай дачкой. ГУБАЗіК завітаў таксама да яе бацькоў і на месца афіцыйнай працы. На шчасце, Валярыны ў той момант дома не было. Сілавікі трапілі ў жытло, правялі вобшук і каля сутак чакалі яе там.

    Згадваючы 2020 год, Валярына кажа:

    — Памятаю, што была з аднаго боку ўзрушаная і натхнёная. Людское мора, што затапіла вуліцы беларускіх гарадоў, мора, кропляй якога была і я… Апантаная надзеяй, што Беларусь урэшце можа стацца вольнай: а мару я пра гэта з маленства. А з іншага боку было вельмі страшна за людзей: бачыць, як яны кладуцца пад колы, каб не выпусціць тых, хто хацеў скрасці і вывезці рэальныя галасы і спісы з выбарчых участкаў. Страшна, калі сяброў і калег дзясяткамі арыштоўвалі і садзілі ў турмы, калі людзей калечылі… Усе мае думкі былі пра тое, што яшчэ магу зрабіць, каб дапамагчы людзям, аднадумцам і Беларусі. Але самым моцным было адчуванне таго, што мы нарэшце сталі Нацыяй. Мы — едныя, мы салідарныя, мы — Народ.

    У выніку нарадзіўся праект «Беларус беларусу», які выходзіў на тэлеканале «Белсат» (і цяпер яшчэ выходзяць некаторыя выпускі, далейшая перспектыва праекта пакуль невядомая). У ім Валярына распавядала пра ахвяр рэпрэсій і разам з гледачамі дапамагла больш чым 120 сем’ям.

    — Выходзіць на вуліцы мне для сябе здавалася недастатковым. Таксама як кіраўніцы і аўтарцы ідэі праекта пра дзеячаў беларускага Адраджэння «Лабірынты» са сваёй камандай было найважнейшым тут і цяпер ствараць гісторыю: наша мінулае, павязанае з цяперашнім днём. Даводзіць, што нашы нацыянальныя геніі, нашы супербеларусы таксама калісьці стаялі перад цяжкім выбарам, таксама вагаліся, таксама рызыкавалі і ахвяравалі. І толькі таму ў нас засталася наша Беларусь…

    Але я не магла не рабіць, не магла сядзець, склаўшы рукі. Я сабе не даравала б маўчання і бяздзеяння. Як думаю, і тысячы, сотні тысяч беларусаў і беларусак.

    Першы год аўтарка пісала праграму на вуліцах Мінска.

    — Памятаю, як ішла па праспекце, запісваючы стэндап. Поруч з аднаго боку ішлі міліцыянты, што насцярожана прыглядаліся, а з іншага — людзі, якія шырока мне ўсміхаліся. Калі сітуацыя сталася зусім небяспечнай — то пісалі праграму ў лясах. Выязджалі да герояў ноччу ці дамаўляліся ў нетрывіяльных месцах. У нас нават атрымлівалася здымаць тых, хто адбываў «хімію». Яшчэ за некалькі дзён да таго, як па мяне прыйшлі, мы зрабілі праграму з канцэртам і сюрпрызамі для сямей, пацярпелых ад рэпрэсій. Там былі Воля Такарчук са сваімі дзеткамі, а таксама дзеці Іллі і Іны Дабратвораў (астатнія імёны я не магу называць у мэтах бяспекі).

    Самым балючым пры ад’ездзе было тое, што першы месяц не атрымлівалася прывезці да маці маленькую дачку. Для таго, каб бабуля ці дзядуля вывезлі дзіця, па законе патрэбны дазвол ад бацькоў. Аформіць яго было немагчыма.

    — Мае родныя спрабавалі вывезці дачку, але на мяжы ім сказалі: «Вас прапускаем, а дзіця мы пакінем, няхай маці яго забірае». Калі я на вакзале Беластока сустрэла аўтобус, у якім не было маёй дзяўчынкі, у мяне зямля сышла з‑пад ног. Тады ніхто не мог мне гарантаваць, што я яе пабачу хоць калі-небудзь… Я вельмі ўдзячная камандзе BySol, якая дапамагла вывезці маіх родных іншым шляхам.

    Ужо больш за тры гады Валярына не толькі гадуе дачку, але і нясе адказнасць за сваіх маці і бацьку.

    — Як паказаў мой досвед, апекавацца бацькамі ў разы складаней, чым дзецьмі. Бо ты аддаеш сябе не наперад, а назад. Ты не можаш нешта загадаць бацькам, не можаш іх змусіць жыць ці рабіць нешта па тваіх правілах, не можаш прасіць іх старацца ці слухацца. Бо яны — бацькі. Ты можаш іх толькі прымаць, асабліва пасля пэўнага ўзросту. Са сваімі характарамі, са сваімі болямі і траўмамі. Яны, вырваныя з каранямі са сваёй зямлі, ад таго такія бяздомныя і трывожныя, уразлівыя. Яны вельмі перажываюць за цябе, з аднаго боку. А з іншага — часта не бачаць межаў тваіх магчымасцяў.

    Валярына адзначае, што самае складанае для яе тое, што яна не належыць сабе. Бо нават калі спрабуе зрабіць паўзу і ўздыхнуць, здараецца нешта з роднымі, што трэба тэрмінова вырашаць. Гэта пытанні, звязаныя са здароўем, легалізацыяй і іншым.

    Сітуацыя стала яшчэ больш складанай у той момант, калі ў таты Валярыны знайшлі анкалогію. Прагнозы дактароў не былі аптымістычнымі: казалі, што ён не пражыве больш за два месяцы. Але змаганне за жыццё ідзе ўжо год: пасля складанай аперацыі было 12 цыклаў хіміятэрапіі, трамбоз, бясконцыя аналізы і абследаванні ў чаканні наступнай аперацыі.

    — Першыя месяцы я была суткамі з ім у шпіталі, пасля рабіла перавязкі, уколы, вазіла на працэдуры. Затым лячэнне спатрэбілася і дачцэ (цяпер мы ходзім да цудоўнага рэабілітолага ў пазыку, а пра працу з нейралагапедам толькі мару).

    Цалкам лагічна, што ў выніку медыцынская дапамога стала патрэбнай і мне: стома, стрэс, дэпрэсія і выгаранне істотна пагоршылі маё здароўе, давялося рабіць нават аперацыйныя ўмяшальніцтвы. А апошнія рэнтгены, аналізы і заключэнні лекараў сведчаць, што мне трэба тэрміновае лячэнне і рэабілітацыя (якой па дзяржаўнай страхоўцы чакаць некалькі гадоў).

    Тэлевядучая не разглядае варыянт, каб адправіць бацьку ў Беларусь, каб ён атрымліваў бясплатнае лячэнне там.

    — Калі тата захварэў на анкалогію, па-першае, ён бы фізічна не перанёс дарогу. Па-другое, бацькі не могуць гэтага зрабіць з прычын бяспекі. Ёсць і іншыя прычыны, якія я не магу агучваць публічна. Але цяпер такі варыянт немагчымы ні юрыдычна, ні фізічна. Маміна сэрца — яно хворае — не вытрымала б і аднаго допыту. Але акурат лячыцца ў Беларусі цяпер горш, паводле сведчанняў знаёмых. Наадварот, людзі з Беларусі шукаюць варыянты, як выехаць у Польшчу, Нямеччыну, Ізраіль на лячэнне. Што тычыцца анкалогіі, то толькі за некалькі тыдняў да мяне звярнуліся тры асобы, якія хочуць перавесці сваіх родных лячыць рак у Польшчу — прасілі падзяліцца досведам.

    Валярына мяркуе, што ў Беларусі цяпер няма дастаткова ні дактароў (праз рэпрэсіі іх не стае), ні адпаведных лекаў. У Польшчы ж іншая праблема.

    — Нават маючы дзяржаўную страхоўку, працэдуры ці візітаў да спецыялістаў ты можаш чакаць гадамі. Такія чэргі! Але акурат з татам (бо трэба было дзейнічаць тэрмінова), усё атрымалася хутка. Думаю, дзякуючы маёй упартасці. Бо я не выходзіла са шпіталя, пакуль не ўгаворвала лекараў на ўсе неабходныя аналізы, пакуль не даведвалася ўсе нюансы і варыянты лячэння.

    Сама Валярына працягвае працаваць.

    — Як кажа адзін мой калега: «Кустава, ты сарвала джэкпот бедаў!» Так і ёсць. Але я ўсё ўпарта не расчароўваюся ў гэтым свеце. Бо пасля мне абяцаюць светлую паласу. Кажуць, што пасля самай цемры…

    Дачка Валярыны чакае, калі яны змогуць вярнуцца на радзіму.

    — Цікава, што ў Беларусі яна пражыла два гады, а ў Польшчы знаходзіцца больш за тры з паловай, але яе родная мова беларуская і атаясамлівае яна сябе з Беларуссю. З дзецьмі ў садку, выхавацелькамі, лекарамі яна спакойна гутарыць па-польску, а ў незнаёмых далікатна цікавіцца: на якой мове яны разумеюць, каб паразмаўляць.

    Валярына сцвярджае, што былы муж ім не дапамагае:

    — Абставіны так склаліся. І гэта не было маім выбарам. Калі казаць агулам пра пазіцыянаванне, то мне ў нечым нават падабаецца тэрмін, якім у Еўропе годна называюць мам, што гадуюць дзетак самі: сола-мама. Гэта гучыць куды больш высакародна і нават танцавальна-вабна, чым самотная мама. Зрэшты, думаю, што i адзінокая я не назаўжды. Толькі вось зноў стану шчаслівай… тады, мо, і закахаюся, пабачым. 

    На пытанне, калі яна зразумела, што трэба звярнуцца па дапамогу, Валярына адказвае:

    — Калі бацькоў папрасілі выселіцца з арэнднай кватэры. Калі не змагла набыць неабходныя лекі. Калі зразумела, што калі са мной нешта здарыцца, то няма чалавека, які возьме адказнасць за маіх родных. Калі да мяне дайшло, што не ўсё залежыць ад мяне. Нават калі я буду прадаўжаць працаваць без адпачынкаў і выходных, днямі і начамі, я не дам рады ў такім стане здароўя… Мае сілы скончыліся.

    Валярына спадзяецца, што неўзабаве зможа вярнуцца да звыклага жыцця.

    — Калі перажыву гэты самы складаны час, то зноў вярнуся да таго, каб падтрымліваць іншых, дапамагаць беларусам і беларускам. Хачу зноў жыць самой, пісаць кнігі, рабіць праграмы, працягнуць ментарства, і ствараць для нашай балючай Беларусі, бо маё сэрца глыбока перакананае ў тым, што беларус беларусу — любоў, падтрымка і перамога. І дзе мы разам — там і Радзіма.

    Дапамагчы Валярыне можна праз «Байсол» (сума пойдзе на арэнду кватэр для яе і бацькоў, а таксама частку юрыдычных паслуг), яе Patre­on ці зрабіць прыватны пералік.

     — Сумы, якую паставілі, хапіла б на пазыкі за арэнду жытла для мяне з дачушкай і бацькоў, і часткова на пакрыццё юрыдычных паслуг на Радзіме. Адразу скажу: калі здарыцца цуд — і збярэцца больш за пазначаны ліміт, то ўсё звыш пойдзе на лекаванне і рэабілітацыю майго таты, дачкі і маю. А іншых варыянтаў і нямашака.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці