• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Еду на лекцыю і шыю панталоны». Кацярына Ваданосава расказала пра новы аўтарскі праект

    З 22 кастрычніка ў эфіры Белсат TV  стартуе штотыднёвая аўтарская праграма Кацярыны Ваданосавай «Нітка Зорка» пра беларускую гісторыю і моду. Ужо знятыя пяць выпускаў праграмы. БАЖ пагутарыў з Кацярынай Ваданосавай пра яе апантанасць беларускай гісторыяй і модай.

    Кацярына Ваданосава аўтарскі праект

    «Упершыню ў жыцці я маю настолькі аўтарскі праект: я і аўтарка, і сцэнарыстка, і вядучая, і рэдактарка, і майстрыха, і нават рэквізітарка і касцюмерка», — патлумачыла Кацярына Ваданосава. Фота: Анастасія Пруская

    «Усё, што паказана ў кадры, зроблена ўласнымі рукамі»

    — Падобнага прадукта яшчэ не было на «Белсаце» і ўвогуле на беларускім тэлебачанні, таму што я выступаю там не толькі ў ролі вядучай, аўтаркі і сцэнарысткі, але і ў ролі майстрыхі. Усё тое, што будзе паказана – ад рэквізіта да касцюмаў — я зрабіла сама.

    Таксама будуць паказаныя ігравыя сцэнкі. Мы вельмі скрупулёзна і дэталёва падыходзім да іх сцэнаграфіі: усё павінна адпавядаць гістарычнай рэчаіснасці. Гэта не проста некія скетчы ў асяроддзі а‑ля нейкая эпоха. Мы сапраўды шукаем лакацыі, якія адпавядалі б маім высокім запытам, якія б адпавядалі канкрэтнай гістарычнай тэматыцы.

    У межах праграмы будзе таксама рубрыка «Майстэрня», у якой гледачы на свае вочы змогуць убачыць хай і не ўвесь працэс, але асобныя цікавыя вешкі стварэння таго ці іншага аксэсуара: я гэта раблю ў кадры, нажыва.

    Мы не маем сваёй студыі, дзе ў загадзя ўзведзеных сценах адбываецца адно і тое ж, мы стараемся зрабіць кожны выпуск унікальным. Нават рубрыка «Майстэрня» не здымаецца ў адным месцы. Мы шукаем адпаведныя гістарычныя лакацыі не толькі пад ігравыя сцэнкі, але і пад кожную праходку, кожны стэндап — кожную секунду мы спрабуем напаўняць прыгожым.

    Строі Кацярыны Ваданосавай. Фота: Анастасія Пруская

    «Вопратка расказвае пра сваю эпоху»

    — З чаго пачалося вашае захапенне гістарычнымі строямі?

    — Мяне захапляе не столькі вопратка, колькі тое, што яна можа нам расказаць. Гісторыя моды вельмі звязаная з гісторыяй культуры, эканомікі, сацыяльнага развіцця грамадства.

    І на падставе такіх будзённых, руцінных рэчаў, як вопратка, аксэсуары і ўсяго таго, што чалавек носіць на сабе ці пры сабе, мы аўтаматычна, часта не задумваючыся, можам чытаць нейкія сэнсы, якія людзі, грамадства або нават эпоха закладае ў іх.

    Мне вельмі вельмі цікава паказваць менавіта гэты аспект гісторыі моды. Умоўна кажучы, калі мы гаворым пра эпоху паўстання Кастуся Каліноўскага, то не распавесці пра чорную біжутэрыю ці жалобныя строі шляхцянак проста немагчыма: адно з другім вельмі моцна знітаваныя.

    Да таго ж, любы прадмет адзення, любая тэхніка, тэкстыльная ў тым ліку, пра якую мы расказваем, вельмі глыбока раскрывае той ці іншы гістарычны перыяд. Калі я кажу пра залататканыя тасьмы ХІ стагоддзя, то я нібыта цягну за гэтую тасьму і адкрываю вечка агромністага куфэрка. Таму што ў гэтым куфэрку знаходзіцца і Візантыйская імперыя, да якой даходзілі нашы продкі, з якой яны наладжвалі гандлёвыя і культурніцкія сувязі.

    Гэта цягне за сабой і гісторыю транзітных шляхоў, па якіх хадзілі варагі, прывозілі скандынаўскія стужкі. Гэта таксама закранае і чыста нашу гісторыю, напрыклад, Ефрасінню Полацкую, якая першай на полацкіх землях заснавала майстэрню не толькі па перапісванні кніжак, але і па залотнай вышыўцы, залотнаму ткацтву.

    Такім чынам, дзякуючы маленькаму элементу гардэроба, характэрнаму для канца ХІ стагоддзя, я магу паказаць усю эпоху.

    Кацярына Ваданосава аўтарскі праект

    Кацярына Ваданосава. Фота: з асабістага архіва журналісткі

    — А што стала той самай апошняй кропляй, якая акунула вас з галавой ў гэтую сферу?

    — Я заўсёды цікавілася матэрыяльнай гісторыяй, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Я па адукацыі гісторык, спецыялізавалася на археалогіі. У свой час займалася гістарычнай рэканструкцыяй, хаця і не ўваходзіла ні ў адзін гістарычны клуб, бо не люблю іерархію і субардынацыю (я самадастатковы чалавек). Колькі і памятаю сябе, я чытала кніжкі па гісторыі, глядзела даступныя гістарычныя праграмы ў канцы 80 — пачатку 90-ых гадоў: яно заўжды са мною.

    Проста зараз мой занятак перарос з аматарскага ўзроўню ў экспертны (баюся падацца нясціплай): я ўжо ладжу свае ўласныя выстаўкі. Мне падаецца, што ідэя праграмы ў такім разрэзе ляжала на паверхні. Я даўно працую з камерамі, я даўно працую з тэкстылем, і я даўно працую з гістарычнымі крыніцамі: дакументальнымі, археалагічнымі, пісьмовымі, мастацкімі. Засталося толькі паяднаць усё ў адзінае цэлае.

    «Тры працы акупаюць мой занятак»

    — Дзе вы бераце час, дзе бераце грошы? Гэта немалаважны чыннік, асабліва ў эміграцыі.

    — Грошы я бяру з уласных заробкаў. У мінулым годзе ў мяне былі чатыры працы, зараз застаецца тры — так, частка майго сямейнага бюджэта сыходзіць на закупку матэрыялаў. А час я бяру дзе заўгодна: я магу сядзець у чарзе на кропельніцу ў анкалагічным шпіталі і шыць кашулю.

    Калі раней я проста вышывала, дык зараз абнахабілася да такой ступені, што сяджу ў чарзе з кавалкам раскроенай тканіны ў руках, булаўкамі, нажніцамі — і на каленях спрабую зляпіць ўсё ў адно цэлае. У транспарце, у дарозе…

    У мінулую суботу ў мяне была лекцыя па гісторыі моды эпохі пастаўння Каліноўскага ва Уроцлаве. Я ехала на лекцыю, рабіла прэзентацыю і шыла, прабачце, панталоны. Бо іншыя панталоны вісяць на выстаўцы, і не было што паказваць на лекцыі. За два тыдні я цалкам зрабіла замену строю, які цяпер на выстаўцы – ад панталон да верхняга плашча.

    — Патрачаныя сілы і сродкі хоць часткова вяртаюцца? Ці вашае захапленне больш важныя за грошы і час?

    — Маё захапленне адназначна больш важнае. І гэта звязана не толькі з працай з тэкстылем, але і з музыкай таксама. Я разглядаю гэта як пасію, як любоў. Так, трыма працамі я акупаю грошы, якія ўкладваю, але тое, што я шыю, не вяртаецца мне ў фінансавым плане. То-бок я выдаткоўваю на занятак грошы, але ён прыносіць мне задавальненне і велізарную радасць, шчасце.

    Кацярына Ваданосава народныя строі

    Строі Кацярыны Ваданосавай. Фота: Мікалай Пучок

    Насамрэч большая частка часу траціцца на падрыхтоўку так званага «пашпарта строю». Калі ў галаве нараджаецца ідэя, і ты яе не проста выношваеш, ты пералапачваеш цэлую кучу крыніц — пачынаючы ад археалагічных справаздач. Калі гаворка пра ранняе Сярэднявечча, ты чытаеш справаздачы Ткачова ці Штыхава пра курганныя могільнікі і ловіш любую дробязь, любы абрывачак тканіны, яго апісанне. А яшчэ калі ёсць фотка, а яшчэ калі ёсць прамалёўка, дык гэта ўвогуле неацэнная каштоўнасць. Якраз на гэтыя даследаванні сыходзіць большая частка рэсурсаў.

    А пашыў, вышыўка — гэта больш прыемная праца, руцінная, але больш прыемная. Іншыя людзі марнуюць час на адпачынак, а для мяне гэтая праца — суцэльны адпачынак. Я не памятаю, калі глядзела серыялы: у мяне няма ні целіка, ні на ноўтбуку нічога не гляджу. Увесь вольны час у мяне сыходзіць на гэта.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці