RSF запускае праект па даследаванні геапалітыкі прапаганды
Барацьба з прапагандай і дэзінфармацыяй з’яўляецца часткай змагання «Рэпарцёраў без межаў» (RSF) за праўдзівую журналістыку. Таму 30 верасня 2024 года арганізацыя запускае «Манітор прапаганды». Мэта гэтай мультымедыйнай праграмы — расповед пра механізмы і шматгранныя аспекты прапаганды ва ўсім свеце, павышэнне інфармаванасці грамадскасці аб адпаведных праблемах і дапамога людзям у арыентаванні ў патоках інфармацыі.
Першы выпуск новага праекта прысвечаны расійскай прапагандзе, а асаблівая ўвага будзе нададзеная RT — прапагандысцкаму органу, які кантралюецца расійскім урадам і гуляе ключавую ролю ў дэзінфармацыйнай кампаніі Крамля па ўсім свеце.
Мэтай «Манітора прапаганды» з’яўляецца імкненне паказаць, як працуе прапаганда, як яна распаўсюджваецца і трансфармуецца, і прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблематыкі. Яшчэ адной яго задачай з’яўляецца прапанова рашэнняў і спосабаў дзеянняў як асобам, якія прымаюць рашэнні, так і шырокай грамадскасці для барацьбы з прапагандай, якая злоўжывае журналісцкімі фарматамі ў ідэалагічных мэтах.
«Запуск «Манітора прапаганды» з’яўляецца кульмінацыяй амбіцыйнага імкнення RSF змагацца з прапагандай на ўсіх франтах і супраць самых аўтарытарных рэжымаў, мабілізуючы сетку нашай арганізацыі па ўсім свеце. Хоць першы выпуск праекта прысвечаны прапагандзе, якую Крэмль вядзе ва ўсіх рэгіёнах свету, RSF выдатна разумее, што гэта з’ява не абмяжоўваецца штабамі Уладзіміра Пуціна.
Нашым імкненнем раскрыць разгалінаваныя стратэгіі прапаганды мы ў аснове мандата арганізацыі: даць кожнаму грамадзяніну, дзе б ён ні знаходзіўся, доступ да дакладнай, незалежнай і плюралістычнай інфармацыі.
Расследаванні, знакавыя інтэрв’ю і аналіз геапалітыкі прапаганды, што ладзіць «Манітор прапаганды», стануць краевугольным каменем гэтага амбіцыйнага праекта», — заявіў генеральны дырэктар RSF Цібо Брутэн.
Для рэалізацыі гэтага праекта быў створаны каардынацыйны камітэт, які складаецца з міжнародных навукоўцаў з Францыі, Венгрыі, Сенегалу, Сербіі, Славакіі і Калумбіі. Новая платформа аб’ядноўвае ўжо праведзеныя RSF расследаванні і аналітычныя працы. Яна будзе рэгулярна папаўняцца новымі матэрыяламі, падрыхтаванымі міжнароднымі калектывамі RSF.