Глыбоцкая раёнка напісала пра «экстрэмісцкую дзейнасць» журналіста з Глыбокага і яго калегі
Галоўны рэдактар Андрэй Панкрат надрукаваў на сайце дзяржаўнай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» артыкул пад назвай «Замежную дзейнасць глыбачаніна прызналі экстрэмісцкай».
І хоць Андрэй Панкрат не назваў прозвішчы, а толькі абазначыў людзей заглаўнымі літарамі прозвішчаў, зразумела, што гаворка ідзе пра вядоўцаў праграмы «Обычного утра» — Канстанціна Місуна (Каверына), які паходзіць з Глыбокага, і Людмілу Лабунскую (Міласлаўскую), ураджэнку вёскі Крулеўшчына Докшыцкага раёна. Праўда, з перадачы яна нядаўна сышла і там ужо новая вядоўца.
Галоўрэд прыводзіць агульную інфармацыю без згадвання імёнаў і прозвішчаў дзейных асоб, каб, паводле яго слоў, «не ствараць ім лішнюю рэкламу». Далей ён пачынае абражаць журналістаў і выказваецца пра тое, што быццам нічога добрага гэтыя людзі не гавораць на сваім канале.
На думку Панкрата, тыя, хто пакідаюць Беларусь і выязджаюць у заходнія краіны, маюць абмежаваныя спосабы заробку. Напрыканцы сваіх разваг рэдактар «Весніка Глыбоччыны» нагадвае пра тое, што журналісты былі прызнаныя «экстрэмісцкім фарміраваннем» з усімі вынікаючымі для іх крымінальна-працэсуальнымі наступствамі і што цяпер абодва «экстрэмісты» знаходзяцца ў міжнародным вышуку.