Міністр замежных справаў Польшчы выказаўся пра фінансаванне «Белсату»
«Белсат» заўсёды быў часткай Польскага тэлебачання, фінансуецца польскімі падаткаплатнікамі, і тут нічога не мяняецца, запэўніў Радаслаў Сікорскі.
Падчас спаткання са студэнтамі кампусу «Polska Przyszłości» міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі закрануў шэраг тэмаў, звязаных з Беларуссю. Ягоныя словы перадае TVP.info.
Што з «Белсатам»
На пытанне пра лёс «Белсату» Сікорскі адказаў:
«„Белсат“ ёсць і заўсёды быў часткай Польскага тэлебачання, фінансаваны польскімі платнікамі падаткаў, і тут нічога не мяняецца. Польшчы патрэбны тэлевізійны ўплыў у некалькіх абшарах: расейскамоўным, у Беларусі, дзе размаўляюць і па-расейску, і па-беларуску, а таксама па-нямецку, па-французску і па-англійску. І, як і ў іншых публічных медыяў тыпу BBC, „Deutsche Welle“, „Voice of America“, у яго будзе вяшчанне».
Безумоўна, „Белсат“ будзе разглядацца асобна, таму што ён спецыфічны, мы не хочам страціць ягоныя дасягненні, але трэба памятаць, што гэта грошы польскіх платнікаў падаткаў, – сказаў Сікорскі і дадаў наступнае. – Гэта польскі платнік падаткаў плаціць і польскі платнік падаткаў вымагае, каб тыя грошы былі выдаваныя прапарцыйна эфекту».
Што з Пачобутам
На пытанне аб вызваленні зняволенага ў Беларусі актывіста польскай меншасці, журналіста Анджэя Пачобута Сікорскі адказаў:
«Ёсць ускосны кантакт, і тыя навіны нядобрыя, бо ён несправядліва зняволены праз жорсткі рэжым, які трымае ў няволі дзве тысячы асобаў. Апошнім часам больш за дзесяць, а на гэты момант можа нават пару дзясяткаў асобаў былі вызваленыя. На жаль, сярод іх няма Анджэя Пачобута. Але беларускі рэжым ведае, што мае зрабіць, калі хоча якога-небудзь паляпшэння стасункаў з Польшчай і Еўразвязам».
Сікорскі дадаў, што цяперашнія ўлады Польшчы будуць ціснуць на Беларусь «так, як папярэдні ўрад». Але нагадаў, што Пачобут у няволі ўжо тры гады.
Мы спрабуем розныя ідэі, спадзяюся, што адна з іх нарэшце спрацуе», – сказаў Сікорскі пра вызваленне Пачобута.
Што з вайной ва Украіне
Сікорскага пыталі таксама пра вайну ва Украіне, сітуацыю з Расеяй і анансаваны прэзідэнтам Украіны мірны план. Ён адказаў:
«Я не бачу гатовасці Расеі да мірных перамоваў. Расея па-ранейшаму патрабуе ад Украіны капітуляцыі, і пакуль так будзе, Украіна гэтага не прыме».
Ён таксама адзначыў, што перспектывы ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці Расеі «дастаткова аптымістычныя», бо Украіна зрабіла нечаканае для Уладзіміра Пуціна, акупаваўшы частку Расеі. Таму цяпер ёсць падставы весці размовы аб вяртанні да міжнародна прызнаных межаў.