Беларускую прапагандыстку Марыю Пятрашка ўзялі на расійскае тэлебачанне
Цяпер яна распавядае жыхарам Расіі пра сусветную інфармацыйную вайну і змовы калектыўнага Захаду. З беларускага тэлебачання яна знікла тры месяцы таму, зазначае «Наша Ніва».
Марыі Пятрашка 28 гадоў. Яна мінчанка. З 14 гадоў пайшла на радыё — супрацоўнічала з радыё «Культура». Яна часта была госцяй праграмы «Мэры Попінс». Таксама рыхтавала сцэнары для тэлеклуба школьнікаў.
У 2017 годзе Пятрашка скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Троху папрацавала ў газеце «Беларускі час», якая належыць праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Паралельна з БДУ вучылася ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.
Як казалі яшчэ ў 2020‑м «Нашай Ніве» знаёмыя дзяўчыны, з Марыяй мала хто сябраваў праз тое, што яна лічыла сябе вышэйшай за іншых і хварэла на зорную хваробу. А на парах дзяўчына часцяком сядзела асобна ад астатніх.
Палітыкай, па словах суразмоўцаў, Марыя тады не цікавілася, але хваліла Уладзіміра Пуціна.
З 2019-га яна стала аўтаркай праекта «Пакаленне BY» на «Беларусь‑1». У праекце распавядалі пра розных маладых таленавітых беларусаў — навукоўцаў, даследчыкаў, мастакоў і гэтак далей. Таксама начытвала навіны пра розныя тэмы.
Яна стала вядомай і паўнавартасна патрапіла ў эфір у 2020‑м годзе, калі пераключылася на прапагандысцкія рэпартажы. Пятрашка пляжыла прыхільнікаў пераменаў, а яе ў якасці ўзнагароды запрашалі на «Вялікую размову з Лукашэнкам», якая адбылася 9 жніўня 2021 года.
Таксама яна хадзіла на гучныя палітычныя суды — напрыклад, прысуд Сцяпану Латыпаву і Марыі Калеснікавай ды Максіму Знаку. Калі Латыпаў перарэзаў сабе горла, яна назвала гэта «пастановай». А на судзе над Калеснікавай і Знакам спачатку настойліва чаплялася да еўрапейскіх дыпламатаў, а пасля цытавала каментары з прапагандысцкіх каналаў, дзе іх называлі «фашыстамі» і патрабавалі ім тэрмін «ад 50 гадоў».
Любіла прапагандыстка і паездкі за мяжу, у тым ліку ў Еўропу. Апошняе фота з Еўрасаюза з яе сацсетак датуецца канцом 2021 года — тады яна была ў Швецыі.
Ва ўласным канале, створаным у 2020‑м, Пятрашка публікавала мікс з беларускай і расійскай прапаганды. Спрабавала рабіць і ўласныя невялікія праекты, але вялікай папулярнасці яны не займелі.
Але яе рэпартажы перасталі выходзіць на беларускім дзяржаўным тэлебачанні ў маі гэтага года. Тым часам, імаверна, яна ўжо пераехала ў Расію. Пятрашка публікавала матэрыялы, напрыклад, з Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форума для непапулярнага расійскага прапагандысцкага канала «Ранак добрым не бывае» з 2 тысячамі падпісчыкаў.
Ужо каля месяца яна робіць сюжэты ў праграме «Весці», якую робіць расійскі прагандысцкі канал Расія-24. Асноўныя яе тэмы — прапагандысцкія сюжэты пра жахі жыцця на Захадзе ды ва Украіне ды канспіралогія пра міжнародныя арганізацыі, якія нібыта мараць знішчыць Расію.
Таксама троху больш за месяц таму яна запусціла праект PetraskoNews і тыктокі пад назвай «Падсумуем?».
Нягледзячы на добрую якасць здымкі і мантажа, няма аніяках пазнакаў пра датычнасць да нейкай структуры. Незразумела, хто гэта фінансуе. У інстаграме, напрыклад, відэа Пятрашка беспаспяхова распаўсюджвае адзін з агрэгатараў прапагандысцкіх расійскіх навінаў.
Праглядаў і лайкаў там спачатку было зусім мала, але цяпер відэа пачалі раскручваць лепш — калі на першым выпуску было 1500 праглядаў і троху больш за 10 лайкаў, то на апошнім ужо 10000 і больш за 40 лайкаў. Як гэта робіцца, да канца не ясна — або праз закупку рэкламы, або праз бясконцыя ўзаемарэпосты з расійскімі прапагандыстамі. Хоць канал Марыі так і застаўся на ўзроўні каля 4500 падпісчыкаў.