Дзяніс Івашын даслаў з‑за кратаў паштоўку і абяцае хутка лісты
Ад папярэдняй вестачкі мінула 15 сутак. Сваякі падмецілі, што менавіта столькі складае максімальны тэрмін у ШІЗА.
Маці атрымала ад зняволенага сына Дзяніса Івашына паштоўку, якую той адправіў з калоніі 8 жніўня.
Журналіст паведамляе родным, што ў яго ўсё парадку, ён атрымаў многа лістоў, але не паспеў іх прачытаць. Ён абяцае даслаць бліжэйшым часам і лісты сваім сваякам.
Пра што сям’я піша зняволенаму журналісту? Жонка Вольга Івашына звычайна расказвае пра свае будні: што паспела зрабіць з моманту атрымання папярэдняга ліста, чым займалася, дзе была, з кім сустракалася, што чытала ці глядзела.
Вольга мяркуе, што і бацькі з братам пішуць Дзянісу пра будзёныя рэчы: пра котак, пра клопаты ў гаспадарцы ды іншыя штодзённыя заняткі. Старэйшы брат яшчэ рыхтуе яму навіны ў навуковай галіне, асабліва іх абодвух цікавіць космас і касмічныя праграмы чалавецтва. Рэшта ліста ўтрымлівае прывітанні, нейкія разважанні, мары, планы.
Вольга Івашына кажа, што раней перапісвала для мужа тэксты малітваў, напрыклад, ружанцовай ці малітвы за Беларусь, пакуль яму не перадалі малітоўнік.
— Маляваць я не ўмею, пісаць вершы не маю натхнення, таму карыстаюся тым, што ў мяне атрымліваецца лепей за ўсё: прыгожа складаю словы ў цікавыя апавяданні пра свае вандроўкі ці прагледжаныя фільмы. Дзянісу такое чытво вельмі падабаецца. Ён піша, што нібы перабывае ў момант чытання побач са мною і перажывае ўсё разам са мною. А мяне цешыць, што хаця б у нейкі спосаб магу выцягнуць яго (прынамсі, свядомасць) з‑за кратаў, — адзначае Вольга Івашына.
Нагадаем, што 12 сакавіка споўнілася тры гады, як журналіста змясцілі за краты. У гэты дзень у 2021 годзе Івашына затрымалі супрацоўнікі гродзенскага КДБ. У ягонай кватэры, на лецішчы і ў кватэры маці Дзяніса сілавікі правялі ператрус, а праз тры дні прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі агучыў прысуд: пазбаўленне волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Згодна з даведкай, атрыманай сваякамі з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці).