• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Топ-10 аналітычных тэлеграм-каналаў. Паглядзіце, хто ўвайшоў у спіс

    БАЖ сабраў дзясятку самых чытаемых тэлеграм-каналаў, якія вядуць беларускія аналітыкі. На гэты момант усе яны робяцца за мяжой, бо любая крытыка ўлады ўнутры Беларусі цягне на крымінальнае злачынства. Тройка лідараў па колькасці падпісчыкаў размеркавалася наступным чынам: Арцём Шрайбман, Аляксандр Фрыдман і Сяргей Чалы.

    беларускія тэлеграм-каналы аналітыкаў

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Гэта не рэйтынг тэлеграм-каналаў. І, тым больш, не рэйтынг беларускіх палітычных аналітыкаў, аглядальнікаў, экспертаў. БАЖаўская дзясятка сведчыць толькі пра тое, чый тэлеграм-канал найбольш раскручаны не больш. Арыенцірам служыў самы відавочны індыкатар колькасць падпісчыкаў.

    Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што шэраг вядомых аналітыкаў (напрыклад, палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Друкахруст ці былы акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі) па невядомых прычынах закінулі свае акаўнты з год таму, а дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч увогуле яго не меў. 

    Арцём Шрайбман

    Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман робіць уласны тэлеграм-канал з аднайменнай назвай Shraib­man. На яго падпісаныя 16 987 чалавек. Тэлеграм-канал абнаўляецца досыць рэдка: раз-два на месяц.

    Арцём Шрайбман, фота: svaboda.org

    Аналітык пераважна выкладвае ў тэлеграм-канале свае артыкулы і інтэрв’ю з іншых СМІ. Ён каментуе беларускія падзеі. Кантэнт публікуецца пераважна на рускай мове.

    У 2014–2019 гадах працаваў у аддзеле палітыкі на партале TUT.BY, пазней, да ліквідацыі сайта і стварэнні на ягоным месцы Zerkalo.io, выступае ў якасці запрошагага эксперта. У аўтарскай калонцы «Шрайбман ответит» журналіст разбірае цякучыя падзеі ў Беларусі і ў рэгіёне. Піша проста і даступна, што, напэўна, і прыцягвае чытачоў. 

    Арцём Шрайбман таксама выступае як сувядоўца ютуб-канала «Гадзіннічак цікае», на якім разам з Яўгеніяй Сугак і Рыгорам Астапенем «разважаюць пра Беларусь і беларусаў».

    Палітолаг, аналітык, журналіст, запрошаны эксперт Маскоўскага цэнтра Карнегі і Берлінскага цэнтра Карнегі, заснавальнік аналітычнага агенцтва Sense Ana­lyt­ics, спадар Шрайбман мусіў выехаць з Беларусі пад пагрозай палітычных рэпрэсій. З сакавіка 2022 года жыве ў Польшчы.

    Мінулай вясной беларускі мужчынскі інтэрнэт-часопіс metroboy.pro уключыў Шрайбмана ў спіс самых стыльных журналістаў.

    Аляксандр Фрыдман

    Кандыдат гістарычных навук, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман выкладвае сваю аналітыку і рэакцыі ў канале FRIEDMAN (каля 8 тысяч падпісчыкаў).

    Аляксандр Фрыдман, фота з сайта sn-plus.com

    Аўтар апісвае сферу сваіх інтарэсаў так: «вайна ва Украіне, гісторыя і палітыка ў Беларусі, Еўропе і на Бліжнім Усходзе, Другая сустветная вайна».

    Аляксандр Фрыдман закончыў сярэднюю школу ў Мінску, а затым гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Затым — эміграцыя ў Германію. Як прызнаваўся сам гісторык, «у лукашэнкаўскай Беларусі пражыў толькі шэсць гадоў — не так і многа; астатні час я назіраў за Беларуссю».

    Аднак беларуская тэматыка заўсёды прысутнічала ў дзейнасці гісторыка: у канцы 90‑х — пачатку 2000‑х вельмі актыўна, пасля 2010 года — менш.

    «Да 2020 года кожны чалавек, які займаўся беларускай тэмай, лічыўся вялікім экзотам. Становішча да беларускай праблематыкі кардынальна змянілася пасля 2020 года: Беларусь сапраўды стала цікавай краінай, а людзей, якія распрацоўваюць беларускія тэмы, стала болей», — распавядаў у інтэрв’ю BG.media эксперт. 

    Да 2020 года Аляксандр Фрыдман досыць часта прыязджаў у Мінск — папрацаваць у архівах. Ён вельмі актыўна каментаваў беларускую рэвалюцыю 2020 года, прычым з антылукашэнкаўскіх пазіцыяў. Як прызнаваўся сам гісторык, цяпер шлях у Беларусь яму закрыты, пакуль у краіне правіць лукашэнкаўскі рэжым.

    Аляксандр Фрыдман з’ехаў з Беларусі напачатку 2000‑х гадоў, ужо больш за 20 гадоў жыве ў Германіі і выкладае гісторыю ва ўніверсітэтах Еўропы. Па-ранейшаму займаецца беларускай гісторыяй і актыўна каментуе беларускі парадак дня.

    Хаця аўтар выдатна валодае беларускай мовай, тэлеграм-канал вядзе пераважна па-руску.

    Пры гэтым ён вельмі аператыўна рэагуе на падзеі ў Беларусі і ў свеце: цягам дня выходзіць ад 2 да 10 допісаў. І няхай многія з іх невялікія па аб’ёму, але абавязкова з іроніяй ці з’едлівым гумарам (а як інакш рэагаваць на неадэкватнасць навокал?). 

    Вялікая перавага аналітыка, які валодае пяццю мовамі, — ён часта адным з першых перакладае або пераказвае публікацыі сусветных медыяў на самыя актуальныя тэмы. 

    Сяргей Чалы

    На тэлеграм-канал эканаміста Сяргея Чалага падпісаныя 5 770 чалавек, хаця ягоныя сеткі афіцыйна прызнаныя эстрэмісцкімі.

    Сяргей Чалы, фота: TUT.BY

    «Удалённое вредительство белорусской экономике» — такі лозунг выбраў эканаміст для свайго ТГ-канала.

    Фізік-тэарэтык па адукацыі, Сяргей Чалы прайшоў доўгі шлях да вядомасці. Удзельнічаў у самай першай прэзідэнцкай кампаніі ў камандзе Лукашэнкі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 года далучыўся да каманды Аляксандра Мілінкевіча і быў яго эканамічным кансультантам. Чытаў лекцыі па эканоміцы ў Акадэміі кіравання і эканамічным універсітэце.

    Але сапраўдная папулярнасць прыйшла тады, калі Чалы разам з журналісткай Вольгай Лойка запусцілі на партале TUT. BY праект «Эканоміка на пальцах». 

    У 2020 годзе аналітык распачаў сольную кар’еру з шоў «Чалый Live», дзе проста аналізаваў палітычныя падзеі. Але нешта пайшло не так, Сяргей Чалы часова знік з публічнай прасторы. Праўда, вельмі хутка ён вярнуўся з новым праектам «Ночь с Чалым», які мае 50 тысячаў падпісчыкаў.

    Плюсам Сяргея Чалага лічаць небанальны погляд на рэчы. Аналітык вельмі многа гаворыць, але і з гэтага атрымлівае свае дывідэнды. Падобна, зараз аналітык выкарыстоўвае свой тэлеграм-канал для прасоўвання свайго шоў.

    Валерый Карбалевіч

    Тэлеграм палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валерыя Карбалевіча мае 2481 падпісчыка.

    Валерый Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

    Адзін з найстарэйшых беларускіх аналітыкаў, які нарадзіўся 28 студзеня 1955 года.

    Доўга шукаў свой шлях у жыцці. У 1972–1973 гадах працаваў слесарам-сантэхнікам Рамбудупраўлення № 4 Слуцка. У 1978 годзе скончыў гістфак БДУ, а затым выкладаў у Горацкай сельгасакадэміі, якую Лукашэнка ператварыў у кузню лаяльных кадраў. Выкладаў і ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. 

    Валерый Карбалевіч  працаваў у Нацыянальным цэнтры стратэгічных ініцыятыў «Усход—Захад» (пазней — Аналітычны цэнтр «Стратэгія»), у газеце «Свободные новости. СНплюс». Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

    Кандыдат гістарычных навук, палітолаг, журналіст, Карбалевіч з’яўляецца аўтарам больш як 900 публікацый па розных праблемах унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, сярод якіх кніга «Александр Лукашенко. Политический портрет».

    Пасля падзей 2020 года разам з «Радыё Свабода» рэлакаваўся ў Вільню.

    Тэлеграм-канал створаны 8 верасня 2020 года. У ім журналіст пераважна перадрукоўвае ўласныя тэксты і каментары для іншых выданняў. Піша проста, лагічна, можна нават сказаць – скупа, без слоўных выкрунтасаў. Асноўная мова – беларуская. 

    Павел Усаў

    Палітолаг Павел Усаў робіць у тэлеграм-канале (2396 падпісчыкаў) «агляд і аналіз бягучых палітычных падзей» у Беларусі і свеце.

    Павел Усаў, фота: facebook.com

    Аўтар папярэджвае, што з 9 жніўня 2023 года канал унесены ў спіс экстрэмісцкіх.

    Маючы за плячыма гістфак Магілёўскага ўніверсітэта і аспірантуру БДУ, Павел Усаў у 2006 годзе паступіў ва Уроцлаўскі ўніверсітэт. З таго часу палітолаг жыве і працуе ў Польшчы. Заснаваў у Варшаве Цэнтр палітычнага аналізу і прагнозаў. У 2011 годзе атрымаў ступень доктара грамадскіх навук у Інстытуце палітычных даследаванняў ПАН за абарону дысертацыі «Станаўленне і ўмацаванне неааўтарытарнага рэжыму ў Беларусі ў 1994–2010 гадах», якую выдаў у 2014 годзе асобнай кнігай.

    Працаваў прафесарам-ад’юнктам у Варшаўскім універсітэце.

    З 2020 года з’яўляецца сябрам Беларускага нацыянальнага сакратарыята «Вольная Беларусь», якую ўзначальвае Зянон Пазняк. 

    У 2024 годзе завочна асуджаны ў Беларусі да 11 гадоў пазбаўлення волі па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».

    Павел Усаў працаваў у Офісе Святланы Ціханоўскай, але пасля сыходу адтуль рэзка крытыкуе палітыку дэмакратычных сілаў.

    Рыгор Астапеня

    Рыгор Астапеня друкуе ў сваім тэлеграм-канале сацыялагічныя даследаванні, інтэрв’ю і тэксты.

    Рыгор Астапеня. Фота: Наша Ніва

    12 гадоў свайго жыцця Рыгор Астапеня аддаў вучобе: спачатку ва ўніверсітэце Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, потым — у Варшаўскім універсітэце, а ў 2019–2020 гадах — у Акадэміі лідарства ў міжнародных справах каралевы Лізаветы II.

    У 2012 годзе стварыў сайт «Ідэя». Пазней сайт перарос у Цэнтр новых ідэй, заснавальнікам і дырэктарам па даследаваннях якога з’яўляецца Рыгор Астапеня. Дырэктар «Беларускай ініцыятывы» ў Chatham House, атрымаў доктарскую ступень (PhD) па паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце.

    Часта выступае на мерапрыемствах, прысвечаных беларускай палітыцы. Яго каментары з’яўляліся ў Wash­ing­ton Post, Guardian, BBC World Ser­vice, CNN, Euronews, Mon­o­cle Radio, Еўрапейскі савеце па міжнародных адносінах і Carnegie Europe. 

    У 2024 годзе завочна асуджаны ў Беларусі да 10 гадоў пазбаўлення волі па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».

    Роза Турарбекава

    Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Роза Турарбекава стварыла тэлеграм—канал РМ 12 сакавіка 2022 года, ён мае больш за тысячу падпісчыкаў.

    Роза Турарбекава. Фота з сайта «Еўрарадыё»

    «Канал створаны на выпадак поўнага адключэння Фэйсбука і Інстраграма, дзе так звыкла я выказвала свае думкі». Прычым дацэнтка публікуе не толькі сваю аналітыку (таксама пераважна перадрукі з незалежнай прэсы), але выдае і «эмацыйныя рэакцыі».

    Ураджэнка Алматы, Роза Турарбекава з 2000 года працавала дацэнткай кафедры міжнародных адносін БДУ. Звольнена з ўніверсітэта ў 2021 годзе ў час шырокамаштабных палітычных чыстак.

    Разам з мужам навукоўцам Паўлам Церашковічам і дзецьмі пераехалі ў Літву. 

    Працавала запрошаным прафесарам у ЕГУ. Даследчыца Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Гісенскага ўніверсітэта імя Юстуса Лібіха (Германія), стыпендыят Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD). Запрошаны прафесар Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Гумілёва ў Астане (Казахстан).

    Роза Турарбекава падрабязна апісвала свой паход у палітыку: выбары ў Каардынацыйную раду 2024 года, як узначаліла і чаму пакінула спіс блока «Наша справа».

    Тэлеграм-канал вядзецца на рускай мове, вельмі рэдка з’яўляюцца перадрукі па-беларуску. Яно і зразумела: аўтарка толькі з нядаўняга часу, следам за сынам, пачала вучыць беларускую мову.

    Аляксандр Класкоўскі

    Мэтр беларускай публіцыстыкі Аляксандр Класкоўскі вядзе канал KLASKOUSKI, які расказвае «пра наш палітычны цырк на дроце».

    Аляксандр Класкоўскі, фота: Белсат

    Класкоўскі прадстаўнік старой журналісцкай гвардыі. Нарадзіўся ў 1958 годзе, закончыў журфак БДУ. Працаваў рэпарцёрам, аглядальнікам, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара ў штодзённых газетах. Рэдагаваў маладзёжны часопіс «Рабочая смена» («Парус»). Але сапраўдную славу яму прынесла праца галоўным рэдактарам у «Знамени юности», наклад якой у зорныя часы дасягаў 700 тысяч экземпляраў.

    Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by. Выступае каментатарам у праграмах беларускай службы «Радыё Свабода», «Польскага радыё», тэлеканала «Белсат» і шэрагу іншых беларускіх і замежных СМІ.

    Асноўны кантэнт канала складаюць аўтарскія тэксты з «Позірка», дзе Аляксандр Класкоўскі працуе, і ягоныя каментары ды інтэрв’ю з іншых выданняў. Пераважна тэксты друкуюцца па-беларуску.

    Павел Мацукевіч

    Цікавасць уяўляе канал «Пульс Ленина-19», які вядзе Павел Мацукевіч.

    Павел Мацукевіч. Фота з сайта newbelarus.vision

    Аўтар прэзентуе сваё дзецішча як «канал пра знешнюю палітыку Беларусі». Сапраўды, пасля факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта два гады адпрацаваў у газеце «СБ. Беларусь сегодня» і 15 гадоў у Міністэрстве замежных спраў, апошняя пасада — Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі.

    Аўтар стараецца нетрывіяльна глядзець на спробы беларускага рэжыму праводзіць знешнюю палітыку ва ўмовах заходніх санкцый і ізаляцыі.

    «Пульс Ленина-19» прапануе штотыднёвую рассылку. Асноўная мова – руская.

    Віталь Цыганкоў

    Тэлеграм-канал Віталя Цыганкова мае 683 падпісчыкі.

    Віталь Цыганкоў, фота з сайта Еўрарадыё

    Пра сябе аўтар піша так: публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы «Двубой» на «Белсаце», паралельна часта выступае ў ролі каментатара.

    Віталь Цыганкоў нарадзіўся ў 1969 годзе. У канцы 1991 года сумесна з Алесем Ліпаем (памёр 23 жніўня 2018 года) заснаваў «БелаПАН» (першае недзяржаўнае агенцтва навін у Беларусі), дзе працаваў намеснікам дырэктара на працягу года. Пасля Віталь перайшоў на працу ў газету «Звязда». А ўжо з 1994 года пачаў паралельна супрацоўнічаць з беларускай службай «Радыё Свабода». У тым жа годзе стаў першым у Беларусі карэспандэнтам Asso­ci­at­ed Press.

    У 1995 годзе перайшоў са «Звязды» ў газету «Свабода» (галоўным рэдактарам якой быў Ігар Гермянчук), дзе працаваў да 1997 года.

    Віталь Цыганкоў жанаты з дачкой першага беларускага міністра па надзвычайных сітуацыях Вольгай Астапавай (у дзявоцтве).

    У тэлеграм-канале аўтар пераважна перадрукоўвае ўласныя тэксты і відэа. Асноўная мова канала – беларуская.

    Былы кандыдат у прэзідэнты, адвакат Алесь Міхалевіч лічыць Віталя Цыганкова «адным з найлепшых журналістаў і лідэраў думак». 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці