• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што рабіць, калі ў Беларусі «запаволяць» YouTube? Такое ўжо задумалі ў Расеі

    У Расеі даўно вядзецца пра тое, каб зрабіць доступ да YouTube павольным і нязручным, а то і цалкам заблакаваць гэты відэасэрвіс. Часам у такіх прапановах згадваюць і Беларусь. «Белсат» расказвае, як падрыхтавацца да «запаволення»: ёсць некалькі шляхоў доступу да YouTube з абыходам перашкодаў.

    Што рабіць, калі ў Беларусі «запаволяць» YouTube

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

    Чаму мы пра гэта пішам

    Чуткі і разважанні пра блакаванне або істотнае запаволенне працы YouTube у Расеі пачалі масава з’яўляцца пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У Расеі ўжо блакуюць Face­book і Insta­gram, спрабавалі нават блакаваць Telegram.

    12 ліпеня ў Расеі адбыліся «тэхнічныя праблемы» ў працы YouTube – гэта можа быць рэпетыцыяй блакавання ці запаволення працы сэрвісу.

    25 ліпеня дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Аляксандр Хінштэйн заявіў, што ўжо да канца тыдня «хуткасць сэрвісу YouTube на стацыянарных камп’ютарах можа зменшыцца да 40 %», а да канца наступнага тыдня – на 70 %, і гэта «вымушаны крок супраць адміністрацыі замежнага рэсурсу». Праўда, ужо 26 ліпеня дэпутат напісаў, што яго «няправільна зразумелі» і што запаволенне ўжо адбылося, але гэта YouTube сам вінаваты, бо адключыў частку расейскіх сервераў і не абслугоўвае рэшту.

    Беларусь гэта можа таксама закрануць.

    11 ліпеня прапагандыст «Rus­sia Today» Канстанцін Прыдыбайла прапанаваў «запаволіць» YouTube, бо калі ён прыехаў у Віцебск, YouTube прапанаваў яму паглядзець відэа папулярных беларусаў: Аляксандра ІвулінаМікіту МелказёраваАрцёма Шрайбмана… Тэмы іхных відэа прапагандысту не спадабаліся.

    31 снежня 2023 года ў Беларусі ўжо блакавалі YouTube на кароткі час – калі абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская чытала навагодні зварот. Не кажучы ўжо пра тое, што ў першыя дні пасля выбараў-2020 у Беларусі блакавалі практычна ўсе замежныя сайты і інтэрнэт-сэрвісы.

    Акрамя таго, па Беларусі можа проста «зрыкашэціць» расейскае блакаванне. Тое,  як менавіта ў Расеі будуць  «запавольваць» YouTube, можа паўплываць на сэрвіс і ў Беларусі, бо праз нашую краіну ідзе значная частка відэатрафіку з Еўропы ў Расею.

    Варыянт 0. Глядзець «запаволены» YouTube

    Калі YouTube не заблакуюць цалкам, а толькі знізяць хуткасць работы, можна пераключыцца на ніжэйшую якасць відэа: знайсці кнопку з шасцярнёй (справа знізу на сайце або справа зверху ў мабільнай праграме), націснуць на яе, выбраць пункт «Якасць» і выбраць «нізкую» (калі выбар між «нізкай» і «высокай») або нейкую з невялікім лічбавым значэннем (калі выбар з лічбаў).

    Значэнні 360p, 720p, 1080p і гэтак далей – гэта колькасць пунктаў па вертыкалі ў выяве. Чым менш пунктаў, тым хутчэй відэа спампоўваецца і тым менш «тармазіць» пры кепскай сувязі. 720 пунктаў – гэта завецца HD, 1080 – гэта Full­HD. Найлепшае аналагавае (старое, што было да лічбавага) тэлебачанне мела 576 пунктаў у вышыню. А YouTube пачынаўся ўсяго з 240p (вось самае першае відэа) – і нічога, глядзелі!

    Выбар якасці выявы на YouTube: справа знізу кнопка ў форме шасцярні – налады, параметр «якасць» – 240p. Скрыншот: jawed / Youtube

    Варыянт 1. Шукаць, дзе YouTube не запаволілі

    У першым пасце пра «запаволенне» расейскі дэпутат заяўляў, што зніжэнне хуткасці будзе датычыць толькі «дэсктопных версіяў», а «мабільную сувязь яно пакуль не закране». Што менавіта ён меў на ўвазе, невядома. Калі верыць ягонаму другому пасту ў частцы «гэта не мы, гэта YouTube», то вынікае, што зніжэнне хуткасці мусіць датычыць і мабільных версіяў відэасэрвісу. Але калі верыць першаму, магчымыя розныя трактоўкі.

    Можа, запаволіць хочуць толькі відэа праз сайт YouTube.com, але не праз яго мабільную версію M.YouTube.com. Можа, толькі відэа праз усе сайты, але не праз мабільныя праграмы. Можа, толькі відэа праз «хатніх» правайдараў, але не праз мабільных аператараў. Што б гэта ні значыла, магчыма, неўзабаве адносна «запаволення» знойдуцца пралазы.

    Варыянт 2. Глядзець YouTube праз VPN

    Калі YouTube «запаволяць» на ўсіх зручных шляхах прагляду, можа стацца, што ён будзе працаваць хутчэй праз VPN. Некаторыя VPN-сэрвісы пакажуць YouTube на вельмі нізкіх хуткасцях запампоўкі, але некаторыя дазволяць глядзець у HD, Full­HD ці нават 2K.

    Калі на камп’ютары ці тэлефоне ўключаны VPN, то правайдар не бачыць, на які сайт заходзіць карыстальнік (ці то YouTube, ці то сайт «Белсату»). Правайдар бачыць толькі, што IP-адрас (ідэнтыфікатар прылады ў сетцы – як адрас дому, калі б жыхары дамоў перапісваліся між сабою) карыстальніка змяняецца на iншы IP-адрас, напрыклад, у Нідэрландах ці Японіі. Што карыстальнік робiць пад тым IP-адрасам, правайдар ужо не ведае.

    Праблема толькі ў тым, што ў Беларусі спрабавалі блакаваць і VPN: калі сур’ёзна возьмуцца за інтэрнэт-цэнзуру, можа быць праблематычна (але не немагчыма!) знайсці сродак абыходу блакаванняў.

    Варыянт 3. Глядзець відэа ў Telegram і сацсетках

    Магчыма, YouTube на ўсіх кірунках запаволяць, а VPN заблакуюць, але пакінуць дасяжнымі Face­book, Insta­gram, Telegram, Tik­Tok або X. Тады трэба будзе шукаць любімыя каналы на іншых крыніцах. Хутчэй за ўсё, аўтары гэтых каналаў ужо цяпер дзесьці дублююць свае відэа або публікуюць іх версіі ў фармаце тыктокаў. Можа, яны нават пачнуць публікаваць свае відэа на расейскіх OK і VK (калі пройдуць расейскую цэнзуру).

    Так, калі раптам YouTube зробіцца цалкам недасяжны ў Беларусі, вы ўсё роўна будзеце мець магчымасць глядзець «Белсат» у той ці іншай форме на Face­book, Insta­gram, Telegram, Tik­Tok або X, не кажучы ўжо пра спадарожнік і адмысловыя праграмы прагляду эфіру «Белсату» для Android і iOS (або іншыя праграмы чытання навінаў «Белсату», што таксама ёсць на Android і iOS).

    Бонус. Што паглядзець, пакуль YouTube не «запаволілі»

    «Белсат», канешне! У нас ёсць асноўны канал «Белсат News», расейскамоўны «Вот Так», канал «лёгкага» кантэнту «Белсат Life» і яшчэ дзясятак тэматычных каналаў.

    Але «Белсат», вядома, не адзіны канал беларускага сегменту YouTube. Два гады таму мы рабілі вялікі агляд беларускіх каналаў – знайшлося столькі цікавага, што за цэлае жыццё не пераглядзець.

    І з часу публікацыі таго агляду цікавых беларускіх каналаў толькі больш. Затое з’явіўся зручны каталог беларускіх каналаў – Brama.online. І працягвае дзеяць Telegram-канал «YouTube Беларусi», што робіць урыўкі цікавых момантаў з відэа беларускіх YouTube-каналаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці