Кіраўніцтва «Белсату» адказала на абвінавачванні ва злоўжыванні
Паводле звестак польскага радыё «Zet», ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжыванні былой дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы. Дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэта.
Як даведалася радыё «Zet», заява ліквідатара TVP датычыць фінансавых парушэнняў, невыканання абавязкаў і злоўжывання паўнамоцтваў. Падазрэнні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, праз якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (на сёння гэта каля 1,78 млн долараў). Паводле аўдытараў, як перадае «Zet», кіраўніцтва «Белсату» замаўляла IT-паслугі без тэндару і аналізу рынку ў фірмаў, якія не мелі адпаведнага досведу і нібыта былі нават створаныя спецыяльна пад канкрэтную замову. Акрамя таго, паводле аўдытараў у пераказе «Zet», пэўныя паслугі дубляваліся.
«У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжыванні пры замове IT-паслугаў „Белсатам“, – пракаментаваў гэта выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. – Я ніколі не курыраваў тэхнічных пытанняў, але з рацыі пасадаў, якія займаў на тэлеканале, пра магчымыя парушэнні хутчэй ведаў бы, і, гэта відавочна, не было б на нешта падобнае маёй згоды. Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацвердзяць».
Таксама сітуацыю пракаментавала Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсату», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года. Яна перадала медыям заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых, паходжання якой яна не можа зразумець. Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсату».
Яна заяўляе, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», а сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце каналу, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў. Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсату» – сістэмы і сайты «Белсату» зламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсату» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.