Папаўненне ў «экстрэмісцкім спісе» Мінінфарма: чатыры відэаролікі і акаўнт «Пара/Para» ў TikTok
Міністэрства інфармацыі Беларусі 4 ліпеня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод дададзеных — відэаролікі «Радыё Свабода» і расійскай «Редакции», а таксама Tik-Tok-акаўнт беларускіх журналістаў «Пара/Para!».
Паводле Мінінфарма, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя тры відэаролікі, размешчаныя на YouTube-канале «Радыё Свабода»:
- «У беларусаў забіраюць маёмасьць» (ідэнтыфікатар youtube.com/shorts/Fb2i_38uJlE),
- «40 тысяч зваротаў у КДБ» (ідэнтыфікатар youtube.com/shorts/s‑xX4H3014s), — «Як рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў в..не — расьсьледаваньне BelPol» (ідэнтыфікатар youtube.com/shorts/YZ8k7iNSxl4).
Адпаведнае рашэнне ў дачыненні да матэрыялаў «Радыё Свабода» 2 ліпеня прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны відэаролік пад назвай «Как властитель Беларуси остается непотопляемым 30 лет» (ідэнтыфікатар youtube.com/watch?v=eMZEE66O6nc), размешчаны на YouTube-канале «Редакция» расійскага журналіста Аляксея Піваварава. У пералік забароненых для распаўсюду відэа патрапіла паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 1 ліпеня.
1 ліпеня суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Tik-Tok-акаўнт з назвай «Пара/Para!». Старонка з ідэнтыфікатарм @paratalkshow прэзентаваная ў сацсетцы як «СМІ Беларусі. Сутнасць працэсаў і сцэнары развіцця падзеяў». Яна афіляваная з аднайменным YouTube-каналам, дзе журналісты Кацярына Ткачэнка і Яўген Валошын размяшчаюць відэагутаркі пра лёс Беларусі з палітыкамі, навукоўцамі, грамадскімі актывістамі і іншымі экспертамі.