Блогер Vadimati з Гродна выйшаў на волю
Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 года, паведамляе «Вясна». Ён правёў у калоніі тры гады.
Вадзім Ермашук — Instagram-блогер і прадавец на рынку «Карона». Падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па «палітычных» працэсах, называў сябе «народным дэпутатам».
Вадзіма Ермашука затрымалі ў Шчучыне 16 жніўня 2021 года. Там ён здымаў для свайго блога ролік аб мясцовым скейт-парку. Ён адбыў тры адміністрацыйныя арышты, а потым яму выставілі абвінавачанне. У гэты час сілавікі займаліся дыскрэдытацыяй мужчыны, для падтрымкі якога ў суд Шчучына прыязджалі дзясяткі людзей.
Ермашука асудзілі на тры гады калоніі ў снежні 2021 года. Справу за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт.370 КК) і абразу прэзідэнта Беларусі (арт. 368 КК) разглядалі ў Шчучынскім раённым судзе.
Ён адбываў пакаранне ў ПК Бабруйска.