• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларусы сталі менш глядзець тэлевізар

    Больш за палову насельніцтва Беларусі штодня глядзяць тэлевізар, і больш за чвэрць слухаюць радыё. Але гэтыя паказчыкі змяншаюцца. Thinktanks.by прааналізаваў статыстыку за вясну 2024 года.

    Фота: Наша Ніва

    Паводле даных mediameter.by, у маі 2024 года 52,84% беларусаў глядзелі тэлевізар кожны дзень. У параўнанні з папярэднімі месяцамі паказчык прыкметна ўпаў. У красавіку 2024 года сярэднесутачны ахоп аўдыторыі склаў 56,36%, у сакавіку — 58,33%.

    Па слухачах радыё няма статыстыкі за травень 2024 года. У красавіку ж сярэднесутачны ахоп радыёслухання склаў 27,2%, у сакавіку — 26,8%.

    Аўдыторыя тэлебачання

    У сярэднім вясной 2024 года кожны дзень тэлевізар глядзелі 55,8% беларусаў, вясной жа 2023 года тэлегледачоў налічвалася 57,67%.

    У траўні 2024 года ў параўнанні з мінулым месяцам скараціўся сярэднесутачны час прагляду ТБ сярод насельніцтва — мінус 11,56%. Калі ў красавіку ў дзень тэлевізар у сярэднім глядзелі 199 хвілін, то ў траўні — 176 хвілін.

    Максімальны аб’ём аўдыторыі ў траўні быў зафіксаваны і ў будні, і ў выхадныя — з 18:30 па 23:00.

    У траўні бягучага года сярод тэлегледачоў доля жанчын была вышэйшая, чым доля мужчын — 62,8% супраць 37,2% адпаведна.

    Таксама ў траўні скарацілася колькасць тэлегледачоў ва ўзроставых групах 55–64 і 65+ гадоў, а колькасць гледачоў у групах 4–17, 18–34 і 35–54 гадоў павялічылася.

    Аўдыторыя радыё

    У красавіку 2024 года штодня слухалі радыё 728 тысяч беларусаў. Пры гэтым часцей яго слухалі ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, радзей — у Мінскай.

    У красавіку сярэдні час слухання радыё склаў: 62 хвіліны ў дзень сярод усяго насельніцтва, 228 хвілін у дзень сярод слухачоў.

    У адрозненне ад тэлевізара, слуханню радыё аддаюць перавагу мужчыны. У красавіку бягучага года палавая структура выглядала наступным чынам: 53% мужчын і 47% жанчын.

    34% радыёслухачоў — гэта людзі ва ўзросце 35–44 гадоў.

    Перавагі беларускіх тэлегледачоў і радыёслухачоў

    У маі 2024 года самым папулярным жанрам на тэлебачанні сталі кінапраграмы, іх прагляду аддаюць перавагу 48% апытаных беларусаў. На другім месцы забаўляльныя праграмы з 17% аўдыторыі.

    Самымі папулярнымі каналамі сярод насельніцтва Беларусі сталі: Расія-Беларусь, АНТ, НТВ-Беларусь.

    Радыё беларусы слухаюць у асноўным на працы — 44%, ці ў машыне — 36%. Самымі папулярнымі радыёстанцыямі сталі: РадыёРОКС (шансон), Радыё Юністар (поп), Новае Радыё (поп).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці