КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» медыяпраекты Media IQ і «Обычное утро»
У пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 25 чэрвеня былі ўключаныя праект «Media IQ» (сайт разам з афіляванымі сацсеткамі і месенджарамі) і ініцыятыва «Обычное утро», якая пазіцыянуе сябе як «шоў для беларусаў».
Паводле абвесткі на сайце ведамства, абодва рашэнні «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне ягонай дзейнасці» былі прынятыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 18 чэрвеня 2024 года і ў гэты ж дзень займелі законную сілу.
У якасці групы грамадзян, якія здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» у складзе «Media IQ», згаданыя: Надзея Белахвосцік, Аляксей Худанаў, Дар’я Глухава, Павел Быкоўскі, Алена Верашчагіна, Антон Сайфулаеў, Паліна Піткевіч, Алла Шарко і Віктар Малішэўскі.
У рашэнні КДБ фігуруюць назвы інтэрнэт-рэсурсаў, якія маюць дачыненне да праекта:
- сайт mediaiq.info,
- Facebook-акаўнт (facebook.com/mediaIQBelarus),
- старонка ў Instagram (instagram.com/mediaiq_official),
- TikTok-акаўнт (tiktok.com@mediaiq_belarus),
- старонка на інфармацыйным форуме Linktree (linktr.ee/mediaiq_official),
- YouTube-канал (youtube.com/@mediaiqbelarus),
- старонка t.me/medialQBelarus,
- Telegram-бот t.me/@MediaIQBelarus_bot
Гэтыя рэсурсы 14 чэрвеня Міністэрства інфармацыі РБ унесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Facebook-акаўнт трапіў ў гэты спіс двойчы. Прычым некаторыя з гэтых, згаданых Мінінфармам і КДБ інтэрнэт-рэсурсаў, ужо не існуюць.
Да «экстрэмісцкай дзейнасці» ініцыятывы «Обычное утро», паводле КДБ, маюць дачыненне Канстанцін Місуна і Людміла Лабунская.
У рашэнні Камітэта дзяржбяспекі згадваюцца старонкі:
- «Обычное утро» у TikTok (tiktok.com@usual_morning),
- Instagram (instagram.com/usual_morningg),
- Telegram (t.me/usual_morning),
- YouTube-канал (youtube.com/@utro).
Сёлета ў траўні гэтыя інтэрнэт-рэсурсы таксама былі ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ад Мінінфарма.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.