• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Да мяне дагэтуль падыходзяць людзі, дзякуюць за працу на “Белсаце”». Аліна Коўшык — пра беларускую ідэнтычнасць і шлях з журналістыкі ў палітыку

    Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык здзівілася, калі першы раз пачула прапанову заняць гэтую пасаду. Хоць багата чаго ў яе жыцці нібыта наўмысна да такой ролі вяло.

    Аліна Коўшык пра шлях з журналістыкі ў палітыку

    Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні. Фота з face­book Аліны Коўшык

    BGme­dia даведаўся гісторыю нацыянальнай ідэнтычнасці спадарыні Коўшык, а таксама тое, як яна прыйшла з журналістыкі і тэлебачання ў палітыку, як пазнаёмілася са Святланай Ціханоўскай, і хто першы прыдумаў пасаду прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў АПК.

    — Які прыблізна адсотак займае беларуская мова сярод іншых моў у вашай штодзённай камунікацыі?

    — У маім жыцці сапраўды шмат моў: чатыры асноўныя і дзве, якімі часам карыстаюся. Беларуская мова займае, я думаю, 60–70 адсоткаў. Большасць маёй камунікацыі ідзе па-беларуску. Часткова па-ангельску, па-польску, досыць рэдка па-расейску. І часам па-ўкраінску. Украінскай мовай я не карыстаюся сама, але часам чытаю або, калі калегі размаўляюць, разумею. Яшчэ ведаю чэскую мову. 

    — У вас у дзяцінстве прысутнічала беларуская мова? Як яна з’явілася ў жыцці: давялося вывучаць як новую ці была ўжо знаёмая?

    — Я нарадзілася ў расейскамоўнай сям’і. Больш за тое, мой тата быў вайсковым, афіцэрам савецкай арміі. Мы вельмі шмат падарожнічалі. Я нарадзілася ў Гародні, потым мы вельмі хутка пераехалі ў Берасце, потым з Берасця пераехалі ў Нямеччыну, з Нямеччыны — у Кыргызстан. Таму мая ідэнтычнасць фармавалася пад уплывам іншых краін і іншых моў. Мабыць, таму яна такая моцная.

    Пытанне, кім я ёсць, якая ёсць мая мова, для мяне было вельмі істотным ужо з дзяцінства. У маёй мамы было шмат сябровак-украінак. Дарэчы, у мяне таксама па жыцці. Мне мама расказвала (першы раз я не магла ў гэта паверыць), што калі мне было гады чатыры, я запытвала: «Мама, мы жывем у Нямеччыне, і гэта немцы. Яны размаўляюць на якой мове?» — «На нямецкай». — «А цёця Валя на якой размаўляе?» — «На ўкраінскай». — «Чаму?» — «Таму што ўкраінка». — «А мы хто?» — «Беларусы». — «А на якой мове мы размаўляем?» Тут у мамы з’явілася праблема, як патлумачыць, чаму мы — беларусы, а размаўляем не на беларускай мове. 

    Але я прасіла маму спяваць мне калыханкі па-беларуску. Калі мы прыязджалі да бабулі ў Гародню на лета, то мама купляла кніжкі на беларускай мове. Так беларуская мова з’явілася ў маім жыцці.

    Фота з face­book Аліны Коўшык

    Хаця вучыць яе я пачала досыць позна. Мы вярнуліся ў Беларусь, калі я была ў пятым класе. То бок, я нават не ведала правілаў, нічога. Я гэтую гісторыю ўжо ў медыях расказвала: у нас была дыктоўка, і я страшна ганарылася, што я яе напісала толькі з адной памылкай у слове «шчасце». Напісала з літарай «щ». Проста не ведала, што ў беларускай мове няма літары «щ».

    Беларуская мова давалася мне вельмі лёгка. Увогуле такое ўражанне, што яна ў мяне на нейкім падсвядомым узроўні. Проста адраджалася. Ніколі не было праблемай ёй карыстацца, чытаць ці размаўляць. 

    Ужо ў больш свядомым узросце я вучылася ў найлепшай школе ў Гародні — у гімназіі №30 у гістарычна-культурніцкім класе. Гісторыя мяне заўсёды цікавіла. Яшчэ раней цягала кніжкі Арлова на ўрокі гісторыі.  

    У нас былі цудоўныя настаўнікі. Быў прадмет «Традыцыйная культура Беларусі». Быў музей Яўхіма Карскага, дзе мы праводзілі экскурсіі. Ездзілі ў розныя вандроўкі па Беларусі.  

    З большага я карысталася расейскай мовай, але ў некаторым асяроддзі былі сябры, з якімі мы размаўлялі па-беларуску. Я паступіла ў Гарадзенскі ўніверсітэт на гістарычны факультэт (спецыялізацыя — гісторыя і ангельская мова. — Рэд.). Там было двухмоўе: мы карысталіся расейскай і беларускай. Таксама была сяброўкай краязнаўчай арганізацыі «Дзедзіч», дзе мы даследавалі Гарадзеншчыну, ушаноўвалі месцы памяці розных беларускіх герояў.  

    Цалкам беларускамоўнай я стала пасля таго, як нарадзіўся мой сын. Тады я проста падумала, што дзіця мае чуць беларускую мову, і што я б хацела, каб ягонай матчынай мовай, менавіта матчынай, была беларуская.

    Гэта арганічна адбылося, і зараз я большасць часу размаўляю па-беларуску. 

    — Раскажыце пра вашу дзейнасць, звязаную з беларускай мовай, яшчэ да таго, як здарыўся 2020 год.

    — Я працавала амаль 17 гадоў на «Белсаце». Я прыйшла туды менавіта таму, што гэта было беларускамоўнае тэлебачанне, дзе я магла рэалізоўваць сябе як журналістка, вядучая, прадзюсарка. Мне было важна працаваць з беларускай мовай, з беларускай тэмай. Напрыклад, польская журналістыка была мне нецікавая. 

    Гэта было стварэнне беларускамоўнай прасторы, дзе мы шмат рэчаў рабілі нанова, стваралі, ажыўлялі мову. Калі мы пачыналі, шмат якой лексікі не было. Трэба адзначыць велізарную ролю, якую адыгрывала і адыгрывае моўная служба «Белсата». Яны зрабілі, скажу шчыра, неверагодныя рэчы. Службай кіраваў напачатку светлай памяці Зміцер Саўка, якога ўжо з намі няма, але яго справу працягваюць. Адна з нашых каляжанак знаходзіцца ў турме за супрацу з «Белсатам». Яна ніколі не была журналісткай, яна проста вычытвала беларускія тэксты.

    Так што «Белсат» — гэта вялікая частка ідэнтычнасці. «Белсат» зрабіў вельмі шмат для пашырэння беларускай мовы сярод беларусаў. Да мяне дагэтуль падыходзяць людзі, дзякуюць за працу на «Белсаце». 

    Я спадзяюся, што «Белсат» і далей будзе выконваць гэтую місію.  

    — Былі нейкія яскравыя моманты, звязаныя са стварэннем мовы, а не толькі папулярызацыяй? Я памятаю, як на працягу гадоў 10 яшчэ да 2020-га ішлі спрэчкі накшталт: ці адэкватнае для беларускай мовы слова «прышпільна». 

    — Канешне, у нас было шмат забаўных рэчаў. Я не адчуваю сябе эксперткай у беларускай мове і часта кажу, што мая беларуская мова інтуітыўная. Я не надта замарочваюся пра тое, ці я карыстаюся наркамаўкай, ці тарашкевіцай. Яны перамяшаныя. Але я карыстаюся той мовай, якая мне зручная. Мы яе называем «белсатаўка». Таксама мы казалі, што гэта «савушкін прадукт», таму што Зміцер Саўка яе стварыў. 

    У нас быў падручнік для журналістаў, які я, да свайго сораму, так і не прачытала. Плюс на «Белсаце» быў створаны і працуе сервіс, які называецца «Добрапіс», якім я карыстаюся штодня для праверкі сваіх беларускіх тэкстаў. Калі ствараеш вельмі шмат тэкстаў, часам трэба іх хутка праверыць. Там ёсць канвертар лацінкі, можна правяраць уласныя імёны, правапіс афіцыйны і класічны. 

    Фота з face­book Аліны Коўшык

    У нас заўсёды было шмат спрэчак наконт таго, як называць замежных палітыкаў. Найбольш эмоцый заўсёды выклікала, калі моўная служба правярала нашы тэксты і дасылала штосьці. Самым яскравым прыкладам быў Оўбама. Паводле нашай моўнай палітыкі мы перакладалі прозвішчы і імёны з арыгінальных моваў, не праз расейскую. Для нас было вельмі важна пазбавіцца абрасейшчвання беларускай мовы, не глядзець на іншыя мовы праз прызму расейскай. 

    Зміцер настойваў, што мусіць быць Оўбама. Гэта было цяжка прыняць, але потым неяк мы звыкліся з гэтым. 

    — Калі коратка, чым для вас быў 2020 год?

    — 2020 год хіба перавярнуў усё маё жыццё. Я была вельмі скептычная напярэдадні выбараў. Я думала: ну, чарговыя выбары, зараз усё пройдзе, паедзем на вакацыі, будзе лета. Я тады перастала працаваць у навінах і працавала ў розных праектах: кулінарнае шоў, «Прасвет» (то бок пра міжнародную палітыку). 

    У ліпені я была ў Беларусі і адчула, што адбываюцца рэчы, якіх раней не было. Калі я вярнулася ў Варшаву, то пазваніла ў рэдакцыю навінаў і сказала: «Я да вас вяртаюся, я хачу вам дапамагаць, таму што пачынаюцца важныя падзеі, і я разумею, што дасведчаныя журналісты патрэбныя». 

    Пачаліся вельмі гарачыя дні. Мне страшэнна хацелася паехаць у Беларусь і паўдзельнічаць асабіста. Але я разумела, што найлепшае, што я магу зрабіць, — гэта са студыі ў Варшаве расказваць беларусам і свету пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Я разумела, што не магу дазволіць, каб мяне затрымалі, таму што гэта б таксама аслабіла моцна рэдакцыю.

    У нас эфіры былі шасцігадзінныя, або тры гадзіны эфір, калі ты нават у прыбіральню не можаш пайсці, потым тры гадзіны перапынак (іншыя калегі ўваходзілі ў студыю), потым тры гадзіны чарговы эфір. Гэта быў абсалютна шалёны час.

    Найбольш я памятаю першыя дні пасля выбараў, калі не было інтэрнэту, і «Белсат» быў ці не адзіным сродкам інфармацыі, таму што нас глядзелі праз спадарожнік. Людзі званілі нам у студыю, і мы правяралі спісы праваабаронцаў і казалі ў жывым эфіры, дзе можна знайсці людзей: ці ў Жодзіна, ці на Акрэсціна, ці іх няма ў спісах. Мы былі крыніцай інфармацыі для блізкіх, якія не маглі знайсці сваіх сяброў, сям’ю, дзяцей. 

    Мы працавалі сем дзён на тыдзень, соднямі жылі ў жывым эфіры. 

    — Як вы пазнаёміліся са Святланай Ціханоўскай?

    — Шчыра кажучы, нават не памятаю першую сустрэчу. Праз тое, што я шмат займалася міжнароднай палітыкай, я рабіла розныя паездкі, канферэнцыі, палітычныя падзеі. Потым трапілася так, што я часта ездзіла і асвятляла візіты спадарыні прэзідэнткі. Я была з імі, напрыклад, калі пачалася поўнамасштабная вайна. Мы дапамагалі запісваць ролік, адозву спадарыні Святланы. Плюс я добра і шмат гадоў ведаю частку каманды, якая з ёй працуе ці працавала. 

    — Ад каго зышла ідэя, каб вы былі прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета?

    — Насамрэч першы раз пра мой удзел у Кабінеце мне сказаў Павал Латушка. Я падышла да яго на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні (у жніўні 2022 года. — Рэд.) пасля стварэння Кабінета, падзякавала яму і сказала: «Спадар Павал, віншую вас, і дзякуй за вашу смеласць, што вы ўзялі на сябе гэтую адказную, але вельмі няўдзячную місію». Гэта была фактычна расстрэльная каманда, тыя людзі, якія будуць атрымліваць крытыку ад усіх.   

    Фота з face­book Аліны Коўшык

    Таксама пыталася, чаму жанчын у іх няма. Потым ён нешта такое сказаў: «Можа б вы далучыліся?» Я такая: «Вы што, я не, я ж журналістка». А потым гэтыя размовы пачаліся ўжо больш сур’ёзна. Прыйшла афіцыйная прапанова. Я пачала думаць, ці не змяніць афіліяцыю і ці не перайсці з журналістыкі ў палітыку (Аліна Коўшык прыядналася да Аб’яднанага пераходнага кабінета 16 верасня 2022 года. — Рэд.).

    Я разумею, што мая роля — узмацняць беларускую мову на палітычным узроўні, натхняць беларусаў і беларусак на тое, каб мы карысталіся мовай, каб мы вучылі нашых дзяцей мове. Для мяне вельмі важна, каб наступнае пакаленне беларусаў ведала мову. Дзеля гэтага мы павінны ствараць розныя інструменты. Трэба думаць на перспектыву. 

    Даведка BGme­dia:

    Аліна Коўшык — журналістка і палітычная дзяячка. Нарадзілася ў 1981 годзе ў Горадні. Бацька быў савецкім вайскоўцам. У дзяцінстве жыла з бацькамі ў ГДР, у Кіргізіі. Скончыла гістарычны факультэт у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Вывучала паліталогію і гісторыю ў Варшаўскім дзяржаўным універсітэце. 

    З 2007 па 2022 год працавала на тэлеканале «Белсат». Была вядоўцай праграм «Студыя Белсат», «ПраСвет» и «54%».

    Займалася арганізацыяй беларускіх культурных мерапрыемстваў у Варшаве, у тым ліку стала адной з засноўніц Цэнтра беларускай салідарнасці і «InBelKult 2.0». З’яўляецца адной з ідэйных натхняльніц мабільнай карты беларускага бізнэсу, а таксама вяла першы кулінарны блог на беларускай мове.

    З 16 верасня 2022 года з’яўляецца прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях нацыянальнага адраджэння, развіцця беларскай культуры і адукацыі. Найбольш важлівымі вынікамі сваёй працы за 2023 год лічыць стварэнне сеткі суботніх школ для дзяцей беларусаў за мяжой, стварэнне інтэрактыўнай мапы гісторыка-культурных месцаў Беларусі, распрацоўку і прэзентацыю стратэгіі і канцэпцыі нацыянальнага адраджэння і развіцця краіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці