Памёр генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстаф Дэлуар
У суботу, 8 чэрвеня 2024, ў Парыжы памёр генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстаф Дэлуар. Яму было 53 гады. Ён кіраваў арганізацыяй 12 год.
![Памёр кіраўнік «Рэпарцёраў без межаў» Крыстаф Дэлуар](https://khdbz39sm.shop/wp-content/uploads/2024/06/deluar0-1024x683.webp)
Крыстаф Дэлуар. Фота: Facebook
Прычынай яго смерці стала анкалагічнае захворванне, паведамляецца на сайце арганізацыі.
«Крыстаф Дэлуар быў нястомным абаронцам свабоды, незалежнасці і плюралізму журналістыкі на ўсіх кантынентах ва ўмовах інфармацыйнага хаосу. Журналістыка была справай яго жыцця, і ён змагаўся з непахіснай перакананасцю», — піша RSF.
Дэлуар пачынаў як палітычны журналіст і расследавальнік у штотыднёвіку Le Point, быў рэдактарам у выдавецтве «Фламарыён» і дырэктарам Цэнтра падрыхтоўкі журналістаў.
У 2012 годзе Дэлуар узначаліў арганізацыю «Рэпарцёры без межаў» — гэта міжнародны саюз журналістаў, які займаецца барацьбой з цэнзурай і за свабоду прэсы. Пад яго кіраўніцтвам RSF адкрылі аддзяленні ў Лондане, Рыа-дэ-Жанейра, Тайбэі і Дакары. Цяпер у арганізацыі 13 офісаў па ўсім свеце, а таксама прадстаўнікі і карэспандэнты ў 130 краінах. Пры ім была сфарміравана Камісія па інфармацыі і дэмакратыі, якая займаецца пытаннямі гарантый дэмакратыі ў лічбавай прасторы.
![](https://khdbz39sm.shop/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)