Суд у Брэсце прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі блогера Сяргея Пятрухіна ў сацыяльных сетках
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося чарговае абнаўленне. У пераліку забароненай інфармацыйнай прадукцыі сярод іншых з’явіліся старонкі ў сацсетках блогера Сяргея Пятрухіна і Telegram-канал «Народный репортер».
Як высветлілася, адпаведнае рашэнне прыняла суддзя Ленінскага раёна Брэста Ала Вінаградава. 30 траўня 2024 года яна пастанавіла прызнаць «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі матэрыяламі» старонкі брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна ў сацсетках Facebook і «Одноклассники». І яшчэ Telegram-канал «Народный репортер», які таксама быў звязаны з блогерскай дзейнасцю Пятрухіна.
Варта адзначыць, што згаданыя старонкі Сяргея Пятрухiна ў сацыяльных сетках і Telegram-канал «Народный репортер» не абнаўляліся амаль чатыры гады — фактычна з моманту затрымання блогера 16 чэрвеня 2020 года.
Кастрычніцкі суд Магілёва 14 красавіка 2021 года вынес Сяргею Пятрухіну і яго калегу Аляксандру Кабанаву пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тады суддзя Вольга Краўчанка прызнала блогераў вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Сяргей Пятрухін таксама быў прызнаны вінаватым у абразе суддзі Брэсцкага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (арт. 391 КК).
Блогеры цалкам адбылі пакаранне і выйшлі на волю 17 снежня 2022 года. Аляксандр Кабанаў амаль адразу пакінуў Беларусь, а Сяргей Пятрухін пасля вызвалення некаторы час заставаўся на радзіме. Сёлета зімой ён таксама вырашыў з’ехаць з Беларусі, каб пазбегнуць магчымага новага затрымання.