«Чым больш смеху, тым больш слёз». Як прайшла прэм’ера спэктакля паводле кнігі Максіма Знака
У Варшаве з аншлагам прайшла прэм’ера спэктакля паводле «Зэкамэрона» Максіма Знака. Са 100 апавяданняў палітвязня «Купалаўцы» выбралі два дзясяткі самых аптымістычных, распавядае «Радыё Свабода».
Турэмны раман «Зэкамэрон» нарадзіўся за кратамі. У 2020–2021 гадах Максім Знак дасылаў у лістах сваякам кароткія тэксты зь СІЗА.
Назва «Зэкамэрон» ня проста двайны калямбур, дзе абыгрываюцца словы «зэк» і «камэра». У ёй яшчэ і двайная адсылка. Відавочная — да клясычнага твора Джавані Бакача «Дэкамэрон», зь якім турэмны раман Знака яднае гумар, іронія, самаіронія, сарказм. Менш відавочная — да кнігі Вернана Крэса «Зэкамэрон ХХ стагодзьдзя», напісанай у 1969–1971 гадах на Калыме (яна дайшла да чытача толькі на пачатку 1990‑х).
Вершы Андрэя Кузьнечыка
Праца над спэктаклем пачалася сёлета ў сакавіку. Ідэя прыйшла да купалаўца Алега Гарбуза падчас чытаньня кнігі. Ёй ён падзяліўся з калегам Сяргеем Чубам. Не хапала трэцяга — музыкі (бо Максім Знак яшчэ паэт і бард). Вырашылі запрасіць лідэра гурту «J:MORS» Уладзімера Пугача. Ён напісаў для спэктакля 8 песень. Так атрымаўся «турэмны кватэрнік».
«Я вырашыў не абмяжоўвацца вершамі толькі Максіма Знака, пачаў шукаць творы іншых палітвязьняў, — распавядае Ўладзімер Пугач. — Вельмі кранулі пранізьлівыя вершы Андрэя Кузьнечыка, асабліва „Аканіцы заміраточылі“. У Андрэя там такі шчымлівы рэфрэн: „незакончанае трываньне“:
Аканіцы заміраточылі
Пад напорам прыліву раньня,
Кожнай кропляй грыміць праточанай
Незакончанае трываньне…»
Вызначыліся з жанрам — «турэмны кватэрнік». Спачатку рэпэтавалі самі, утрох — купалаўцы Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і музыка Ўладзімер Пугач. Потым усё ж вырашылі запрасіць прафэсійнага рэжысэра, паляка Войцеха Урбаньскага.
«Акторы гралі проста фантастычна!»
На імправізаванай сцэне — двух’ярусныя нары з «ватай» (на турэмным жаргоне гэта азначае матрац), крываногі столік, на ім «кругалі» (алюмініевыя конаўкі), побач зэдлікі. Каля нараў «кешары» (торбы з рэчамі арыштантаў).
Першы расповед — як у камэру трапляе новенькі. Пачынае «адвечную песьню» ўсіх вязьняў, як яго несправядліва засудзілі. Але ён зьбіраецца аспрэчваць прысуд — падаваць у міжнародны суд. Сукамэрнікі іранізуюць, што краіна ні з кім не падпісала пагадненьняў. Але ўсё ж пытаюцца, у які суд канкрэтна. Нават прапануюць варыянты: «Гаага. Не, не пракоціць. Страсбур. Таксама наўрад ці». Хлопец лезе ў кешар, знаходзіць аркуш з абвінавачваньнем, дзе паміж радкамі размашыстым і каравым почыркам напісана «Суд Лінча».
Яшчэ адна гісторыя пра тое, як перад Новым годам сукамэрнікі разважалі, «ці дазволяць ім ня класьціся спаць, альбо перанясуць пад’ём з шостай на дзявятую, а можа, на вечаровую праверку прыйдуць Дзед Мароз са Сьнягуркай?» А потым вырашылі напісаць ліст «начальніку эльфійскага аддзелу». А што папрасіць?
Гучалі розныя варыянты: каб дазволілі выпіць, каб зь дзяўчатамі на прагулку вывелі, каб пад Новы год звадзілі лішні раз памыцца. У выніку папрасілі… новы венік і яршок для ўнітаза.
Кранальна і сьмешна апавядалі зэкі пра турэцкія сэрыялы, пра турэмную жыўнасьць — гаспадара-павука, прусакоў і мышэй, пра атаварку ў турэмнай краме, прагулкі ў залеву. Здавалася, самі сядзельцы забываліся, дзе яны знаходзяцца, настолькі цёплая і ўтульная атмасфэра пануе.
І толькі голас вертухая-прадольнага — купалаўца Ігара Сігова на чысьцюткай расейскай мове — вяртае іх у суровую рэчаіснасьць.
А пасьля расповеду пра «пігмаліёна» Машу — сьнежную бабу, якую вязьні зьляпілі ў турэмным дворыку, гледачы ўпотай выціралі сьлёзы. У беласьнежнай прыгажуні Машы былі вочкі, носік, вушкі, ручкі і нават невялікія рожкі. І галоўнае — радасная чырвоная ўсьмешка з «цэглавай мазаікі» (аскепкі чырвонай цэглы знайшлі пад сьнегам). І такое ж вялікае і выпуклае чырвонае сэрца. Маша павінна была сустракаць і тых, хто прыйдзе на прагулку ў турэмны дворык пасьля іх. Аднак канвойны бязьлітасным ударам у жывот разбурыў тую сьнежную прыгажуню Машу…
Кожная мініятура прасякнутая гумарам, але не такім, які прымушае чытача ці гледача рагатаць, а тонкім, іранічным, які дапамагае выжываць у нечалавечых умовах.
Пасьля спэктаклю многія гледачы плакалі. І доўга не адпускалі актораў са сцэны.
«Ведаеце, я чытала раней кнігу. Яна цікавая, кранальная, месцамі сьмешная. Але спэктакль перасягнуў мае чаканьні, атрымаўся проста супэрскі! На маю думку, нават мацнейшы за кнігу (няхай Максім Знак мне даруе). Акторы гралі проста фантастычна! Яны так натуральна ўжыліся ў вобразы, што ім верыш, спачуваеш. Ну а песьні на вершы палітвязьняў пад акардэон і гітару настолькі арганічна ўпісаліся ў аповед, яны проста выклікалі сьлёзы. Я праўда некалькі разоў плакала. Брава Алегу Гарбузу, Уладзімеру Пугачу, Сяргею Чубу. Яны неймаверныя!» — прызналася дзяўчына, якая назвалася Аленай.
«Гэта была цікавая прыгода»
Рэжысэр Войцех Урбаньскі — выпускнік Варшаўскай тэатральнай акадэміі і катэдры рэжысуры Санкт-Пецярбурскай акадэміі тэатральнага мастацтва. Зь беларусамі працуе даўно. У 2013‑м ставіў п’есу драматурга Паўла Расолькі «Чырвоная птушка», быў рэжысэрам спэктакля «Ціхі шэпт зьнікаючых крокаў» па п’есе Дзьмітрыя Багаслаўскага. На пачатку 2022 году ладзіў чытку дакумэнтальнай п’есы Андрэя Курэйчыка «Галасы новай Беларусі». Цяпер вось паставіў «Зэкамэрон» Максіма Знака.
«Гэта была цікавая прыгода. Я ня ўказваю акторам, як трэба граць, бо ў мяне самога акторская адукацыя, і я за супрацу і сутворчасьць. Разам мы адбіралі тэксты для спэктаклю. Не паверыце — у нас з акторамі не было спрэчак! Густы проста супалі. Шчыра прызнаюся, я ня зь першага разу разумеў сэнс некаторых жартаў, прыколаў, чытаў Максіма Знака ў перакладах на розныя мовы, хлопцы мне тлумачылі тыя жарты.
Магчыма, дзесьці мы недаціснулі, можно было б зрабіць сьмяшней. Але чым больш сьмеху, тым больш сьлёз. Мы паказалі сёньня такі касьцяк спэктакля. А далей будзем удасканальваць і разьвіваць», — разважае рэжысэр «Зэкамэрона» Войцех Урбаньскі.