«Экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі інтэрнэт-рэсурсы «Мы не Холопы» і сацсеткі блогера Алега Жалнова
Паводле рашэння Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ад 2 траўня, у склад гэтага фарміравання ўваходзіць «група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай «Мы не Холопы»». Таксама ў Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключаныя сацыяльныя сеткі бабруйскага блогера Алега Жалнова.
У Спісе на сайце МУС пералічваюцца 16 сеткавых рэсурсаў, прычым некаторыя з іх ужо працяглы час не абнаўляюцца:
- YouTube-канал «Мы не Холопы»;
- старонка ў Instagram з назвай «Мы не Холопы Взаимопомощь и Взаимовыручка Солидарность Белорусов»;
- старонка ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» пад назвай «Мы не Холопы Беларусь Солидарность и Взаимовыручка»;
- старонкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з назвамі «Мы не Холопы Беларусь Солидарность Взаимовыручка» і «Олег Желнов»;
- старонка ў Facebook пад назвай «Мы не Холопы Беларусь Солидарность и Взаимовыручка»;
- акаўнт «Олег Желнов» у сацсетцы Х;
- Telegram-рэсурсы «МЫ НЕ ХОЛОПЫ», «Народ против невежества / Чат» 9t.me/narodprotiw_chat), «Nasch DRUG», «Олег Желнов»;
- сайт «Блог Олега Желнова»;
- акаўнт «OlegZhelnov» на платформе DonationAlerts ;
- акаўнт «Мы не Холопы СОЛИДАРНОСТЬ и ВЗАИМОВЫРУЧКА» на платформе Boosty;
- два адрасы электроннай пошты: oze@tut.by і myneholopy@gmail.com.
У пералік рэсурсаў, залічаных у «экстрэмісцкае фарміраванне» «Мы не Холопы», уключаны і лагатып «у выглядзе мастацкай выявы сціснутай у кулак рукі са стужкай бел-чырвона-белага колеру» — так ён апісаны на сайце МУС.
Блогер Алег Жалноў стаў вядомы сваімі відэасюжэтамі, у якіх фіксаваў правапарушэнні супрацоўнікаў міліцыі: з 2011 года ён выкладаў іх на сваім YouTube-канале «Мы не Холопы», і сюжэты збіралі дзясяткі тысяч праглядаў. Відэаролікі ён далучаў да зваротаў у пракуратуру і да міліцэйскага кіраўніцтва. Імпэт да выкрывальніцкай дзейнасці блогер тлумачыць не дрэнным стаўленнем да міліцыі як дзяржаўнай структуры, а тым, што не можа быць абыякавым да правапарушэнняў асобных яе прадстаўнікоў.