Брэсцкая абласная пракуратура адсправаздачылася пра барацьбу з «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»
Толькі ў першым квартале 2024 года супрацоўнікі Брэсцкай абласной пракуратуры накіравалі ў суды 119 заяў аб прызнанні інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Гэтакай працай брэсцкія пракуроры занятыя дзеля «супрацьдзеяння распаўсюду на інтэрнэт-рэсурсах інфармацыі, накіраванай на падвышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэння недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады», справаздачыцца служба інфармацыі ведамства.
Паводле паведамлення, дзякуючы намаганням пракурорскіх работнікаў прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі прадукцыя 63 Telegram-чатаў і ‑каналаў, 11 старонак у сацыяльнай сетцы Instagram, шэсць інтэрнэт-сайтаў, дзевяць акаўнтаў у сацыяльнай сетцы TikTok, шэсць акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», 15 акаўнтаў у сацыяльнай сетцы Facebook, два акаўнты ў сацыяльнай сетцы X (Twitter), а таксама пяць каналаў на відэахостынгу YouTube. Знайшлі «экстрэмізм» і ў пяці друкаваных выданнях (гаворка ідзе пра кнігі).
У якасці прыкладу інфаслужба пракуратуры Брэсцкай вобласці згадвае пра тое, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі рэсурсы незалежнага рэгіянальнага выдання «Брестская газета». Рапартуе, што адпаведныя судовыя рашэнні былі прынятая ў дачыненні да сайта BG.Media, YouTube-канала з назвай #VideoBGLive, акаўнта bg.live_365 у Instagram, супольнасці BG_LIVE ў сацсетцы «ВКонтакте» і акаўнта BG.Media ў сацсетцы Х (Twitter).
Неўзабаве варта чакаць папаўнення спісу «экстрэмістаў» на Брэстчыне. У пракуратуры адзначылі, што накіравалі ў Брэсцкую абласную экспертную камісію хадайніцтвы для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі яшчэ 12 крыніц на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. Пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашанае пытанне пра накіраванне ў суд чарговых заяў.