КДБ прызнаў сайт Znadniemna.pl «экстрэмісцкім фарміраваннем»
Адпаведнае рашэнне Камітэт дзяржбяспекі Беларусі прыняў 26 сакавіка 2024 года. Інфармацыя пра гэта з’явілася 1 красавіка ў Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
У гэтым рашэнні фігуруюць таксама прозвішчы Анджэя Пісальніка і Інны Тодрык-Пісальнік як асоб, непасрэдна звязаных з дзейнасцю «экстрэмісцкага фарміравання».
КДБ лічыць, што «група грамадзян здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць праз інтэрнэт-сайт «Znadneimna.pl portal informacyjno-publicystyczny Zwiazku Polakow na Bialorusi».
Рэдактары інфармацыйнага сайта непрызнанага беларускімі ўладамі грамадскага аб’яднання «Саюза палякаў на Беларусі» ZnadNiemna.pl журналісты Анджэй Пісальнік і Інна Тодрык-Пісальнік вымушана пакінулі Беларусь у красавіку 2021 года з прычыны пагрозы арыштам і адабрання з сям’і непаўнагадовага сына.
За некалькі дзён да вымушанага ад’езду Анджэя Пісальніка выклікалі ў пракуратуру Гродна, дзе журналісту заявілі, што яго дзейнасць шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі і ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкулах аб распальванні нацыянальнай варожасці, а таксама аб рэабілітацыі нацызму. На наступны дзень дахаты да Пісальнікаў прыйшлі сілавікі і адвезлі на допыт у Следчы камітэт у Мінску, дзе мужа і жонку дапытвалі як сведак па крымінальнай справе неафіцыйнага Саюза палякаў. Пасля допыту, які доўжыўся цэлы дзень, іх адвезлі назад у Гродна, і сям’я прыняла рашэнне выехаць з Беларусі.
30 снежня 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў сайт Znadneimna.pl экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. 4 студзеня 2022 год яго ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі. На падставе гэтага Мінінфарм заблакаваў доступ да медыя на тэрыторыі Беларусі.
Сёлета 13 лютага суд Ленінскага раёна Гродна паўторна прызнаў «экстрэмісцкім» змест інтэрнэт-рэсурса «ZNADNIEMNA.PL portal informacyjno-publicystyczny Polakow na Bialorusi». «Гэта ўжо другі раз», — пракаментаваў тады рашэнне суда рэдактар выдання Анджэй Пісальнік.