У Століне распачаўся суд над Аляксандрам Ігнацюком — блогерам і былым журналістам
Аляксандра Ігнацюка судзяць па трох крымінальных артыкулах: за вымагальніцтва, паклёп і ўдзел у масавых беспарадках. Працэс у Столінскім раённым судзе распачаўся аб 11‑й раніцы, старшынюе на ім суддзя Сяргей Насеня.
Супраць блогера высунутыя абвінавачанні паводле:
– ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзейснены асобай, якую раней ужо судзілі за паклёп ці абразу),
– ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх),
– ч. 1 арт. 208 КК (вымагальніцтва),
– ч. 2 арт. 208 КК (вымагальніцтва, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй дамоўленасці, альбо з прымяненнем гвалту, які не нясе небяспекі жыццю ці здароўю пацярпелага, альбо пад пагрозай забойства ці нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо спалучанае са знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, альбо з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў буйным памеры).
У паведамленні ад 11 сакавіка на афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сцвярджалася, што Аляксандр Ігнацюк садзейнічаў дзейнасці «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, адміністратары якога знаходзяцца за мяжой, «сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы» і «спрабаваў уладкавацца на працу ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы».
Таксама МУС заявіла, што блогер вырабляў відэаролікі з «кампраматам» на мясцовых прадпрымальнікаў і вымагаў з іх грошы, пагражаючы апублікаваць гэтыя факты ў інтэрнэце. І што нібыта ад дзейнасці блогера пацярпелі трое жыхароў Столінскага раёна.
Ніякіх падрабязнасцяў наконт паклёпу і ўдзелу або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не паведамлялася.
Відэаблогера Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова: ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна, і сябры занепакоіліся пра ягоны лёс пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь.
17 жніўня 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігнацюка палітычным вязнем.
Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.
Пасля таго, як газета спыніла сваё існаванне пад ціскам санкцый з боку Міністэрства інфармацыі, Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин», працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках сайта, а таксама ў TikTok, YouTube і Instagram.
Месяц таму, 13 лютага, суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй інтэрнэт-сайт stolin.bу (раней ён ужо быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі на тэрыторыі Беларусі), а таксама персанальную старонку рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Праз тры дні, 16 лютага, гэты ж суд паўторна надаў столінскаму сайту «экстрэмісцкі» статус.