У Беларусі збіраюцца «прымаць меры» супраць блогераў, калі яны парушаць заканадаўства аб СМІ
Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка падчас выступу на паседжанні калегіі Мінінфарма звярнуў увагу на блогераў і заявіў, што за парушэнні беларускага заканадаўства аб СМІ ім таксама пагражае адказнасць.
Паседжанне калегіі Мінінфарма, 12 сакавіка 2024 года. Фота: Максім Гучак / БелТА
«Асобна хачу сказаць аб дзейнасці блогераў. У апошні час блогеры ўсё часцей становяцца лідэрамі меркаванняў, асабліва для падлеткавай і нават дзіцячай аўдыторыі. Часта чужыя каштоўнасці і прыярытэты ўкладваюцца блогерамі ў неакрэплыя розумы. І гэты факт не можа не насцярожваць. У той жа час на блогераў, як і на ўсіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ускладзеныя абавязкі па выкананні нацыянальнага заканадаўства», — адзначыў Петрышэнка.
Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што Міністэрства інфармацыі павінна выяўляць факты парушэння заканадаўства і рэагаваць на гэта:
«Міністэрству ў рамках маніторынгу сеткі інтэрнэт у выпадку выяўлення парушэнняў уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў заканадаўства аб СМІ неабходна неадкладна прымаць адпаведныя меры рэагавання. І блогеры тут — не выключэнне», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Таксама падчас калегіі Ігар Петрышэнка заявіў, што сучасныя тэхналогіі і падыходы ў развіцці медыясферы ствараюць новыя пагрозы для нацыянальнай бяспекі. Ён паставіў чыноўнікам мэту «прадоўжыць работу па выяўленні і хуткім рэагаванні на фэйкавую і дэструктыўную інфармацыю, якая накіравана на дэстабілізацыю грамадства».