Справу рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта разгледзяць наноў у Сербіі
У Сербіі апеляцыйная інстанцыя адмяніла рашэнне Высокага суда аб экстрадыцыі рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта ў Беларусь.
Рэжысёр Андрэй Гнёт. Фота: andrewgnyot / Instagram
Сваё рашэнне Апеляцыйны суд патлумачыў тым, што не ўсе акалічнасці, на падставе якіх было вынесенае рашэнне аб экстрадыцыі, былі даследаваны. Акрамя таго, Гнёту не далі слова падчас першага працэсу. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал DW Беларусь.
Суд працягнуў тэрмін утрымання Андрэя Гнёта пад вартай яшчэ на 60 дзён. Новае слуханне адбудзецца 26 сакавіка.
Як патлумачыла DW дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, Апеляцыйны суд адмяніў рашэнні суда першай інстанцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.
«Трэба ўлічваць, што раней Камісія па файлах Інтэрпола заблакавала доступ да дадзеных Андрэя Гнёта. Таму я спадзяюся, што суд першай інстанцыі прыме рашэнне не экстрадаваць яго ў Беларусь, і Гнёта хутка адпусцяць», — адзначыла Рыхтэр. Паводле яе слоў, гэта звычайны юрыдычны працэс.
Па інфармацыі выдання «Позірк», офіс Святланы Ціханоўскай звярнуўся да паслоў краін ЕС і ЗША ў Сербіі. Адгукнулася каля васьмі дыпламатаў, якія стварылі нефармальную групу падтрымкі беларускага актывіста.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам Свабоднага аб’яднання спартсменаў SOS BY, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сербіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 года, на падставе ордэру Інтэрпола, выдадзенага на запыт Беларусі. На радзіме актывіста вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што яго пераследуюць за палітычную дзейнасць.